Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабулі ўваскрасаюць». На АНТ патлумачылі свае відэаролікі пра каранавірус


Тэлеканал АНТ выпусьціў відэаролікі «Паніка горш, чым каранавірус!» і «Каранавірус. Любіце бабулю на адлегласьці!», якія выклікалі багата нэгатыўных рэакцый. Спыталі ў стваральнікаў, што яны хацелі сказаць.

У прэс-службе сказалі, што гэтыя ролікі не дэманструюцца на тэлеканале АНТ, а падрыхтаваныя толькі для інтэрнэту.

«Рэакцыя была розная. Але ў нас ёсьць вялікая колькасьць іншых ролікаў. Чамусьці ніхто не цікавіцца відэа з 6-й гарадзкой бальніцы, зь лекарамі, якія там жывуць, з 3-й лякарні, не цікавіцца ролікам „Рабі як мы“, дзе кухары рыхтуюць стравы для лекараў альбо ў Купалаўскім тэатры шыюць маскі, дзе беларускія зоркі дапамагаюць старым, прыносяць прадукты. Такіх відэа было больш. Чамусьці на тое, што складанае для нашага разуменьня, даволі гратэскнае, мы хочам ведаць рэакцыю. А рэакцыя на добрае, прыгожае, вечнае мала каго цікавіць», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар тэлеканалу Ірына Рамбальская.

Чым выклікана, на яе погляд, нэгатыўная рэакцыя?

«Бо нас пужае невядомасьць, усяго невядомага мы баімся. Намі абсалютна сьвядома была выбрана форма перабольшваньня, гратэску. Гэта адзін са звычайных прыёмаў у мастацтве, каб выклікаць нейкую рэакцыю, каб моцна перабольшыць нашы страхі і паніку. Але ўсё гэта ёсьць у грамадзтве, і насамрэч падымаецца ціск у сталых людзей ад нейкіх нэгатыўных навінаў. І ў маладых ня ўсё добра. Таму была абрана гумарыстычная падача».

Ідэя стварыць такія відэа належыць дырэкцыі спэцыяльных праектаў. Відэа рабіў рэжысэр Ільля Баранаў. Здымалася ў іх актрыса менскага Тэатру-студыі кінаактора Тамара Мужэнка.

Ірына Рамбальская ня згодная, што такія відэа дэманструюць абразьлівае стаўленьне да старых.

«Мае бацькі, якія адносяцца да людзей сталага веку, не прынялі гэта на свой рахунак. Таму гэта пэўны суб’ектывізм некаторых. Наша мэтавая аўдыторыя — гэта якраз людзі сталага веку, і мы ня можам нэгатыўна ставіцца да нашай аўдыторыі. Гэта прыцягнутая за вушы думка, што тут можа быць нейкі нэгатыў. Тым больш што бабулі ўваскрасаюць ад роліка да роліка, і калі яшчэ будзем здымаць, таксама ўваскрэснуць. Ва ўсяго ёсьць працяг, і трэба набрацца цярплівасьці, каб паглядзець, чым гэта скончыцца».

Ці могуць такія гратэскныя відэа прымяншаць сур’ёзнасьць праблемы пандэміі?

«Ні ў якім разе. Проста трэба крыху расслабіцца і меней панікаваць і прымяраць на сябе ўсе нэгатыўныя сцэнары», — сказала Ірына Рамбальская.

«Самае страшнае, як мая маці казала, — голад»

Свабода зьвярнулася па камэнтар да актрысы Тамары Мужэнкі, якая выконвае ў роліках ролю бабулі. Пры канцы кожнага роліка яе гераіня лопаецца, як балёнік.

«Калі ў сьвеце такая трагедыя, гэта не азначае, што мы павінны ўсе скласьці рукі і чакаць. Я выконваю ўсё, што кажа дзяржава, надзяваю маску, калі іду ў краму ці ў аптэку. Мне прапанавалі зьняцца ў гэтым відэа, і я тут нічога крамольнага ня бачу. Я бачу бадзёры пазытыў, бо што значыць „няма грэчкі“, „не хапае масак“?! Ёсьць жыцьцё, а ў жыцьці адбываецца ўсё — войны (я памятаю вайну, немцаў, рускіх і пажары, зямлянкі і шалашы ў лясах). Я прайшла доўгае жыцьцё, мне 80 гадоў. І кідацца ў паніку? Мы прайшлі адзёр, залатуху, хварэлі масамі і выжылі. Бог распараджаецца, каму колькі пражыць», — кажа Тамара Мужэнка.

Тамара Мужэнка кажа, што ставіцца да ажыятажу з гумарам.

«Так, вірус. Так, мы павінны прайсьці яго годна. Сьвет павінен прайсьці яго годна. Не парушаць, захоўваць. Я паглядзела відэа, я разрагаталася. Я казала — там „пісец“. Ну, па рознаму мы ўсё гэта ўспрымаем. Таму я нармальна паставілася, усё жыцьцё — гэта трагікамэдыя. Таму гэта трэба ўспрымаць нармальна».

Але ці прымяншаюць гэтыя відэа праблему пандэміі?

«Мы дарослыя людзі, і прымяншаць ці перабольшваць кожны павінен па сваёй сьвядомасьці. А калі сьвядомасьці не хапае, то падпарадкоўвацца і рабіць тое, што кажа ўрад. Пасылаецца зьверху выпрабаваньне для сьвету, трэба старацца яго вытрываць, некаму дапамагаць, сябе засьцерагаць. А гэтыя ролікі — усялякая ж рэкляма ёсьць. Калі ў рэкляме дэманструюць пракладкі, то гэта лепшая рэкляма? Ёсьць тэлеканал, выпускаючыя рэдактары, дзяржава, якія вырашаюць, ці выпускаць гэты ролік. Актор — гэта выканаўца, які павінен годна выканаць заданьне працадаўцы. А выпусьціць у эфір ці не — гэта не праблема актора», — кажа Тамара Мужэнка.

Як, паводле Тамары Мужэнкі, змагаюцца ў Беларусі з каранавірусам, ці робіцца ўсё неабходнае?

«Я па-рознаму магу ставіцца да Аляксандра Рыгоравіча. Але калі ўсіх пасадзіць на карантын, ён груба сказаў — „А што вы будзеце жэрці?“ Што, нейкая краіна будзе беларусаў карміць? Беларусы павінны самі. Пакуль мы ходзім, рухаемся, мы павінны працаваць, бо самае страшнае, як мая маці казала, — голад. І каб мы не пажэрлі адзін аднаго, нам трэба сеяць, жаць, касіць, працаваць. Час пакажа, хто меў рацыю, а хто вінаваты. Але мы не павінны залежаць ад ніводнай краіны хаця б у сэнсе харчаваньня».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG