Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці добра, што «Пуцін ад нас адвязаўся» і чаму гэта засмуціла Фядуту?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Істотныя зьмены ў вышэйшай уладзе недэмакратычных краінаў пры ўсёй іх важнасьці для грамадзтва, звычайна адбываюцца нечакана для грамадзянаў. Вось як у Расеі 15 студзеня, калі некаранаваны цар, а па сучаснаму, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін абвясьціў пра хуткія зьмены ў Канстытуцыі, скіраваныя на абмежаваньне прэзыдэнцкай улады.

У Беларусі адразу пачалі гадаць ды разважваць, чым гэта адгукнецца для іх «сінявокай». Большасьць аналітыкаў уздыхнула з палёгкай — гэтым разам інтэграцыя праляцела міма. Але ня ўсе.

Вядомы палітык, палітоляг, паліткансультант, аналітык і літаратар Аляксандр Фядута, наадварот, ад выступу Пуціна засмуціўся. Не абы-дзе, а на сайце «Белсату» бядуе: «Пуцін ад нас адвязаўся. І гэта кепска».

Бо аказваецца, «пашыраныя паўнамоцтвы — а значыць, і зона адказнасьці, і фінансавыя магчымасьці — ніжняга ўзроўню ўлады ў Расеі» стануць вельмі дрэнным прыкладам для беларускай сыстэмы ўлады. Пройдзе, маўляў, паўтара-два гады і масы беларускіх чыноўнікаў ніжэйшага зьвяна праз параўнаньне свайго становішча з расейскімі ўвальюцца ў шэрагі незадаволеных меншымі за расейскія пэнсіямі вайскоўцаў і міліцэйскіх пэнсіянераў. Тады Расеі ня будзе патрэбы замяняць іх расейцамі, а «прасьцей плаціць нашым, хто пасьпее перафарбавацца» (пэўна, пасьля расейскай акупацыі?).

Пасьля гэтых не да канца зразумелых мне пасажаў у сп. Аляксандра прарываецца сапраўдны крык душы (праўда запазычаны з «Дванаццаці крэслаў» Ільфа і Пятрова): «Сябры мае, мы чужыя на гэтым сьвяце жыцьця. Цяпер ужо зусім. Беларусь ня ўдзельнічае ў гэтым сцэнары, для яе роля не прадугледжаная».

Ад гэтага тэксту і сьмешна і сумна. Бо добра вядома, што далёка ня ўсе беларусы, і найперш адукаваныя грамадзяне, працягваюць жыць і думаць у расейскіх кантэкстах ды дыскурсах. Наадварот, нават афіцыёзнай лукашэнкавай сацыялёгіяй прызнаны факт — большасьць беларусаў жадаюць жыць у сваёй незалежнай дзяржаве. І «сьвята жыцьця» для вельмі многіх нашых суайчыньнікаў адбываецца не за ўсходняй мяжой, а ў цалкам процілеглым кірунку.

І яшчэ згадваецца іншае вядомае выслоўе, таксама трохі перайначанае: «Каб стаць беларусам, трэба па кроплі выціснуць з сябе расейца».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG