Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і сэпаратысты «ДНР-ЛНР» дамовіліся абмяняцца палоннымі да Вялікадня


Баевікі ДНР у Маёрску, архіўнае фота
Баевікі ДНР у Маёрску, архіўнае фота

Украіна і сэпаратысты на ўсходзе краіны, якіх падтрымлівае Расея, дамовіліся аб чарговым абмене палоннымі перад праваслаўным Вялікаднем.

Расейскі і ўкраінскі бакі ў так званай Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) абвясьцілі пра гэта 8 красавіка пасьля відэаканфэрэнцыі. Перамовы прывялі да «фундамэнтальных пагадненьняў наконт сьпісаў для ўзаемнага вызваленьня затрыманых асоб» не пазьней за праваслаўны Вялікдзень 19 красавіка, гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Прадстаўнік Расеі ў ТКГ Барыс Грызлоў заявіў, што Кіеў і сэпаратысты «ў асноўным скаардынавалі сьпісы затрыманых для абмену».

Не адразу было зразумела, колькімі вязьнямі будуць абменьвацца бакі. Падчас відэаканфэрэнцыі, якая праводзілася ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі супраць асабістых сходаў з прычыны пандэміі каранавірусу, бакі таксама абмеркавалі пытаньні разьмінаваньня і перамовы аб разьвядзеньні войскаў на ўсходзе Ўкраіны.

Перамовы аб новым спыненьні агню паміж Кіевам і расейскімі сэпаратыстамі пакуль не спынілі баявых дзеяньняў. Паводле зьвестак ААН, канфлікт забраў каля 13200 жыцьцяў з красавіка 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG