У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце пацьвердзілі, што на каранавірус захварэла супрацоўніца тэхнічнай службы, якая працуе гардэробшчыцай.
«У мяне няма інфармацыі пра іншых, хто б захварэў у нашай ВНУ. Пасьля ў лякарню забралі цесьляра, правяралі дворнікаў, якія зь ёй кантактавалі, але мне невядома, ці яны захварэлі», — сказаў Свабодзе прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі.
Адносна супрацоўніцы, якая захварэла, Андрэй Гараноўскі паведаміў, што яна працавала ў месцы, дзе быў мінімум кантактаў зь іншымі людзьмі:
«Дзе працуе тая гардэробшчыца — у нас гэта тупіковы, непрацоўны выхад. Абсалютна для абмежаванага кола людзей. І гэта было 24 сакавіка, калі яна апошні раз была на працы. А забралі яе ў шпіталь значна пазьней. А больш у мяне няма інфармацыі, што нехта захварэў».
А вось што Свабодзе паведаміла ананімная крыніца з БДТУ.
«1 красавіка ва ўнівэрсытэт пазванілі і сказалі, што ў гардэробшчыцы 2-га корпусу пацьвердзіўся каранавірус, яна тады ўжо ляжала з апаратам ШВЛ. Пасьля гэтага ніякіх захадаў зроблена не было, усе працавалі ў штатным рэжыме. Увечары таго ж дня стала блага цесьляру, які зь ёй шчыльна кантактаваў, яго забрала хуткая таксама. Унівэрсытэт працуе як раней, захадаў ніякіх (адправілі толькі дамоў прыбіральшчыц, цяпер туалеты зачыненыя, дэзынфікаваць і мыць іх няма каму, далі дзьве бутэлькі антысэптыка на катэдру). Самае жахлівае, што гардэробшчыца кантактавала з кучай студэнтаў і выкладчыкаў, выдавала ключы і адзеньне», — паведаміла ананімная крыніца.
Яшчэ адзін супрацоўнік БДТУ, які прасіў не называць яго імя, паведаміў Свабодзе, што цясьляр, які кантактаваў з гардэробшчыцай, усё ж таксама захварэў на каранавірус і цяпер ляжыць у 6-м шпіталі. Ягоны стан цяпер лепшы, а вось гардэробшчыца Надзея Ю., па зьвестках крыніцы, у цяжкім стане, за яе жыцьцё змагаюцца лекары. Па зьвестках, на каранавірус захварэў таксама яе муж, які на пачатку сакавіка вярнуўся з адпачынку ў Эгіпце.
Прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі гэтак адказаў на пытаньне Свабоды пра санітарныя захады ў ВНУ, зробленыя пасьля інфармацыі пра хваробу супрацоўніцы.
«У нас рэгулярна робяцца ўсе захады па санітарнай апрацоўцы. Абсалютна ўсё, што трэба, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі. І мыем, і дэзрастворы ўжываем».