Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Камітэту дзяржкантролю пракамэнтаваў справу арыштаванага журналіста Сацука


Сяргей Сацук, рэдактар выданьня «Ежедневник»
Сяргей Сацук, рэдактар выданьня «Ежедневник»

Да 5 красавіка дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю (КДК) перадасьць справу галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука ў Сьледчы камітэт, сказаў журналістам 2 красавіка старшыня КДК Леанід Анфімаў, паведамляе БелаПАН.

На пытаньне, навошта Сацука вырашылі ўзяць пад варту, калі ўсе дакумэнты і тэхніку канфіскавалі, а межы краін вакол Беларусі закрытыя і зьехаць журналіст ня зможа, Анфімаў адказаў, што было «вельмі шмат выпадкаў, калі межы закрытыя, але падазраваныя знаходзілі шчыліны і пакідалі поле зроку праваахоўных органаў, і ён ня можа прыставіць каля кожнага апэратыўнага супрацоўніка, «каб ён хадзіў зь ім дзень і ноч», бо хоць падазраваны, магчыма і не ўцячэ, ён «можа перашкодзіць абʼектыўнаму расьсьледаваньню».

Як удакладніў Анфімаў, пасьля таго, як ДФР перадасьць матэрыялы справы ў Сьледчы камітэт, мера стрымання можа быць зьмененая, таксама СК можа перакваліфікаваць крымінальны артыкул.

«А можа быць, наогул скажуць нам, што мы ня маем рацыі зусім, і спыняць гэта крымінальны перасьлед. Я не выключаю і такога варыянту», — дадаў ён.

На пытаньне, ці ёсьць у артыкулах Сацука не адпаведная рэчаіснасьці інфармацыя, а сабраныя ім зьвесткі аб карупцыі ў сыстэме аховы здароўя ня маюць грамадзкай значнасьці і журналіст абараняў чыесьці камэрцыйныя інтарэсы, Анфімаў адказаў:

«А вы лічыце, што не абараняў? Можа быць, вы ня ўсё ведаеце проста. Я пакуль ня буду нічога расказваць у інтарэсах сьледзтва і, можа быць, нават у ягоных інтарэсах».

Пра ліст Сацука, які той пакінуў для калег на выпадак свайго затрыманьня і ў якім заяўляў пра пагрозы ў свой адрас з боку высокапастаўленага чыноўніка, Анфімаў скзааў, што ніхто ня мог «замовіць» журналіста яго ведамству:

«Калі б нехта „крышаваў“, ведаючы рэзананс вакол „справы мэдыкаў“ і забесьпячэньня мэдыцынскай тэхнікай, даўно б гэты „крышавальнік“ сядзеў», — запэўніў Анфімаў і дадаў, што яму крыўдна, як часам «неабʼектыўна асьвятляецца дзейнасьць дзяржаўных органаў, асабліва КДК».

«Як можа журналіст, ня ведаючы сутнасьці справы і ўсіх тонкасьцяў, даваць ацэнку таму, што адбываецца ў гэтым дзяржаўным органе?» — сказаў Анфімаў. У адказ на гэта журналісты заклікалі старшыню КДК зрабіць падпарадкаванае яму ведамства больш адкрытым для СМІ і апэратыўна даваць інфармацыю.

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).

Цяпер журналіст знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнтацыю, супрацоўнікаў выданьня дапыталі ў якасьці сьведак у справе.

У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнты і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і пляншэт.

Родныя і калегі Сацука зьвязваюць ягонае затрыманьне з прафэсійнай дзейнасьцю. «Эўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрыманьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG