Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі за парушэньне карантыну ўведзены штраф да 1 млн рублёў


Масква, 27 сакавіка 2020

Урад Расеі ўхваліў узмацненьне адказнасьці за парушэньне карантынных захадаў. Пра гэта расказаў расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін.

Папраўкі ўводзяцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штрафы ўхвалілі ў наступнай рэдакцыі — пры першым парушэньні:

  • для фізычных асоб — ад 15 да 40 тысяч расейскіх рублёў (каля $200 — $500),
  • службовых асоб — ад 50 да 150 тысяч рублёў (каля $630 — $1890),
  • юрыдычных асоб — ад 200 да 500 тысяч рублёў (каля $2500 — $6300);

Калі парушэньні паўторныя або пацягнулі спрычыненьне шкоды здароўю або сьмерць, але гэта не трапляе пад Крымінальны кодэкс, штраф складзе:

  • для грамадзян — ад 150 тысяч да 300 тысяч рублёў (каля $1890 — $3760),
  • службовых асоб — ад 300 тысяч да 500 тысяч рублёў або дыскваліфікацыю на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў (каля $3760 — $6300),
  • юрыдычных асоб — ад 500 тысяч да мільёна рублёў (каля $6300 — $12 540).

Штрафаваць на такую суму будуць тых, хто парушыў «заканадаўства ў галіне забесьпячэньня санітарна-эпідэміялягічнага дабрабыту насельніцтва». Раней дэпутат Дзярждумы Міхаіл Емяльянаў тлумачыў, што гэтыя штрафы прадугледжаныя для тых, хто кантактаваў з носьбітам каранавірусу і ня самаізаляваўся.

У Маскве з 30 сакавіка на распараджэньне мэра Сяргея Сабяніна ўводзіцца хатні рэжым самаізаляцыі для ўсіх жыхароў гораду незалежна ад узросту. Аналягічныя захады ўводзяцца і ў Маскоўскай вобласьці.

Пакідаць кватэру грамадзяне змогуць толькі ў выпадках:

  • звароту па экстраную мэдычную дапамогу і іншай непасрэднай пагрозы жыцьцю і здароўю,
  • паездак на працу, калі вы абавязаны хадзіць на працу,
  • закупаў у найбліжэйшай краме або аптэцы,
  • выгулу хатніх жывёл на адлегласьці ня больш за 100 мэтраў ад месца пражываньня,
  • неабходнасьці вынесьці бытавое сьмецьце.

Знаходзячыся на вуліцах, у крамах, на транспарце і ў іншых грамадзкіх месцах грамадзяне абавязаны захоўваць фізычную дыстанцыю ад іншых людзей ня менш за 1,5 мэтра. Выключэньне — толькі паездкі на таксі.

Крамы, аптэкі і любыя іншыя арганізацыі абавязаны забясьпечыць захаваньне дыстанцыі, у тым ліку нанесьці спэцыяльную разьметку і ўвесьці рэжым допуску і знаходжаньня ў будынках і на прылеглай тэрыторыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG