Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь фільму жахаў. Кардонныя труны і непрыбраныя целы на вуліцах


Пахаваньне ў Гуаякілі. Нармальных трунаў на ўсіх не хапае. 8 красавіка 2020

Аляксандар Госьцеў, Расейская служба Радыё Свабода

«Гэта нагадвае сюжэт фільму жахаў, а шпіталі — зону ваенных дзеяньняў». Так мясцовыя і замежныя лекары, якія працуюць у Эквадоры, апісваюць наступствы эпідэміі COVID-19 у Гуаякілі, найбуйнейшым горадзе краіны. Усе дзяржавы спраўляюцца з крызісам вельмі па-рознаму. На лацінаамэрыканскім кантынэнце невялікі 16-мільённы Эквадор апынуўся сярод найбольш пацярпелых.

Відэа і фатаграфіі, якія апошнімі днямі паступаюць з Гуаякілю, насельніцтва якога складае амаль 2 мільёны 300 тысяч чалавек, нават на фоне ўсіх астатніх змрочных навін, зьвязаных з пандэміяй, вылучаюцца надзвычайнай безвыходнасьцю. Мясцовыя і фэдэральныя ўлады Эквадору відавочна не даюць рады таму, што адбываецца. Мэрыя пачала раздаваць жыхарам кардонныя труны — бо звычайных не засталося, і арганізавала спэцыяльную гарачую лінію для сем’яў, якім трэба прыбраць з дамоў і вуліц целы памерлых родных, бо моргі перапоўненыя.

Міністэрства здароўя Эквадору заяўляе, што ў краіне пакуль зарэгістравана толькі каля 4 тысяч выпадкаў інфікаваньня новым каранавірусам і толькі каля 200 сьмерцяў, большая частка якіх прыпадае на правінцыю Гуаяс са сталіцай Гуаякіль. Але сапраўдная колькасьць і хворых, і памерлых можа быць на парадак большая, перакананыя і мясцовыя лекары, і журналісты, і апазыцыйныя палітыкі. У любым выпадку, Эквадор ужо апынуўся паводле гэтых паказьнікаў на другім месцы ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы, пасьля гіганцкай Бразыліі.

Ёсьць інфармацыя, што чыноўнікам загадана не паведамляць статыстыку пра колькасьць памерлых у Гуаясе. Адзін рэгіянальны палітык сказаў тэлеканалу CNN en Español: «Проста каб даць вам уяўленьне: з учорашняга дня толькі ў Гуаясе было выдадзена 480 пасьведчаньняў аб сьмерці. 150 целаў падбіраюцца з вуліц кожны дзень. А са сталіцы нам расказваюць «толькі пра пару соцень сьмерцяў».

Зрэшты, прэзыдэнт Эквадору Ленін Марэна, якога вельмі жорстка крытыкуюць за ягоную рэакцыю на каранавірус і няздольнасьць эфэктыўна забясьпечыць карантын у Гуаякілі, вымушаны быў гэтымі днямі прызнаць, што ў найбліжэйшыя тыдні ў Гуаясе могуць памерці да 5 тысяч чалавек.

А кіраўнік апэратыўнага штабу Гуаякілю абвясьціў пра зьяўленьне гарачай лініі ў WhatsApp для сваякоў ахвяр:

«Увага: тыя, каму патрабуецца вываз памерлага з хаты, могуць напісаць нам па гэтым нумары».

Віцэ-прэзыдэнт Эквадору Ота Зонэнгольцнэр у жывым эфіры нацыянальнай тэлевізіі вымушаны быў афіцыйна прасіць прабачэньня перад народам за жудасныя паведамленьні, якія прыходзяць з Гуаякілю. На кадрах адтуль відаць трупы, скінутыя на тратуары з вокнаў.

Раней усю краіну абышоў адчайны заклік алькальда (мэра) Гуаякілю Сінтыі Вітэры да ўраду і насельніцтва: «Што здарылася з нашай сыстэмай аховы здароўя? Людзі пакідаюць сваіх мёртвых на асфальце, складуюць іх перад шпіталямі і нават мэрыяй. Ніхто ня хоча забіраць целы». Вітэры, сама інфікаваная каранавірусам (у лёгкай форме), прызнала, што ў Гуаякілі катастрафічна не хапае ні мэдпэрсаналу — частка мэдыкаў пазвальняліся і паўцякалі, баючыся заразіцца ад мноства пацыентаў, — ні апаратаў прымусовай вэнтыляцыі лёгкіх.

Пры гэтым супраць самой Сінтыі Вітэры пракуратура распачала крымінальную справу за стварэньне пагрозы жыцьцю людзей — пасьля падзей 18 сакавіка, пра якія гаварыў увесь сьвет. У той дзень два лайнэры гішпанскай авіякампаніі Iberia, якія меліся забраць у Эўропу каля 200 эўрапейскіх турыстаў (з Мадрыду яны вылецелі пустымі), не змаглі прызямліцца ў мясцовым аэрапорце імя Хасэ Хаакіна дэ Альмэда — усе супрацоўнікі аэрапорту, у тым ліку транспартная паліцыя, проста заблякавалі аўтамабілямі ўзьлётна-пасадачную паласу, баючыся інфэкцыі.

У выніку замежнікаў давялося перавозіць у аэрапорт сталіцы — Кіта, адкуль яны пазьней урэшце вылецелі. Тады Вітэры, якая, як высьветлілася, і падахвочвала ад самага пачатку ахопленых панікай работнікаў аэрапорту, публічна паабяцала, што калі ў аэрапорт зноў прыляцяць любыя самалёты з Эўропы, будзе тое самае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG