Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць жыць


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць захаваць жыцьцё. Ён падтрымаў увядзеньне карантыну ў Маскве і Маскоўскай вобласьці і заявіў, што лічыць парушэньне захадаў карантыну злачыннай нядбайнасьцю.

«[Людзям старэйшым за 65 гадоў] трэба шчыра сказаць: калі вы хочаце захаваць сваё здароўе і сваё жыцьцё — вы мусіце заставацца дома. Мы думаем пра вас. Падумайце, калі ласка, і вы пра сябе», — цытуе словы расейскага прэзыдэнта сайт Крамля. Ён сказаў пра гэта на нарадзе са сваімі паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў рэгіёнах.

Як цьвердзіць Пуцін, расейскім уладам удалося не дапусьціць нэгатыўнага разьвіцьця сцэнару з эпідэміяй каранавірусу. Ён выдаў шэраг даручэньняў для барацьбы з выбухам каранавіруснай інфэкцыі — у тым ліку, аб прыцягненьні да барацьбы студэнтаў-мэдыкаў, лекараў іншых спэцыяльнасьцяў і выкладчыкаў мэдычных ВНУ і прафэсараў, аб папаўненьні запасаў апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, аб разгортваньні новых цэнтраў дыягностыкі захворваньня. Акрамя таго, ён даручыў наладзіць абмен пацыентамі паміж рэгіёнамі.

Пуцін заявіў, што лічыць захады супраць выбуху хваробы апраўданымі. «Нават калі яны людзям незнаёмым з праблемай здаюцца для Расеі сёньня крыху залішнімі. Як кажуць, беражонага Бог беражэ», — сказаў ён. Раней сумневы юрыстаў і праваабаронцаў выклікала законнасьць захадаў, ужываных кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў. Прэс-сакратар Пуціна гэтае пытаньне камэнтаваць адмовіўся, сам прэзыдэнт гэтую тэму не закрануў.

З пачатку студзеня колькасьць пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй ў Расеі дасягнула 1836, дванаццаць чалавек памерлі. За апошнія суткі зафіксаваныя 302 новыя выпадкі заражэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG