Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крок, якога Пуцін ад Трампа не чакаў


Прэзыдэнт ЗША Доналд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Доналд Трамп

Пра эскаляцыю канфлікту паміж ЗША і Іранам і ягоныя магчымыя наступствы разважае аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

— Зьнішчэньне амэрыканскімі вайскоўцамі камандзіра элітных іранскіх вайсковых часткак генэрала Касэма Сулеймані ўжо некалькі дзён застаецца галоўнай міжнароднай тэмай, з Тэгерану і з Вашынгтону не спыняюцца ўзаемныя пагрозы, а магчымыя наступствы некаторымі камэнтатарамі малююцца ў самых апакаліптычных фарбах. Праводзіцца паралель з забойствам ў Сараеве ў 1914 годзе эрцгерцага Франца Фердынанда — ня самай апошняй, але і ня самай галоўнай фігуры ў тагачасным сьвеце, што, аднак, выклікала катастрафічныя глябальныя наступствы. Яраслаў, Вы — аўтар публікацый і кніг па гісторыі Аўстра-Угорскай імпэрыі — лічыце справядлівым такую паралель?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў


— Што датычна значэньня Франца Фердынанда, дык усё ж ён быў чалавек, які (з улікам, што тагачасны імпэратар быў вельмі стары, яму было 84 гады), вось-вось павінен быў зрабіцца кіраўніком дзяржавы. Дзяржава гэтая хаця і пятым нумарам, але ўсё ж уваходзіла ў пяцёрку вялікіх эўрапейскіх дзяржаў. Так што падзея гэта была значная. Але цяперашнюю падзею я б гэтак наўпрост да сараеўскага забойства не прыроўніваў, па той прычыне, што тады сытуацыя палягала ў супрацьстаяньні двух блёкаў вялікіх дзяржаваў, якія былі цалкам супастаўляльныя па сілах. З аднаго боку — Францыя, Вялікая Брытанія, Расейская імпэрыя, з другой — Нямеччына, Аўстра-Угоршчына, пазьней да іх далучылася Асманская імпэрыя і апошняй — маленькая Баўгарыя.

У цяперашняй сытуацыі — іншае. Па-першае, сьвет моцна зьмяніўся, канешне. У цяперашнім сьвеце такія войны, якой была Першая, ды і Другая сусьветная вайна, з мільённымі войскамі, якія зарываліся ў зямлю, у акопы і стралялі адны ў другіх, ці, калі казаць пра Другую сусьветную, з тысячамі танкаў і манэўрамі на вялізных прасторах, — такіх войнаў ужо не вядзецца.

Новы час — новыя спосабы вядзеньня войнаў

Вось тое, што адбылося зь ліквідацыяй генэрала Сулеймані, гэта якраз даволі тыпова для апошніх дзесяцігодзьдзяў, у тым сэнсе, што гэта забойства на адлегласьці. Гаўрыла Прынцып страляў у Франца Фердынанда з невялікай адлегласьці, і ён асабіста гатовы быў за гэта заплаціць жыцьцём — ці сьмерцю на месцы замаху, ці сьмерцю пазьней, што зь ім у сапраўднасьці і адбылося (на момант забойства эрцгерцага яму не было 21 года, ён лічыўся непаўнагадовым паводле законаў Аўстра-Угорскай імпэрыі, якая была прававой дзяржавай, і нават забойцу спадкаемца трона не маглі прысудзіць да сьмяротнага пакараньня. Ён памёр у турме ад тубэркулёзу).

Калі казаць пра забойства іранскага генэрала, гэта — клясычнае забойства на адлегласьці. Такім чынам быў ліквідаваны ў 1996 годзе тагачасны лідэр чачэнскіх сэпаратыстаў Джахар Дудаеў. Іншыя такога кшталту падзеі таксама ў практыцы спэцслужбаў, у практыцы вайскоўцаў розных краінаў час ад часу здараюцца, і зусім не абавязкова яны выклікаюць нейкія катастрофы, тым больш глябальнага маштабу.

Але сур’ёзныя наступствы, безумоўна, будуць. Я ня веру, што будзе сусьветная вайна ў першую чаргу таму, што супернікі несупастаўляльныя. Іран важная, буйная краіна, але ўсё ж — на рэгіянальным узроўні, не з’яўляецца ядзернай дзяржавай, шмат парамэтраў, якія існуюць у ЗША, адсутнічаюць у Ірана. Таму я б такой алярмізм не падтрымліваў, але безумоўна, нейкія наступствы будуць.

Мы ня ведаем, што цяпер адбываецца ў Тэгеране ў вярхах Ісламскай рэспублікі Іран, як яны абмяркоўваюць свае пляны помсты, але я б вельмі зьдзівіўся, калі б гібель нагэтулькі важнай пэрсоны (а ў неафіцыйнай іранскай гіерархіі Касіма Сулеймані называлі чалавекам № 2 пасьля духоўнага лідэра Ірану аяталы Хаменеі), засталася без варыянтаў адказу з боку Ірану.

Першы рэальна рызыкоўны крок Трампа

— Такім чынам, сусьветная вайна — не, але лякальная вайна, маштабу кшталту той, што мы назіралі ў Іраку ў 2003, калі быў зьнішчаны рэжым Садама Хусэйна, выглядае зузім рэальнай. Тэгеран ужо заявіў, што будзе адказ, і будзе ваенны адказ. Дачка генэрала Сулеймані на пахаваньні бацькі параіла бацькам амэрыканскіх вайскоўцаў таксама рыхтавацца па пахаваньняў іх дзяцей. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна чакаць удару па вайсковых абʼектах амэрыканскіх, магчыма, па іншых, але ўдар будзе. І Трамп ужо папярэдзіў, што адказам з амэрыканскага боку будзе ўдар па 52-х іранскіх абʼектах, у тым ліку і важных для іранскай культуры.

— Так, але я б яшчэ зьвярнуў увагу на два фактары. Наконт 52 абʼектаў дзяржсакратар Пампэо імгненна зьменшыў пафас заявы Трампа, сказаўшы, што па абʼектах культурнай спадчыны, якія фактычна знаходзяцца ў Іране, але ў сэнсе культурным належаць усяму чалавецтву, удары наносіцца ня будуць. Гэта зразумела.

У прэзыдэнта Трампа, і ўсе мы да гэтага прызвычаіліся, крыху такая эпатажная манера заяваў. Яму трэба сказаць максымальна гучна, але потым у дзеяньнях сваіх Трамп не выяўляў сябе як варʼят, як чалавек зусім безадказны. На самой справе, зьнішчэньне генэрала Сулеймані — фактычна першы рэальна вельмі рызыкоўны крок Трампа з моманту прыходу яго да ўлады.

Да гэтага моманту ён паводзіў сябе не зусім адпаведна сваім гучным пагрозам. Хаця варта прызнаць, што ў той жа час нават рыторыка ягоная часам мела наступствы, як, напрыклад, папрокі ў бок саюзьнікаў па NATO, якія мала плацілі ў бюджэт альянсу, і ў выніку яны ўсё ж пачалі плаціць. А ў гэтым выпадку гэта сапраўды першы рызыкоўны крок. Хацелася б спадзявацца, што ў атачэньні Трампа ёсьць асобы, якія пралічвалі розныя магчымасьці наступстваў такога кроку. Але з іншага боку, такім заявам, як наконт 52-х абʼектаў, я ня надта веру, бо канешне, нейкія абʼекты могуць падвергнуцца ўдарам, але гэта ня будуць помнікі іранскай і сусьветнай культуры. Гэта хутчэй рыторыка, пра што і даў зразумець дзяржсакратар Пампэо.

А другі момант — гэта заява лідэра групоўкі «Хэзбала», лібанскай шыіцкай групоўкі, якая дзейнічае, як гэта прынята казаць, проксі, то бок шчупальцамі Ірану ў Лібане і на межах з Ізраілем. Групоўка «Хэзбала» лічыцца большасьцю заходніх краінаў тэрарыстычнай групоўкай і ёй, па сутнасьці, зыходзячы зь яе дзейнасьці і зʼяўляецца. Яе лідэр ніякім літасьцівым дзядулем ня ёсьць паводле вызначэньня. Але ён асобна сказаў, што так, трэба біць, і будзем біць па вайсковых абʼектах, але не павінны заплаціць за гэта звычайныя людзі. Канешне, яму верыць таксама ня варта на сто працэнтаў, можа быць усё што заўгодна. Але такія, так бы мовіць, абмежавальнікі, з абодвух бакоў, усё ж, бачныя.

І тое, што дачка загіблага генэрала зьвярнулася менавіта да бацькоў амэрыканскіх салдатаў, таксама сьведчыць, што Іран будзе ў сваіх магчымых дзеяньнях больш-менш стрымлівацца ад нейкага татальнага тэрору, які ў маштабах рэгіёну ў яго, трэба думаць, ёсьць магчымасьці арганізаваць.

Што датычна вайсковых абʼектаў і ўвогуле амэрыканскіх войскаў у гэтым рэгіёне — так, іх чакаюць вельмі небясьпечныя часы.

Папярэджаньне іншым рэжымам

— Для Беларусі як мінімум адзін адмоўны вынік эскаляцыі канфлікту ёсьць: дзяржсакратар Пампэо скасаваў сваё турнэ, пад час якога меў намер наведаць і Менск, што ўспрымалася як жэст падтрымкі незалежнасьці Беларусі на фоне імкненьня крамля да так званай паглыбленай інтэграцыі. Незалежна ад таго, як будзе далей, мы бачым, што падзея істотна адбілася і на катыроўках акцый, і на росьце коштаў на нафту. Ня трэба быць аракулам, каб прадбачыць, што нафта і далей пойдзе наверх. Ужо чуюцца прагнозы, што гэта ня вельмі закране ЗША і Расею, бо яны ў паліўна-энэргетычным сэнсе самадастатковыя краіны, а вось для Эўразьвязу і Кітаю гэта можа быць сапраўды ўдарам. Ня будзем ісьці далёка, да Кітаю, паглядзім на суседку Беларусі і яе кіраўніцтва. Яраслаў, гэта на руку Пуціну?

— Я думаю, тут адназначнага адказу няма. Бо з аднаго боку, рост коштаў на нафту, энэрганосьбіты, гэта дадатковыя грошы ў расейскі бюджэт. Гэтак было і гэтак яшчэ доўга будзе. Але з другога боку, з палітычнага, я б не сказаў, што ў Маскве вельмі задаволеныя тым, што адбылося. Афіцыйная рэакцыя была вельмі незадаволеная, паколькі з Іранам Масква ў апошнія гады ўмацоўвала адносіны, нават на фоне сырыйскага канфлікту. Склаўся такі трохкутнік — Расея, Турэччына і Іран, у межах якога на фоне аслабленьня пазыцый ЗША ішоў даволі актыўны дыялёг. Тут нельга казаць пра саюз, але можна казаць пра шчыльнае тактычнае ўзаемадзеяньне. А генэрал Сулеймані быў галоўны стратэг Ірану на сырыйскім накірунку. І наўрад ці ў Крамлі задаволеныя тым, што такая фігура з гэтай шахматнай дошкі зьнікла.

Акрамя таго, такі рашучы ўдар, які зрабіла Амэрыка, ёсьць і папярэджаньнем іншым рэжымам. Я не кажу, што ЗША здольныя на нешта падобнае адносна некага з блізкага атачэньня Пуціна, гэта было б ужо неяк занадта, і ўлічваючы што Расея ядзерная дзяржава, гэта ўвогуле выглядае нерэальным сцэнаром абсалютна. Але гэта паказчык, што Вашынгтон цяперашні гатовы ісьці дастаткова далёка, калі закранутыя ягоныя інтарэсы і калі кіраўнікі ЗША лічаць, што гэтыя інтарэсы варта жорстка абараніць. Такая сытуацыя ўзьнікла пасьля нядаўніх нападаў шыіцкіх груповак на амэрыканскую амбасаду ў Тэгеране — калі ласка, вось вынік. Гэтага, мне здаецца, ад Трампа не чакалі. Не чакаў гэтага, хутчэй за ўсё, і Пуцін.

— Іншымі словамі, Трамп паказаў, што можа дзейнічаць ня так, як Абама ў часы анэксіі Крыму, калі быў праігнараваны Будапэшцкі мэмарандум, паводле якога ЗША гарантавалі сувэрэнную цэласнасьць Ўкраіны ўзамен за вывад ядзернай зброі.

— Сам стыль адносінаў Вашынгтона і Масквы ў пэрыяд Трампа вельмі складаны. Трампа ўвесь час падазраюць у нейкіх сымпатыях да Пуціна, а ў той жа час ягоная адміністрацыя поўная людзей, якія надзвычай жорстка ставяцца да Крамля. З трэцяга боку, у Кангрэсе таксама большасьць ставіцца да Масквы нэгатыўна, прымаюцца законы, рэзалюцыі і санкцыі. Пры «добразычлівым да Крамля» Трампе цэлая сэрыя санкцыяў уведзеная, якой пры Абаме не было. То бок, можна гэта трактаваць так, што гэтая адміністрацыя гатовая весьці жорсткую палітыку.

Ёсьць другі момант, але гэта іншая тэма, даволі шырокая, наколькі Трампу важная і патрэбная Расея, наколькі яна высока знаходзіцца ў ягоных зьнешнепалітычных прыярытэтах. Зусім магчыма, што ён не імкнецца да жорсткай канфрантацыі з Расеяй, пакуль яна сама такую канфрантацыю ня выклікае, проста з тае прычыны, што яму больш важныя іншыя накірункі: гандлёвая вайна з Кітаем, якую ён вядзе дастаткова ўпэўнена і пасьпяхова, вось цяпер канфрантацыя з Іранам. І няма неабходнасьці абвастраць адносіны з Расеяй у цяперашні момант. Але калі Расея сама пачне іх абвастраць — дык мае дастаткова яснае пацьверджаньне, што ў Вашынгтоне жорсткая адміністрацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG