Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі ня ўводзяць карантын


Людзі ў масках на вуліцах Менску, ілюстрацыйнае фота. 5 красавіка 2020 году

Унікальная пазыцыя кіраўніцтва Беларусі адносна пандэміі ўжо атрымала шмат тлумачэньняў. Прычым па меры абвастрэньня сытуацыі, росту колькасьці хворых і памерлых гэтыя тлумачэньні карэктуюцца і ўдакладняюцца.

Сьцісла:

  • Прычыны адмовы ад увядзеньня карантыну ня толькі эканамічныя.
  • У Лукашэнкі існуе вера ў эфэктыўнасьць і перавагу беларускай сацыяльнай мадэлі. І, грунтуючыся на гэтых, як лічыў Лукашэнка, перавагах, Беларусь можа спыніць пандэмію без карантыну.
  • Таксама існуе кансьпіралягічная вэрсія, што пандэмія — гэта змова ўсясьветнай закулісы, каб захапіць эканоміку невялікіх краін.
  • Стратэгія ўладаў, накіраваная на лякалізацыю агменяў заражэньня, правалілася. І цяпер трэба было б радыкальна мяняць стратэгію барацьбы з COVID-19.
  • Пэўная карэкцыя ў пазыцыі дзяржаўных органаў адбываецца. Але для Лукашэнкі псыхалягічна цяжка прызнаць свае памылкі і зьмяніць пазыцыю.

Ёсьць рэчы, якія ляжаць на паверхні. У Беларусі, адрозна ад Эўропы, няма электаральнай залежнасьці ўлады наўпрост ад настрояў грамадзтва. Таксама відавочна, што Лукашэнка асьцерагаецца эканамічных стратаў ад жорсткага карантыну.

Але, як прызнаў Лукашэнка на нарадзе 7 красавіка, прычыны адмовы ад увядзеньня поўнага карантыну ня толькі эканамічныя. Бо ад адмены параду, спартовых, культурных, рэлігійных мерапрыемстваў ніякіх эканамічных страт ня будзе. Існуюць і іншыя матывы такіх паводзінаў.

Думаю, Лукашэнка дасюль мае веру ў эфэктыўнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, якая мае перавагу, асабліва ў крызісныя часы. Гэтая перавага грунтуецца на тым, што ў Беларусі моцная ўлада, жорсткая выканаўчая вэртыкаль, цэнтралізацыя кіраваньня. Тут, адрозна ад Эўропы, значна большы кантроль дзяржавы над грамадзтвам.

Дзяржаўныя мэдыя настойліва пераконваюць, што ў Беларусі лепшая сыстэма аховы здароўя. Тут дамінуе дзяржаўная мэдыцына. Па колькасьці мэдычных работнікаў, шпіталяў, койка-месцаў, апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на 100 тысяч насельніцтва і па іншых паказьніках краіна сапраўды выглядае нядрэнна на ўсясьветным фоне.

Грунтуючыся на гэтых, як лічыў Лукашэнка, перавагах, Беларусь можа спыніць пандэмію і без карантыну. Таму была прынятая стратэгія — ісьці, кажучы ягонымі словамі, «ня фронтам», а лякалізаваць асяродкі заражэньня.

Вера — вялікая рэч. 31 сакавіка кіраўнік дзяржавы ў ходзе сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай, кажучы пра пандэмію ў Беларусі, заявіў: «Мы цяпер (гэта мае адчуваньні, зыходзячы зь лічбавага аналізу захворваньня) знаходзімся на піку». На той момант колькасьць хворых на каранавірус у краіне складала 152 чалавекі. Сёньня — 1981. То бок адчуваньні вельмі моцна падвялі Лукашэнку.

З гэтай веры вынікала дзіўнаватая выснова, што паніка (ці вось новы тэрмін «інфадэмія») больш небясьпечная за каранавірус. Бо паніка несумяшчальная з ідэалягемай парадку, кантролю дзяржавы над усімі грамадзкімі працэсамі.

Іншая, ужо кансьпіралягічная вэрсія, якую Лукашэнка выказаў не адзін раз. Маўляў, пандэмія — гэта змова ўсясьветнай закулісы, каб на хвалі панікі, карантынаў і локдаўнаў захапіць эканоміку невялікіх краін. Таму нельга ім патураць. Калі зыходзіць з таго, што вірус першапачаткова зьявіўся ў Кітаі, то ці значыць гэта, што згаданую змову арганізавалі стратэгічныя саюзьнікі Беларусі — кітайцы? Цяжка сказаць, ці ёсьць тут сапраўдная вера ў гэтую вэрсію, ці гэта проста адгаворка, каб не спыняць эканоміку.

Асобная тэма — гэта парад на 9 траўня. У мяне ёсьць гіпотэза. Магчыма, Лукашэнка спадзяецца, што Пуцін з прычыны пандэміі адмовіцца ад параду ў Маскве. І тады акажацца, што адзіная краіна ў сьвеце, якая ўганаравала юбілей Перамогі парадам, — гэта Беларусь. Такім чынам беларускі лідэр утрэ нос прэзыдэнту Расеі, скіруе на сябе сымпатыі ўсіх прыхільнікаў «русского мира» і атрымае ўсю гаму піяраўскіх, палітыка-ідэалягічных дывідэндаў. Дзеля гэтага можна рызыкаваць нават здароўем вэтэранаў.

Аднак стратэгія ўладаў лякалізаваць асяродкі заражэньняў правалілася. Вірус даўно вырваўся за межы тых сьцяжкоў, якія спрабавалі паставіць улады. Гэта выклікала непрыхаванае раздражненьне Лукашэнкі, што вылілася ў абвінавачваньне мэдыкаў, нават памерлых, якія, маўляў, не сачылі за сваім здароўем.

На добры лад, цяпер трэба было б радыкальна мяняць стратэгію барацьбы з COVID-19. Але для Лукашэнкі псыхалягічна цяжка прызнаць свае памылкі, зьмяніць пазыцыю, прыслухацца да грамадзтва, незалежных мэдыя і нават мэдычнай супольнасьці. Бо на той вялікай нарадзе 7 красавіка кіраўнік дзяржавы некалькі разоў паўтарыў, зьвяртаючыся да кіраўніцтва Мінздароўя: «Ня вашыя функцыі адкрываць кагосьці, зачыняць, арыштоўваць і гэтак далей... Вы займайцеся сваёй справай».

Пэўная карэкцыя ў пазыцыі дзяржаўных органаў адбываецца. Робяцца захады дзеля абмежаваньня масавых мерапрыемстваў. Але неяк сарамліва, нібы хаваючыся, не афішуючы іх. Вось, напрыклад, футбольны матч у Віцебску адмянілі, але «з прычыны ўмоваў надвор’я». Дый сам Лукашэнка дэманстратыўна гуляе ў хакей.

І пазыцыя дзяржаўных мэдыя супярэчлівая. З аднаго боку, гучаць заклікі да насельніцтва перасьцерагацца, па магчымасьці захоўваць ізаляцыю, гігіену. А зь іншага боку, даводзіцца, што нічога страшнага, ня варта панікаваць, каранавірус — адзін зь вірусаў, якіх кожны год бывае шмат, сёлета сьмяротнасьць ад пнэўманіі нават меншая, чым раней, ад курэньня памірае больш, і г.д. То бок гучыць дэмабілізацыйная рыторыка. Бо такая ўстаноўка зьверху: пандэмія — гэта толькі псыхоз.

Тут можна правесьці гістарычную паралель з сытуацыяй напярэдадні вайны ў 1941 годзе. Усе бачылі, што Нямеччына рыхтуецца да вайны, але была цьвёрдая пазыцыя Сталіна, што вайны ня будзе, у нас з Гітлерам дамова аб ненападзе, галоўнае — не правакаваць немцаў. Тая дэмабілізацыйная ўстаноўка мела вельмі трагічныя наступствы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG