Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух «самаізаляваных» аштрафавалі, 419 мэдыкаў заразіліся. Міністар здароўя расказаў пра каранавірус у Беларусі. ВІДЭА

абноўлена

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 17 красавіка ладзіла прэс-канфэрэнцыю, на якой уздымаліся пытаньні пандэміі COVID-19 і распаўсюду каранавірусу ў краіне. Свабода рабіла жывую трансьляцыю.

На прэс-канфэрэнцыю прыйшлі міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Мінздароўя Іна Карабан і начальнік Галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі, экспэртызы і зваротаў Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Пацэеў.

На пытаньне Свабоды аб тым, чаму чыноўнікі не даюць інфармацыю пра распаўсюд каранавірусу людзям у рэгіёнах, Каранік адмовіўся адказваць і спытаў, ці атрымалі людзі інфармацыю «з вашых публікацый». Артыкулы незалежных СМІ пра сытуацыю ў Бешанковічах і Мядзеле ён «не зразумеў».

«Сытуацыя кантраляваная»

Міністар Каранік заявіў, што сытуацыя з каранавірусам кантраляваная:

«Эпідпрацэс разьвіваецца», казаў ён, «бо мы жывём у глябальным сьвеце» і некаторыя грамадзяне пакідаюць тэрыторыю краіны. Асноўная задача, сказаў ён, — трымацца «тактыкі зьмякчэньня, каб не перагружаць мэдыкаў».

«Тыя лічбы, якія я прывяду, не павінны стаць падставай для самазаспакаеньня», — папярэдзіў міністар.

На раніцу 17 красавіка ў Беларусі выявілі 4779 выпадкаў, зь іх, паводле Караніка:

  • у Менску — 2308,
  • у Віцебскай вобласьці — 1282,
  • у Менскай — 588,
  • у Магілёўскай — 217,
  • у Гомельскай — 193,
  • у Берасьцейскай — 112,
  • найменш у Горадзенскай — 79.

У Асіповічах пацьвердзілі 32 выпадкі COVID-19, зь іх 12 у мэдычных работнікаў (завёз адзін з мэдыкаў, які езьдзіў за межы гораду «ў бытавых умовах»). Усе ня ў цяжкім стане.

У Мядзельскім раёне 7 красавіка зафіксавалі інфэкцыю ў адным з санаторыяў, цяпер там пацьвердзілі 65 выпадкаў, зь іх 25 — мясцовыя жыхары. Цяжкіх выпадкаў няма.

У Докшыцах 20 выпадкаў лябараторна пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыі, 2 пацыенты на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, сытуацыя «кантраляваная».

У Бешанковічах — 7 выпадкаў, у Лёзьне — 8, цяжкіх выпадкаў і пацыентаў на ШВЛ у гэтых гарадах няма.

Варта дадаць, што начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі сёньня паведаміў, што ў Докшыцкім раёне зафіксаваныя 72 выпадкі каранавірусу, Бешанковіцкім — 27, Лёзьненскім — 22, у Браслаўскім і Мёрскім раёнах — па адным.

У Віцебску, дадаў Каранік, сытуацыя «стабілізавалася», з кожным днём усё менш пацыентаў паступае з пнэўманіяй.

Мэдыкі таксама хварэюць. Магчыма, ёсьць першы памерлы

Агулам па краіне на 16 красавіка 419 мэдыкаў заразіліся новым каранавірусам.

На «хуткай дапамозе» ў Менску 90 выпадкаў, зь іх выязны склад — 26, астатнія — апарат кіраваньня і гаспадарчы пэрсанал. Цяжкіх выпадкаў няма.​

У Менску сьмяротных выпадкаў сярод мэдыкаў ня выявілі, у Віцебску «праводзіцца расьсьледаваньне» і «канчатковага дыягназу няма».

«Выпадак з „хуткай дапамогай“ — гэтая сытуацыя не зьвязаная з каранавіруснай інфэкцыяй», — дадаў Каранік, не ўдакладніўшы, які выпадак мае на ўвазе.

Міністар адзначыў, што заражэньні апарату кіраваньня могуць быць зьвязаныя з тым, што «мы лічым за лепшае многія пытаньні зьбірацца абмяркоўваць».

Ёсьць першыя штрафы

«Кантактаў першага ўзроўню» з пачатку эпідэміі выявілі каля 30,5 тысячы, наведалі дома 23,7 тысячы зь іх. Выявілі 701 парушэньне рэжыму самаізаляцыі, у дачыненьні да 7 асобаў распачалі адміністрацыйныя працэсы, аштрафавалі двух чалавек на 2 базавыя велічыні (54 рублі) кожнага.

Максымальная сума штрафу за парушэньне самаізаляцыі — 30 базавых велічыняў (810 рублёў). За парушэньні патрабаваньняў санітарных нормаў, якія прывялі да захворваньня або сьмерці іншых людзей, прадугледжана крымінальная адказнасьць.

Межы Беларусі штодзень перасякаюць 3000–5000 дальнабойнікаў, ёсьць транзытныя калідоры. Больш за 100 дальнабойнікаў адміністрацыйна пакаралі за розныя парушэньні.

Выкарыстоўваюць менш за 10% апаратаў ШВЛ

Па ўсёй краіне выпісалі здаровымі 342 пацыентаў, а агулам са стацыянараў выпісалі 582 чалавек, якія мелі інфэкцыю або падазрэньні на яе.

У Менску перапрафілізацыя шпіталяў ідзе строга паводле пляну, кажа Каранік. Запас «ложкавага фонду» ёсьць. Выкарыстоўваецца менш за 10 працэнтаў апаратаў ШВЛ, якія ёсьць у краіне.

Лёгкія формы будуць лячыцца дома, пацыентаў ужо выпісваюць. Каранік растлумачыў, што гэта робіцца, каб «пазьбегнуць рызыкі перакрыжаванага інфікаваньня» — «гэта ня тое, што мы эканомім ложкавы фонд». Але калі хворыя ня змогуць выконваць самаізаляцыю дома, іх накіруюць у шпіталі.

Экспрэс-тэсты атрымалі

17 красавіка ў Беларусі атрымалі пробную партыю з 5000 экспрэс-тэстаў на антыцелы да каранавірусу (яны не падыходзяць для раньняй дыягностыкі, але падыходзяць, каб выявіць, што пацыент, якому праводзяць тэст, хварэе працяглы час або ўжо перахварэў).

Калі работа з экспрэс-тэстамі будзе адпрацаваная, магчыма, «па меры напрацоўкі досьведу» ў Беларусі дазволяць праводзіць такія тэсты на платнай аснове. Праверка такім тэстам займае менш як 30 хвілінаў.

У межах працы з экспрэс-тэстамі падрыхтавалі і плязму з антыцеламі, якая ў тэорыі можа быць карыснай для лячэньня хворых на каранавірус (навукоўцы не пацьвярджалі і не абвяргалі гэта ў дасьледаваньнях).

«Заставайцеся дома»

Каранік завяршыў прэс-канфэрэнцыю фразай з флэшмобу мэдыкаў: «Мы застаёмся на працы, каб дапамагчы вам, — заставайцеся дома, каб дапамагчы нам».

Лукашэнка: «У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей»

Аляксандар Лукашэнка раніцай 17 красавіка расказаў, што ў сытуацыі з каранавірусам «замігцеў праменьчык надзеі» і што дзецям у школах «трэба паступова пачынаць вучыцца».

«Самае галоўнае — мы пакуль спраўляемся, — казаў ён. — Сёньня маленькі праменьчык надзеі замігцеў. Асабліва ў Менску. У нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей. Самае галоўнае — не дапусьцілі ўсплёску».

Міністэрства аховы здароўя адпачатку не паведамляла сытуацыю з распаўсюдам COVID-19 па раёнах Беларусі, ад 14 красавіка перастала паведамляць і распаўсюд па абласьцях, і колькасьць шпіталізаваных пацыентаў. Хворых у лёгкай форме цяпер выпраўляюць дамоў.

Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. Хворых у лёгкай форме загадана выпісваць дамоў.

11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала рабіць дадатковыя захады дыстанцыяваньня і скасоўваць масавыя мерапрыемствы, а таксама рыхтавацца «да найгоршых сцэнараў».

На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG