Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II папрасіла скасаваць салют у гонар яе 94-годзьдзя 21 красавіка. На думку каралевы, урачыстасьці ва ўмовах пандэміі каранавірусу недарэчныя.
Пра гэта паведамляюць брытанскія СМІ са спасылкай на Букінгэмскі палац. Лізавета II папрасіла скасаваць салют на яе дзень народзінаў упершыню за 68 гадоў яе знаходжаньня на троне.
У пачатку красавіка каралева выступіла са зваротам да нацыі. Яна адзначыла, што Вялікая Брытанія перажывае няпростыя часы, і заклікала брытанцаў захоўваць бадзёрасьць духу і салідарнасьць. Лізавета II выказала надзею, што нацыя з гонарам перанясе выпрабаваньні. «Мы сустрэнемся зноў», — падкрэсьліла яна.
Гэта быў пяты зварот каралевы да нацыі ў гісторыі праўленьня. Апошні раз гэта было ў 2012 годзе з нагоды яе 60-гадовага знаходжаньня на троне. А першы раз — у 1940 годзе падчас Другой усясьветнай вайны. Лізавеце II тады было 14 гадоў, яна зьвярталася праз радыё да брытанскіх дзяцей.
Вялікая Брытанія крыху пазьней, чым большасьць краін Эўропы, увяла карантын. Усім брытанцам старэйшым за 70 гадоў — а значыць, і каралеве — улады рэкамэндавалі самаізаляцыю на працягу 12 тыдняў, каб зьнізіць рызыку заражэньня каранавірусам. Каралева разам з мужам пераехала зь Лёндану ў замак Віндзар.
Паводле апошніх зьвестак, цяпер у каралеўстве выяўлена больш за 114 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам новага тыпу. Памерлі ад COVID-19 больш за 15 тысяч чалавек. Каранавірусную інфэкцыю перанёс брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан. Яго ўжо выпісалі са шпіталя для далейшай рэабілітацыі дома.