Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін у 2000 годзе забараніў Лукашэнку лётаць па Расеі


Самалёт Аляксандра Лукашэнкі, фота 2017

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у новай рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму»

На прыёме для замежных дыпляматаў 13 студзеня 2000 году настрой у Аляксандра Лукашэнкі быў не сьвяточны.

І нездарма.

За месяц да гэтага, 8 сьнежня 1999, Лукашэнка падпісаў з тады яшчэ прэзыдэнтам Ельцыным дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» (што Васіль Быкаў у той жа дзень у інтэрвію Радыё Свабода назваў «злачынствам стагодзьдзя»). Ельцын быў стары, нямоглы і меў мінімальны рэйтынг; Лукашэнку было 44 (сёньняшні ўзрост Севаярынца), ён езьдзіў па Расеі, як па сваім саўгасе, і ва ўсіх рэгіёнах сустракаў цёплы прыём ня толькі насельніцтва, але і ад губэрнатараў. Пазьней у гутарцы з карэспандэнткай Свабоды ўплывовы ў той час алігарх Барыс Беразоўскі прызнаецца, што Лукашэнка ўсур’ёз разглядаўся як магчымы пераемнік Ельцына.

Так, Ельцын прызначыў прэм’ерам Пуціна — але ў тым годзе ў Расеі гэта быў ужо трэці прэм’ер (пасьля Прымакова і Сьцяпашына). Здавалася, яшчэ адзін крок — і вось ён, Крэмль, вось яна, шапка Манамаха. Аднак у апошні дзень 1999-га Ельцын падаў у адстаўку, выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта РФ стаў Пуцін.

І як вынікае з матэрыялу Свабоды, першае, што зрабіў Пуцін у адносінах да Беларусі — забараніў яе кіраўніку лётаць па Расеі.

Было з чаго страціць добры настрой.

Мы ўжо забыліся, што спачатку Пуцін ня надта падзяляў энтузіязм Лукашэнкі што да беларуска-расейскай інтэграцыі, ставіў пад сумнеў яе палітычную ды эканамічную эфэктыўнасьць.

У 2000 годзе журналісты і камэнтатары Радыё Свабода ўжывалі слова «хаўрус», але яно неяк не прыжылося, вярнуліся да тэрміну «саюз» — і гэты «саюз Беларусі і Расеі» не сыходзіць са сьпісу асноўных тэмаў трэцяе дзесяцігодзьдзе.

Ну а пра тое, як мянялася ў Пуціна стаўленьне да інтэграцыі і наколькі яму ўдалося рэалізаваць намер не «дапусьцiць таго, каб з Расеi выцягвалі рэсурсы» — чытач хай мяркуе сам.

Пуцін пра інтэграцыю: Нельга, каб з Расеі выцягвалі рэсурсы

Сёньня адбылася тэлефонная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Юры Дракахруст, эфір 3 студзеня 2000.

Пад час размовы кіраўнік Беларусі выказаў упэўненасьць, што Пуцін працягне лінію на інтэграцыю Беларусі й Расеі. Бакі дамовіліся пра асабістую сустрэчу ў бліжэйшы час.

Сёньняшняя размова Лукашэнкі з Пуціным была першай пасьля адстаўкі Ельцына й прызначэньня прэм’ера Расеі на новую пасаду. А што казаў Уладзімір Пуцін пра беларуска-расейскую інтэграцыю раней, калі быў толькі кіраўніком расейскага ўраду?

Першую заяву наконт двухбаковых стасункаў Пуцiн, прызначаны прэмʼерам у жнiўнi, зрабiў 2 верасьня, напярэдадні візыту ў Менск. Ён сказаў, што Хаўрус Расеi і Беларусi ёсьць гістарычным шанцам, i было б памылкаю яго ўпусьціць.

Але старшыня расейскага ўраду дадаў, што выкарыстаць гэты шанец трэба такiм чынам, каб не зрабiць шкоду эканамiчным i палiтычным складнiкам анi Расеi, анi Беларусi. Пуцін даў зразумець, што ня лiчыць любую iнтэграцыю аўтаматычна i абавязкова карыснай для Расеi. Раней такiя думкi прадстаўнiкi афiцыйнай Масквы публiчна не выказвалi.

Варта адзначыць, што ў далейшым гэты падыход паўставаў у выступах Пуцiна неаднаразова. 8 верасьня пад час традыцыйнага першага візыту на Беларусь прэмʼер Расеi, прамовiўшы ўсе неабходныя iнтэграцыйныя словы, зрабiў выгляд, што не зразумеў празрыстага намёку Лукашэнкi, што абʼяднаньне прадугледжвае выкананьне дамовы аб роўных магчымасьцях гаспадараньня — гэта значыць, аб роўных цэнах на энэрганосьбіты.

Розьнiцу падыходаў выявілі i кароткiя заявы Лукашэнкi i Пуцiна, зробленыя ў маскоўскiм аэрапорце 8 сьнежня, у дзень падпiсаньня дамовы аб стварэньнi хаўруснае дзяржавы.

На пытаньне, як ён ацэньвае той факт, што дамова падпiсваецца ў гадавiну падпiсаньня белавескiх пагадненьняў, Лукашэнка ўзьнёсла адказаў, што гэта зьяўляецца добрым сымбалем маральнага ўзнаўленьня справядлiвасьцi. Пуцiн зьнiзiў патас госьця, суха адзначыўшы, што дамова служыць палiтычнай i эканамiчнай мэтазгоднасьцi для двух народаў.

Падобныя тэзы прагучалi i ў прамове прэмʼера Расеi 22 сьнежня, калi ён прадстаўляў дамову на зацьвярджэньне Савету Фэдэрацыi. Пуцiн адзначыў, што дамова не закранае статусу субʼектаў Фэдэрацыi, i што пытаньнi аб ўключэньнi Беларусi ў склад Расеi цi выраўноўваньня статусу Беларусi й субʼектаў Фэдэрацыi — па-за межамi дамовы.

Прэмʼер таксама падкрэсьлiў, што ўрад i прэзыдэнцкія структуры будуць весьці iнтэграцыйную працу выключна ў iнтарэсах Расеi. Адказваючы на пытаньне аднаго з сэнатараў, Пуцiн удакладнiў сваю думку, сказаўшы: «Нельга дапусцiь таго, каб працэс iнтэграцыi нанёс шкоду iнтарэсам Расеi, каб з Расеi выцягвалi рэсурсы».

Iзноў мы сустракаемся з тым жа падыходам: не любая iнтэграцыя выгадная Расеi, Расея не павiнна аплочваць iнтэграцыйныя эмоцыi реальнымi рэсурсамi.

Зразумела, у прамовах Пуцiна прысутнiчалі й стандартныя тэзы пра еднасьць, братэрства i ўсё астатняе. Але, мяркуючы па ўсiм, новы акцэнт быў пачуты ў Менску i не прынёс беларускаму кiраўнiку вялiкага задавальненьня.

17 сьнежня пад час прэсавае канфэрэнцыi на Беларускай тэлевізіi Лукашэнка раптам заявiў, што «пакуль рана казаць аб прэзыдэнцкiх амбiцыях Пуцiна». Ведаючы, што адбылося 31 сьнежня, варта адзначыць. што прагназыст з кiраўнiка Беларусi — ня самы лепшы.

Але гэта, хутчэй за ўсё, быў не прагноз, а выкід раздражненьня, спроба, так бы мовiць, загаварыць рэальную, але вельмi непрыемную пэрспэктыву. На той жа прэсавай канфэрэнцыi Лукашэнка заўважыў, што, хоць Пуцiн i прыхiльнiк iнтэграцыi, але цяжка сказаць, якую палiтыку ў дачыненьні да Беларусі будзе праводзіць прэмʼер Расеi ў выпадку абраньня яго прэзыдэнтам.

Лукашэнка таксама назваў Пуцiна «абсалютна прагматычным кiраўнiком». Нагадаем, што пра iншых расейскiх палiтыкаў кiраўнiк Беларусi выказваўся куды больш шчыра: Лужкоў у яго быў «сябрам», Прымакоў — «настаўнiкам».

Падаецца, што час, калi Лукашэнка мог эксплюатаваць iнтэграцыйныя сантымэнты, застаўся ў ХХ стагодзьдзi. Новы кiраўнiк Расеi мае намер «зьбiраць расейскiя землi» ня менш, чым Ельцын, але ня мае сантымэнтаў папярэднiка.

Да дыпляматаў — зь целаахоўнікамі

Учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі на дыпляматычным прыёме з нагоды навагодніх і калядных сьвятаў выклікаў сярод замежных дыпляматаў прыкметны розгалас.

Уладзімер Глод, эфір 14 студзеня 2000.

Сёньня я меў магчымасьць паразмаўляць з двума высокапастаўленымі замежнымі дыпляматамі, якія прысутнічалі на ўчорашнім прыёме. І адзін, і другі акцэнтавалі ўвагу на вонкавым абліччы беларускага лідэра. Паводле маіх суразмоўцаў, Лукашэнка выглядаў вельмі стомлёным і нэрвовым. Было бачна, што ён у дрэнным настроі, што адчувае сябе кепска. Гэта ж адзначылі й шмат хто зь іншых удзельнікаў прыёму.

Адзін з дыпляматаў, што працуе ў Менску, спасылаючыся на калегу зь ягонай жа краіны, які жыве ў Маскве, паведаміў інфармацыю, якая гэтымі днямі актыўна абмяркоўваецца ў расейскіх палітычных колах.

Кажуць, што Ўладзімер Пуцін быццам бы забараніў Лукашэнку паездкі ў расейскія рэгіёны. Калі Лукашэнка прыяжджае ў расейскую губэрню ў рангу прэзыдэнта фармальна незалежнае краіны, то ён тым самым уздымае мясцовага губэрнатара да свайго ўзроўню, што, як лічыць Уладзімер Пуцін, не садзейнічае цэнтралізацыі ўлады ў Расеі. Паводле майго суразмоўцы, пакуль невядома, калі загад Крамля ўвойдзе ў моц — адразу або пасьля абраньня Пуціна прэзыдэнтам.

Зьвярнулі замежныя дыпляматы ўвагу і яшчэ на адную акалічнасьць. Лукашэнка выйшаў да іх на прыём у суправаджэньні... аховы! Зьяўленьне аховы ў такой спэцыфічнай аўдыторыі, на іхную думку, выглядае даволі дзіўна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG