Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумныя карціны на «дзень дурня»: як менская мастачка малюе каранавірус і самаізаляцыю


«Вірус». Людміла Шчамялёва
«Вірус». Людміла Шчамялёва

Людміла Шчамялёва зьвярнулася ў сваёй творчасьці да тэмы пандэміі каранавірусу. На яе карцінах — людзі ў масках як прыкмета глябальнай праблемы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Наіўнае мастацтва ў часы пандэміі

«Канец сьвету». Людміла Шчамялёва
«Канец сьвету». Людміла Шчамялёва

Людміла — дачка вядомага беларускага жывапісца Леаніда Шчамялёва. Працуе ў стылі «арт-наіў». Яе творы — гэта своеасаблівыя міні-гісторыі штодзённага побыту звычайных людзей, яны шчодра аздобленыя гумарам і іроніяй.

Такія карціны добра пасуюць да 1 красавіка, калі ёсьць нагода пасьмяяцца ды пажартаваць. Але апошнія працы, якія выйшлі з-пад пэндзля мастачкі, настройваюць на пэсымістычны лад. Назвы кажуць самі за сябе: «Трывожныя навіны», «Вірус», «Трылер», «Самаізаляцыя».

Свабода распытала ў мастачкі, чаму зьявілася патрэба адрэагаваць на зьяву, якую складана перадаць жывапісам?

Людміла Шчамялёва
Людміла Шчамялёва

«Гэта лягічная рэакцыя на тыя жахлівыя рэчы, якія адбываюцца вакол, — кажа Людміла Шчамялёва. — Калі пастаянна варысься ў адным і тым жа інфармацыйным катле, калі гэтая навала ўсё бліжэй да нас падступае, раўнадушна глядзець на спалоханае грамадзтва ўсё складаней. Тым больш, што нам нічога ўцямна не тлумачаць. Таму даводзіцца выжываць самастойна, аберагаць перадусім сваіх блізкіх».

Мастакі і так малююць у ізаляцыі

«Трывожныя навіны». Людміла Шчамялёва
«Трывожныя навіны». Людміла Шчамялёва

Мастакоўская самаізаляцыя ня надта адрозьніваецца ад звыклага рытму, кажа суразмоўніца. Калі гэта не натурная праца, то дастаткова натхненьня і спадарожнага матэрыялу — фарбы, мальбэрт. З мужам Ігарам Рымашэўскім, таксама папулярным мастаком, яны перастрахаваліся з запасам.

«Усе спосабы падгледжаныя ў інтэрнэце: як ратуецца сьвет, тое і паўтараем, — працягвае мастачка. — Гляджу, у нас наконт гэтага асабліва ніхто не пераймаецца: усё добра, маўляў, гэта псыхоз. Рыхтуюцца да вайсковага параду, да „Славянскага базару“, да нейкай ерунды. Жахліва. Дзяржава не спрабуе нават задумацца, чым такія экспэрымэнты могуць завяршыцца. Спадзяюцца, што само сабой рассмокчацца. А мне падаецца, нічога не рассмокчацца, усё наша жыцьцё цяпер „абнуляецца“, як прэзыдэнцкі тэрмін. Вось і мы абнуліліся, а цяпер думаем, як жыць далей».

«З Днём касманаўтыкі». Ігар Рымашэўскі
«З Днём касманаўтыкі». Ігар Рымашэўскі

Мастакам у цяперашняй няпэўнасьці складана гэтаксама, як і ўсім астатнім творцам, адзначае Людміла. Калі людзі акцэнтаваныя на бясьпецы, здароўі ці запасах харчоў, жывапіс, літаратура, тэатар адыходзяць на задні плян. Толькі і застаецца спадзявацца, што гэтая зьява часовая.

«Усё ж на вуліцы вясна, ва ўсёй красе і сіле. І хоць усе напалоханыя, людзі ёсьць людзі, урэшце адтаюць і пачнуць жыць. Гэта натуральны працэс. Бязьмерна шкада хворых, памерлых, якіх хаваюць па нейкіх шпіталях і мы ня ведаем, колькі іх насамрэч. Крыўдна, што ставяцца як да масы, якую можна ігнараваць. Каб нармальна, па-чалавечы растлумачылі, не было б таго псыхозу. А ў адсутнасьць інфармацыі толькі і застаецца думаць, што нас падманваюць, да ўсяго трэба дакопвацца самім».

«Трылер у самаізаляцыі». Людміла Шчамялёва
«Трылер у самаізаляцыі». Людміла Шчамялёва

«Калі няма інфармацыі, застаецца думаць, што нас падманваюць»

Людміла Шчамялёва мяркуе, што ў барацьбе зь нябачным праціўнікам беларускія ўлады працягваюць абапірацца на нічым не падмацаваную браваду. Такую пазыцыю, перадусім з боку Аляксандра Лукашэнкі, яна лічыць безадказнай. Значная частка насельніцтва такім заявам верыць і ператвараецца ў найбольш уразьлівы кантынгент патэнцыйных хворых.

«Прамая трансьляцыя». Людміла Шчамялёва
«Прамая трансьляцыя». Людміла Шчамялёва

Ейны пэрсанаж з тэлевізара найлепш перадае атмасфэру «народнасьці». «Прамая трансьляцыя» — як духоўная повязь электарату і галоўнага героя каранавірусных навінаў.

Людміла Шчамялёва кажа, што яе «каранавірусны сэрыял» не прыдуманы з галавы, а падгледжаны ў рэаліях — ад засяроджанасьці пасажыраў грамадзкага транспарту да вымушанай ізаляцыі сяброў ды знаёмых. І вясёлага ў гэтым, адрозна ад ранейшых працаў, сапраўды няшмат.

«50 грамаў чыстага сьпірту». Людміла Шчамялёва
«50 грамаў чыстага сьпірту». Людміла Шчамялёва

«Якое жыцьцё — такія і працы, усё бярэцца з таго, што нас атачае, — усьміхаецца яна. — Мой знаёмы, калі хоць крыху адчувае сябе кепска, пачынае галасіць, што ўжо ўсё, сьмерць на парозе. Нават калі лёгкая прастуда. Нельга раскісаць, гэта хачу сказаць і ў сваіх працах. Я наогул не люблю прыдумляць, заўсёды намагаюся маляваць толькі тых, каго люблю, і тое, што бачу. Едзеш у мэтро, зьяўляюцца думкі, асэнсоўваеш. Ідзеш па любімым горадзе, глядзіш, дзе што зьнесьлі і якую спаруду ўваткнулі. Пастаянна назіраеш за сьветам».

Практычна ўсе яе працы сьпісаныя з рэальных падзеяў — як «Трылер», дзе Людміла Шчамялёва пазіруе сама сабе. Прагляд кінафільмаў падчас добраахвотнага карантыну — абавязковая частка праграмы. Або «прэзыдэнцкія» 50 грамаў чыстага сьпірту, якія для некаторых сталі зручнай адгаворкай пра легалізаваную чарку і скварку. А мэдычная маска — ужо сама па сабе неад’емны атрыбут публічнай прасторы, якая ўсё больш звужаецца.

А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся». Людміла Шчамялёва
А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся». Людміла Шчамялёва

«Пакуль сядзіш у самаізаляцыі, узьнікаюць ідэі, якія раней, можа, у галаву і не наведаліся б, — кажа мастачка. — Так што чакайце новых вобразаў, спадзяюся, натхненьне ў чатырох сьценах ня зьнікне. Фарбаў накуплялі, вось сядзім, малюем, пакуль асабліва няма куды высунуцца», — не губляе аптымізму Людміла Шчамялёва.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG