Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць Беларусі ад «гібрыднай інтэграцыі»


Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Можна меркаваць, што Масква ў блізкай пэрспэктыве паспрабуе рэалізаваць сцэнар «гібрыднай інтэграцыі», павялічыць расейскі ўплыў на Беларусь, выкарыстоўваючы новыя мэтады і магчымасьці.

Сьцісла:

  • У праекту інтэграцыі зь Беларусьсю цяпер будуць іншыя функцыі.
  • Магчыма, новая стратэгія Масквы будзе такая: «эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на беларускую маёмасьць, актыўнае пранікненьне ў Беларусь расейскага капіталу».
  • У Беларусі можа зьявіцца «гібрыдная апазыцыя», то бок прарасейскія партыі ці грамадзкія арганізацыі зь вялікімі грашыма.
  • У межах дзейнага палітычнага рэжыму супрацьстаяць такой «гібрыднай інтэграцыі» маларэальна. Бо Лукашэнка ў сваёй палітыцы кіруецца ня столькі задачай мацаваньня беларускай дзяржаўнасьці, колькі мэтай захаваньня і мацаваньня асабістай улады.

Плянаваныя зьмены ў расейскай Канстытуцыі сьведчаць пра тое, што пытаньне транзыту ўлады там будзе вырашацца без задзейнічаньня Беларусі. Але ці азначае гэта, што цяпер Масква адчэпіцца ад свайго саюзьніка і закрые тэму інтэграцыі? Думаю, не. Проста ў гэтага праекту цяпер будуць іншыя функцыі.

Можна меркаваць, што Масква паспрабуе рэалізаваць сцэнар «гібрыднай інтэграцыі». То бок рознымі спосабамі павялічыць расейскі ўплыў на Беларусь, падвысіць залежнасьць краіны ад РФ пры фармальным захаваньні беларускага сувэрэнітэту. Пры гэтым выкарыстоўваючы новыя мэтады і магчымасьці — з улікам сучасных геапалітычных, тэхналягічных і інфармацыйных мэханізмаў.

Найперш гэта будзе тычыцца эканомікі. Доўгі час беларуска-расейскія адносіны разьвіваліся паводле схемы «танныя газ і нафта ў абмен на пацалункі». Зь сьнежня 2018 году, з моманту вядомага «ўльтыматуму Мядзьведзева», па студзень 2020 году Расея рэалізоўвала адносна Беларусі схему «эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на незалежнасьць».

А цяпер, можна выказаць здагадку, стратэгія Масквы будзе такая: «эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на беларускую маёмасьць, актыўнае пранікненьне ў Беларусь расейскага капіталу». Маўляў, хочаце нізкія цэны на газ і нафту? Калі ласка, але ў абмен на продаж расейскім кампаніям двух НПЗ, газаразьмеркавальнай сеткі ўнутры Беларусі.

Няма чым плаціць даўгі, просіце новыя крэдыты? Калі ласка, можам узяць не грашыма, а натурай, то бок маёмасьцю. Напрыклад, «Беларуськаліем». Ці беларускімі дзяржаўнымі банкамі.

Хочаце, каб пастаўкі беларускага харчаваньня на расейскі рынак адбываліся безь перашкод, а то і на льготных умовах? Калі ласка, але прадайце малочныя заводы кампаніям з Расеі.

Дарэчы, пра банкі. У Беларусі функцыянуюць сем «дачок» расейскіх банкаў (БелВЭБ, ВТБ, «Белгазпрамбанк», БПС-Сбербанк" і інш.) Яны могуць прапанаваць беларускім дзяржпрадпрыемствам ільготныя ўмовы крэдытаваньня і тым самым пасадзіць іх на кручок. Яны будуць мець поўную інфармацыю пра іх эканамічны стан з усімі наступствамі.

Тое самае і ў вайсковай сфэры. Хочаце атрымаць новае расейскае ўзбраеньне? Толькі ў абмен на расейскую вайсковую базу пад Бабруйскам.

Тут справа можа і да палітыкі дайсьці. У пуцінскай Расеі вялікі досьвед стварэньня шмат у якіх краінах прарасейскіх арганізацый. Асабліва гэта заўважна выявілася ў дзяржавах Эўразьвязу. Прычым на гэтую справу Масква не шкадуе грошай. Уявіце сабе зьяўленьне тут «гібрыднай апазыцыі», то бок прарасейскай партыі ці грамадзкай арганізацыі зь вялікімі грашыма. І будзе складана патлумачыць расейскай грамадзкасьці, чаму Лукашэнка адмаўляецца зарэгістраваць партыю, якая выступае за дружбу, саюз і інтэграцыю з Расеяй.

Асобны кірунак — інфармацыйная сфэра. Тут у Расеі вялікія магчымасьці. І фэдэральныя тэлеканалы, і беларускія рэгіянальныя інтэрнэт-мэдыі, якія мадэруюцца з РФ, і расейская «фабрыка троляў», і шмат іншага.

А яшчэ Расея можа рэалізаваць данбаскі сцэнар у пляне прапановы льготных умоваў атрыманьня беларусамі расейскага грамадзянства.

Праблема ў тым, што ў межах існай беларускай сацыяльнай мадэлі, дзейнага палітычнага рэжыму супрацьстаяць такой «гібрыднай інтэграцыі» маларэальна. Бо Лукашэнка ў сваёй палітыцы кіруецца ня столькі задачай умацаваньня беларускай дзяржаўнасьці, колькі мэтай захаваньня ўласнай улады. І гэтыя дзьве задачы шмат у чым не супадаюць.

Сама беларуская мадэль у значнай ступені грунтуецца на расейскіх эканамічных прэфэрэнцыях. І каб ад іх адмовіцца, трэба мяняць эканамічную сыстэму. А гэтая сыстэма аптымальная для ўтрыманьня Лукашэнкам аднаасобнай улады.

Дзеля мацаваньня незалежнасьці варта было б мацаваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць, дыстанцыявацца ад каляніяльнай спадчыны, як тое прапануе апазыцыя. Але праблема ў тым, што Лукашэнка бачыць у апазыцыі большую пагрозу сваёй уладзе, чым у Расеі. У змаганьні з апазыцыяй Масква, хутчэй, ягоная саюзьніца.

У любым выпадку, Беларусь апынаецца ў новай для сябе рэальнасьці перад новымі выклікамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG