Усё, як у Джармуша*; усё, як мы любім.
Вось ужо пару тыдняў як мы адчыняем дзьверы локцямі, шарахаемся ад сустрэчных мінакоў або пераходзім на другі бок вуліцы, гуляем па бязьлюдных парках замест улюбёных клюбаў і вандровак...
Шчасьлівы той, хто можа пры гэтым не хадзіць на працу. Напрыклад, я, гід-перакладчык, які нечакана і адразу, бязь зьменаў у найбліжэйшай пэрспэктыве стаў беспрацоўным. І бачу ў гэтым, апроч апакаліптычнай роспачы, адзін вялікі плюс — я магу нікуды не хадзіць увогуле, і што мне тыя ўказы галоўнага трактарыста пра карантын. Хай сабе без заробку, але як быў сабе гаспадаром, так ім і застаўся. З правам любіць ноч.
За гэты час я засвоіў некалькі тэхнік паводзінаў: 1) як заходзіць у дом, як выходзіць з дому (для мяне пакуль неспасьцігальна, як можна памыць рукі, зьняўшы вопратку і ні да чога не дакрануўшыся ў хаце), 2) як не кранацца твару (зрэшты, мой ці не найвялікшы набытак гэтага часу — стаў менш калупацца ў носе), 3) як хадзіць у краму (ну, тут усё проста — у найменш праймавы час, напрыклад — бліжэй да 23, у найбольш прасторны супэрмаркет, у масцы, трымаючыся далей ад іншых пакупнікоў), 4) як ісьці па вуліцы — выбіраць бок з самым шырокім ходнікам, або, ведаючы свой раён — выбіраць найбольш бязьлюдную і шырокую вуліцу. І з гэтым усё больш праблематычна.
Афіцыйнага карантыну няма, але дзеці — у чыіх бацькоў глузды на месцы — у садок ня ходзяць, у школу таксама. Дарослыя — частка на аддаленцы, частка — «за свой кошт», частку звольнілі, ці, як я, па зьбегу абставінаў аказаліся бяз працы. І вось знайдзі цяпер тую бязьлюдную вуліцу і месца для шпацыру. Але насамрэч яны ёсьць.
Справа ня ў месцы, а ў часе. Калі цяпер сталі папулярнымі позьне-вячэрнія шпацыры, нават з малымі дзецьмі, то яны не зацягваюцца да паўночы. Калі ў першай палове будзённага дня звычайна бязьлюдны парк з прычыны цяперашняй сытуацыі запоўнены цалкам — пікнікуючымі сем’ямі, людзьмі сталага веку — то пасьля 23.00 там наўрад ці каго сустрэнеш. Апроч мяне. Апроч яшчэ некалькіх такіх жа. Апроч, дапускаю, нейкага «самаізаляванага», які адводзіць душу і дыхае забароненым паветрам, ведаючы, што аніякі эпідэміёляг да яго ў хату не пагрукаецца ў гэткі час, каб спраўдзіць яго прысутнасьць. Але нават такога, у такі час — можна лёгка абысьці за некалькі соцень мэтраў.
Адчуваю, як пакрысе ператвараюся ў героя джармушаўскага «Выжывуць толькі каханкі» — ноч робіцца галоўным сябрам і ўмовай для жыцьця. Раніца — падштурхоўвае хутчэй купіць рольшторы перад пачаткам пікавага пэрыяду, каб закрыць вокны ад сонца на сьвітаньні і болей паспаць.
Усе сустрэчныя незнаёмцы — патэнцыйныя «зомбі», ад якіх варта трымацца далей. Паход па жыцьцёва неабходныя рэчы — выключна ў цёмны час, у масцы і сонечных акулярах: акурат як джармушаўскія вампіры прыходзілі да лекара па кроў. Зрэшты, ёсьць штосьці адвечна беларускае, рамантычнае, падпольшчыцка-партызанскае ў гэтай стратэгіі. Не хачу, каб назва фільму Джармуша была прарочай адносна нашай сытуацыі, але чаму б не пасунуць частку сваёй актыўнасьці на пару гадзін пазьней, каб не сутыкнуцца з патэнцыйнай небясьпекай?..
*Джым Джармуш — амэрыканскі кінарэжысэр.
У закладніках у злога клоўна
Усе краіны як краіны — змагаюцца за людзей. Мне ж выпала доля жыць там, дзе найвышэйшай каштоўнасьцю абвешчана эканоміка. Зрэшты, трэба прызнаць — усё сваё жыцьцё я займаюся прынцыпова іншай, а можа, і дзясятай па важнасьці справай, — зыходзячы з такой герархіі каштоўнасьцяў. Гэта культура. Здраджваць сабе ва ўмовах чумы і шалу — не хачу. Зрэшты, не бяз радасьці назіраю, як людзі добрай волі — насуперак неспрыяльным абставінам, няўведзенаму карантыну, згубленаму ўладай часу — караскаюцца самі, каб сьцьвердзіць і захаваць ці не найвялікшае, што ў іх засталося — жыцьцё і здароўе, зь відавочнымі і прадказальнымі стратамі для кішэні і дабрабыту.
Памятаю, як быў шакаваны навіной, што ўлады Паўднёвай Карэі, дзе колькасьць заражаных у лічаныя дні дасягнула некалькіх тысяч — зьбіраюцца спальваць грошы, каб пазьбегнуць рызыкі заражэньня праз банкноты. Ня ведаю, колькі спалілі і ці палілі ўвогуле, але ацаніць сам падыход можна па амаль застылай ужо цягам некалькіх тыдняў лічбе інфікаваных (паміж 8 і 9 тысячамі). Што казаць пра радзіму ў гэтым кантэксьце? Што рабіць у нашай сытуацыі? Можна дзейнічаць самому — і, я думаю, мы яшчэ паставім помнік Валянтэру, які шыў маскі, карміў лекараў, дастаўляў ежу старым. Можна працаваць далей, займацца сваёй справай сумленна. І помнік пасьля варта будзе паставіць нават тым, хто проста, як, напрыклад, Беліта — не падняў цэньнік на антысэптыкі. А можна сьпяваць. Напрыклад, прыпеўкі:
У закладніках у злога клоўна Марля і бінты не дапамогуць нам Хоча клоўн зладзіць чумавое шоў Хай бы чорт туды па яго й прыйшоў
Зрэшты, будзьма шчырымі — дзесь у глыбіні душы нам хочацца, каб тых, хто замоўчваў інфармацыю і пагружаў грамадзтва ў стан небясьпечнай заспакоенасьці, тых, хто ўладным голасам раіў лячыць заразу гарэлкай ці вакцынай ад малярыі, тых, хто нам проста даўно і невыносна абрыд у гэтым вялікім княстве балотным — певень дзюбнуў у азадак. Хай бы зараза прыйшла ў іх дамы. Якімі б галасамі яны пачалі сьпяваць тады? Але дапускаю, што менавіта ў іх — ужо даўно па асабістым апараце ШВЛ у спальні і найлепшыя экспрэс-тэсты для праверкі пасьля кожнага выхаду з дому — рыхтык у нас белітаўскі антысэптык для рук. Дый дурасьць — спадзявацца, што чума выбірае. І ці можна жадаць сьмерці ворагу, акрамя як ад тваёй рукі? Бог ня ўхваліць. А мы ня дурні, каб ісьці Богу насуперак. Бо, зрэшты, у такой краіне надзея ўжо толькі на Яго.
Подых Апакаліпсісу
Я адчуў гэты подых на пачатку сакавіка. Зразумеўшы, што я пазбаўлены працы цалкам, пайшоў па Нямізе здаваць запасы валюты ў абменьнік і на працягу ня больш як паўгадзіны сустрэў трох мужчын — не бамжоў, няблага апранутых — якія папрасілі грошы. Адвярнуўся ад усіх — бо і даваць, нічога не зарабляючы, палічыў неразумным, але яшчэ — ад агіды, бо брыдка было бачыць, як на калені апусьціліся тыя, хто мусіў быць рухавіком грамадзтва. Можа, у іх вачах я ўжо і бачыў «мярзоту запусьценьня» — пра якую казаў Хрыстос адносна апошніх дзён. Менавіта ў той вечар я зразумеў, што цешчыны парады закупіцца грэчкай — не такі ўжо панікёрскі лямант. У наступны ж дзень набыў 5,5 кг.
Зрэшты, у тым абменьніку на Нямізе маю невялічкую суму эўра ўжо пільнавалі, як крумкачы, іншыя небаракі. У нейкі момант падумалася, што хутка абменьнікам трэба будзе перакваліфікавацца і выстаўляць іншыя курсы: «грэчка (1 кг) — маска (10 шт.)», «антысэптык — тушонка», «імбір — лімон» і гэтак далей. Бо, сапраўды, маска — як тая валюта: нідзе не дакупісься, але пры ўдачы можна і натрапіць.
Зрэшты, мяне даўно вабіла тэма Апакаліпсісу. З аднаго боку — страшна. Зь іншага — пабачыш прышэсьце Хрыста на свае вочы. Хрыстос казаў пра сыход у горы — але куды тут, хіба што да бацькоў на дачу зашыцца. Будзем сямейным кланам ва ўмовах усясьветнага голаду вырошчваць бульбу, буракі і далей па сьпісе.
Паставім трохмэтровы паркан вакол надзела-дзядзінца, кулямётныя вышкі па пэрымэтры, каб адбівацца ад гіенаў, хавацца ад дзяржхарчразьвёрсткі (я думаю, гэтую функцыю перакладуць на АМАП). Пераважную большасьць абывацеляў закрыюць у кватэрах, як у фільме «Матрыца», матывуючы гэта карантынам ад новай чумкі.
Зрэшты, у нейкі момант людзям прапануюць легчы ў капсулы з інтэграваным ШВЛ і пажыцьцёвым запасам парацэтамолу — і людзі самі ў чаргу стануць, каб трапіць у такую ячэйку і ўключыць на сваім экране праграму «шчасьлівае жыцьцё»...
Хрыстос сказаў пра хваробы і голад, і што людзі будуць паміраць ад страху новых бедзтваў — і тут ужо не пажартуеш, нечым падобна. Праўда, ёсьць свой пазытыўны момант — быць чалавекам апошняга пакаленьня, пабачыць другое прышэсьце. Зрэшты, Хрыстос жа сказаў маліцца, каб пазьбегнуць усяго агучанага — такім чынам, шанец ёсьць. А там — новае неба, новая зямля... Нашая клясыка. Цікава, а пра што будуць пісаць паэты апошняга пакаленьня?
Шарыку, па ходу, капцы А ты так і ня ўбачыў Янцзы Зрэшты, пра канец казалі прарокі Але мы думалі, нас абыдзе бокам
А што, калі гэта сапраўды — усяго толькі першая чара?
Раман Абрамчук, нарадзіўся ў Менску ў 1981 г., бібліятэкар і культуроляг паводле адукацыі, працуе экскурсаводам, гідам-перакладчыкам. Скончыў Школу маладых літаратараў пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Аўтар публіцыстычных і навукова-папулярных нарысаў на культурніцкую, грамадзка-палітычную, турыстычную тэматыку, а такскама вершаваных і празаічных мастацкіх твораў. Лідэр рок-гурта «Гарадзкі вал».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.