Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АГП зрабілі свой прагноз эпідэміі ў Беларусі: празь месяц да 245 тысяч заражаных каранавірусам


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паведаміў, што чальцы ягонай каманды правялі разьлікі і прыйшлі да несуцяшальных высноваў: калі не распачаць сур’ёзных захадаў, да 1 траўня ў краіне будзе 63 000 заражаных каранавірусам, а праз тыдзень — 245 000.

Мікалай Казлоў вылучаны партыяй на адзінага кандыдата ад апазыцыі падчас народнага галасаваньня.

Чальцы каманды АГП, якія бралі ўдзел у навуковых разьліках магчымага распаўсюду каранавірусу на тэрыторыі Беларусі:

  • Віктар Какоўка, выпускнік фізфаку Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня;
  • Аляксандар Дабравольскі, выпускнік факультэту радыёфізыкі БДУ, Народны дэпутат СССР.

Паводле Мікалая Казлова, усе разьлікі навукова абгрунтаваныя і заснаваныя на афіцыйных зьвестках, якія давалі беларускія ўлады. Па меры росту колькасьці ачунялых і тых, хто набыў імунітэт, крывая захваральнасьці ўступіць у фазу насычэньня — рост замарудзіцца, а потым наступіць падзеньне. Але, як разьлічылі экспэрты АГП, на пачатку траўня чакаецца хуткі рост захваральнасьці на фоне яшчэ не сфармаванага калектыўнага імунітэту. У гэты пэрыяд асабліва небясьпечныя масавыя зборы людзей.

«Наша мэта не прыкаваць кагосьці да ганебнага слупа, а папярэдзіць, што сытуацыя сур’ёзная, — тлумачыць лідэр АГП. — Усе павінны быць гатовыя да такога развіцьця падзеяў — і людзі, і ўрад, і Лукашэнка. Я не матэматык, але стаўлюся да гэтага адказна і хацеў бы, каб гэтак жа паставіліся людзі, якія прымаюць рашэньні. Улады не даюць рэальнай інфармацыі. Лукашэнка заяўляе, што ў нас ніхто не памірае ад каранавірусу, а вылечыцца можна гарэлкай, трактарам і хакеем».

Паводле лідэра АГП, масавыя мерапрыемствы ў Беларусі, па сутнасьці, не забароненыя. Наведваць велікодныя службы або вайсковы парад ці ўстрымацца ад гэтага прапануецца вырашаць самім людзям. Але, ня маючы інфармацыі, яны пазбаўлены магчымасьці прымаць правільныя рашэньні. Больш за тое, заявы Лукашэнкі цалкам іх дэзарыентуюць.

«Таму я лічу неабходным апублікаваць гэтыя разьлікі. Спадзяюся, што публікацыя будзе нагодай для абмеркаваньня і дазволіць зьвярнуць увагу людзей на сур’ёзнасьць таго, што адбываецца. І калі спэцыялісты зараз пералічаць, знойдуць памылкі і супакояць нас, мы ўздыхнём з палёгкай», — падсумаваў Мікалай Казлоў.

Які прагноз Мінздароўя Беларусі?

Раней Міністэрства здароўя Беларусі прагназавала рост выпадкаў COVID-19 да пачатку траўня і штодзённы прырост інфікаваных на 350 чалавек.

Паводле ведамства, на піку захворваньня лічба складзе прыкладна 10 000 заражаных каранавірусам, што на парадак меней, чым прагназуюць Казлоў і ягоная каманда.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG