Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эпідэмія каранавірусу можа ператварыць месцы пазбаўленьня волі ў брацкія магілы», — заява АГП


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў заклікаў улады да «тэрміновай і максымальна шырокай амністыі» ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

На яго думку, найперш варта замяніць пакараньне ў тых выпадках, калі няма пільнай патрэбы ў пазбаўленьні волі.

«З улікам аслабленага імунітэту асуджаных і адсутнасьці ў калёніях, турмах і СІЗА якаснай мэдычнай дапамогі месцы пазбаўленьня волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворваньня гарантавана прывядзе да поўнага заражэньня ўсіх. У групе высокай рызыкі знаходзяцца ў тым ліку супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і іх сем’і», — гаворыцца ў заяве старшыні АГП.

Падпісаць пэтыцыю можна тут.

Мікалай Казлоў патрабуе прыслухацца да заявы Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН Мішэль Бачэле, у якім яна заклікала дзяржавы як мага хутчэй пачаць скарачаць колькасьць людзей за кратамі і прыняць тэрміновыя захады для абароны іх жыцьця ва ўмовах пандэміі.

Паводле яго, у розных краінах сьвету — ад Ірану, Судану і Бахрэйну да Канады, Нямеччыны і ЗША — у сувязі з эпідэміяй разгружаюць турмы і калёніі, адпускаючы частку вязьняў.

Палітык заклікаў беларускія ўлады ў самыя кароткія тэрміны прыняць неабходныя нарматыўныя дакумэнты пра амністыю для наступных катэгорый асужданых:

  • непаўналетніх;
  • хто ўчыніў злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасьці;
  • людзей пажылога ўзросту і з хранічнымі захворваньнямі;
  • жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей;
  • асуджаных непрапарцыйна цяжкасьці ўчыненага паводле «наркатычнага» артыкулу 328.

На перакананьне Мікалая Казлова, шырокая амністыя ў цяперашніх умовах будзе правільным рашэньнем з пункту гледжаньня барацьбы з эпідэміяй, сьведчаннем клопату пра здароўе жыхароў Беларусі і адпавядаць прынцыпам гуманізму і індывідуалізацыі выкананьня пакараньняў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG