Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ў 2000-м у Брусэлі лічылі галоўным супернікам? Не здагадаецеся!


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, 2006
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, 2006

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Вось як вы думаеце, якую краіну эўрапейскія лідэры лічылі супернікам «аб’яднанай Эўропы» у красавіку 2000 года?

Прычым ня проста супернікам, а — галоўным супернікам?

Паспрабуйце адгадаць з трох разоў.

Іран, які пачаў разгортваць сваю ядзерную праграму?

Кітай, адкуль на Захад прабівалася інфармацыя пра лягеры для ўйгураў (у верасьні таго самага 2000-га ў Нью-Ёрку я бачыў вялікую дэманстрацыю за правы ўйгураў перад будынкам ААН)?

А можа быць — галоўным супернікам ім бачылася Расея, дзе толькі што, 26 сакавіка, ў першым жа туры быў абраны прэзыдэнтам падпалкоўнік КДБ?

Не.

Кіраўнікі краінаў «старой Эўропы» — Францыі, Бэльгіі, Нямеччыны — галоўным супернікам лічылі Злучаныя Штаты Амэрыкі.

І зьвернем увагу, што маюцца на ўвазе не нейкія маргіналы, і не палітолягі, і нават не дэпутаты парлямэнтаў ці звычайныя лідэры партый — а прэзыдэнты і кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамствах, міністры абароны. То бок тыя, хто прымае галоўныя рашэньні.

Да прыкладу, дамінаваньне ЗША ў сьвеце нагэтулькі раздражняла францускага прэзыдэнта Шырака, што ён ужываў фразы, якія былі звыклыя для савецкіх прапагандыстаў на адзіных палітднях (праводзіліся такія штомесяц у часы Брэжнева). Кшталту «амэрыканскай гегемоніі». Ну а міністар абароны Бэльгіі наўпрост называў ЗША «нашым галоўным супернікам».

Гэта ня тэкст, падрыхтаваны да першакрасавіцкага «дня дурня» і паводле памылкі рэдактара апублікаваны праз тры дні. Пачытайце ніжэй агляд заходняй прэсы, які прагучаў на хвалях Свабоды роўна 20 гадоў таму.

Не падабалася эўрапейскім лідэрам і дамінаваньне Вашынгтона ў NATO — праўда, пры гэтым амаль два дзесяцігодзьдзі іх ды іх пераемнікаў задаволіць сытуацыя, калі ЗША будзе рабіць самыя вялікія выплаты ў бюджэт альянсу, а некаторыя багатыя эўрапейскія краіны будуць сьціпла недаплачваць.

Можна было б даць пералік падзеяў, якія адбудуцца пасьля красавіка 2000-га і прымусяць эўрапейскіх палітыкаў зразумець шкоднасьць супрацьстаяньня Эўропа-ЗША — але, мяркую, чытач іх добра памятае.

А супернікі ў аб’яднанай Эўропы цяпер іншыя.

Парыж і Брусэль вучаць Прагу і Варшаву не асабліва сябраваць з ЗША

Кастусь Бандарук, эфір 4 красавіка 2000

Праз год пасьля далучэньня да НАТО трох новых краін — Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі, ў адносінах паміж старымі і новымі членамі альянсу назіраецца некаторая напружанасьць, — адзначае амэрыканская газэта «Wall Street Journal». Аб гэтым сьведчыць, не зважаючы на яго дыпляматычную фармулёўку, прыняты згаданымі краінамі дакумэнт. Адзначаючы ў Будапэшце першую гадавіну ўступленьня сваіх краінаў у НАТО, міністры замежных справаў Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі заявілі, што падчас апрацоўваньня новай стратэгіі эўрапейскай бясьпекі павінна быць улічаная роля новых сябраў, якія не належаць да Эўразьвязу.

Заходнеэўрапейскія сябры НАТО апрацоўваюць праграму «Эўрапейскай Бясьпекі і Абарончай Тоеснасьці», якая прадугледжвае большую незалежнасьць Эўропы ад заакіянскіх сябраў: Злучаных Штатаў і Канады. Вашынгтон ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць і сэнс гэтай праграмы. Пагаджаюцца з Амэрыкай і тры новыя цэнтральна-эўрапейскія сябры НАТО, а таксама краіны, якія хочуць далучыцца да альянсу: Славаччына і балтыйскія дзяржавы.

Аднак заходнія эўрапейцы аказваюць ціск на ўсходнікаў, недвухсэнсоўна спрабуючы замкнуць ім рот. Паводле міністра замежных справаў Францыі Вэдрына, былыя сябры Варшаўскага Пакту могуць адыграць ролю «траянскага каня» і перашкодзіць Францыі і Нямеччыне стварыць незалежны ад ЗША саюз.


Тое, што дамінуючая роля ЗША ў НАТО і ў сьвеце яўна ўсё больш раздражняе заходнюю Эўропу — відавочнае. Жак Шырак падвучыў Ведрына, каб той перастаў называць ЗША «звышдзяржавай». Гаворачы пра супольную эўрапейскую валюту «эўра», Шырак адзначыў, што яна азначае «супрацьдзеяньне амэрыканскай гегемоніі» і дадаў, што «ніводная краіна ня мае права выказвацца ад імя ўсяго сьвету».

Падобныя думкі, хаця і ў больш мяккай форме, выказалі іншыя палітыкі. Былы канцлер ФРГ Шмідт заявіў, што «эўра можа зьмяніць сытуацыю ў сьвеце такім чынам, што ЗША ня змогуць накідаць астатнім краінам сваю волю». Міністар абароны Бэльгіі задаў рытарычнае пытаньне: «як можам будаваць самастойную палітычную структуру ў Эўропе і адначасова ў пытаньнях абароны заставацца залежнымі ад свайго галоўнага суперніка?»

Зыходзячы з такой пазыцыі, прэзыдэнт Францыі і міністар замежных справаў ФРГ у прыватнасьці выказалі сваё незадаволеньне праамэрыканскай пазыцыяй Польшчы.

«Wall Street Journal» цытуе Шырака, які, нібыта, зьедліва спытаўся ў польскага міністра Гэрэмка: «Што, можа Польшча хоча стаць 51-м штатам ЗША?». Таксама Ёшка Фішэр павучаў прафэсара Гэрэмка, што той павінен быць найперш «добрым эўрапейцам».

«Чаму гэта эўрапейцы ня мелі б умацоўваць сваю сілу у адказ на дамінацыю з боку ЗША?» — заявіў адзін зь лідэраў нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў Карль Лямэрс. Падобны ціск з боку сваіх заходніх саюзьнікаў адчулі таксама Вугоршчына і Чэхія.

Паводле амэрыканскай газэты «Wall Street Journal», такое папярэджаньне ў адрас новых саюзьнікаў можа азначаць наступнае: калі Вугоршчына, Польшча і Чэхія ня будуць салідарныя із заходнеэўрапейскімі сталіцамі ў пытаньнях НАТО, тады ім будзе заблякаванае ўступленьне ў Эўразьвяз«.

Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў выразную тэндэнцыю да аддзяленьня Эўропы ад Амэрыкі і рознагалосьсі паміж старымі і новымі членамі альянсу. Мадлен Олбрайт заклікала заходнеэўрапейскія сталіцы не дыскрымінаваць кандыдатаў на членства ў Эўразьвязе з прычыны іхнай самастойнай палітыкі.

Памочнік дзяржсакратара Марк Гросман заявіў, што «некаторыя палітыкі з заходняй Эўропы прымушаюць кандыдатаў на членства ў Эўразьвязе выбіраць паміж Эўропай і трансатлянтычнымі адносінамі».

Не зважаючы на ціск з боку заходніх эўрапейцаў, піша «Wall Street Journal», ня толькі тры новыя сябры НАТО, але й іншыя кандыдаты на членства ў альянсе і Эўразьвязе лічаць менавіта Злучаныя Штаты гарантам сваёй бясьпекі, ня бачаць альтэрнатывы для вядучай ролі ЗША ў альянсе і гатовыя хутчэй стаць на баку Вашынгтону, чым заходняй Эўропы.

Ім больш даспадобы бескампрамісная пазыцыя ЗША ў дачыненьні да агрэсараў і тыранаў, чымся млявая і нерашучая пазыцыя Эўропы. Яны падтрымалі рэзалюцыю, ў якой асуджаліся парушэньні правоў чалавека на Кубе, і яны падтрымоўваюць Ізраіль у блізкаўсходнім, мірным працэсе. Яны надалей хочуць далучыцца да эўрапейскіх структураў, адзначае «Wall Street Journal», але не хацелі б быць удзельнікамі спаборніцтва паміж Эўропай і Амэрыкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG