Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт у Беларусі перамог тэлебачаньне як крыніца інфармацыі пра пандэмію


Менск, 20 сакавіка 2020
Менск, 20 сакавіка 2020

Сьцісла

  • Сярэдняя адзнака ўзроўню занепакоенасьці пандэміяй сярод жыхароў беларускіх мэгаполісаў — 6 балаў з 10
  • У якасьці крыніцы інфармацыі пра пандэмію інтэрнэт у Беларусі перамог тэлебачаньне
  • Падчас пандэміі гараджане ў Беларусі сталі надаваць больш увагі сваёй асабістай гігіене (77 %), імкнуцца пазьбягаць месцаў масавага збору людзей (59 %)
  • 14 % рэспандэнтаў паведамілі, што ў сувязі з каранавірусам пачалі выкарыстоўваць дастаўку ежы
  • Толькі 8 % апытаных беларускіх гараджанаў адказалі, што ўжо перайшлі на працу з дому
  • У Беларусі на працу і вучобу з дому перайшла істотна меншая доля насельніцтва, чым нават у Расеі

Кожны пяты жыхар Менску і абласных гарадоў моцна занепакоены пандэміяй каранавірусу. Многія беларусы сталі больш увагі надаваць асабістай гігіене, імкнуцца пазьбягаць месцаў масавага збору людзей, пазьбягаць карыстацца грамадзкім транспартам. Пры гэтым толькі 8 % жыхароў вялікіх гарадоў зараз працуюць з дому.

Такія вынікі апытаньня Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў (МАСМД).

Дадзеныя апытаньня апублікаваныя выданьнем «Беларускія навіны».

МАСМД праводзіла апытаньне онлайн у сакавіку сёлета, усяго было апытана 500 рэспандэнтаў у Менску і абласных гарадах краіны ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў.

Занепакоенасьць

Пятая частка апытаных паведамілі, што яны вельмі занепакоеная сытуацыяй з каранавірусам. Яны ацанілі ступень сваёй занепакоенасьці на 9,1 бала паводле 10-бальнай шкалы. Палова рэспандэнтаў ацаніла сваю занепакоенасьць ад 5 да 8 балаў. Сярэдняя адзнака занепакоенасьці пандэміяй склала 6,2 бала.

Найбольшую занепакоенасьць сытуацыяй з пандэміяй выказалі рэспандэнты ва ўзросьце 45-54 гадоў, а найменшую — моладзь ад 18 да 24 гадоў.

Беларускія дадзеныя цікава параўнаць з расейскімі. Расейскі Лявада-цэнтар у канцы сакавіка правёў апытаньне пра стаўленьне расейцаў да пандэміі. Там апытаньне праводзілася сярод усіх пластоў насельніцтва, а ня толькі сярод жыхароў мэгаполісаў. У расейскім апытаньні 44 % рэспандэнтаў паведамілі, што пэўна баяцца або хутчэй баяцца заразіцца каранавірусам

Крыніцы інфармацыі

У дасьледаваньні МАСМД у Беларусі 92 % рэспандэнтаў адзначылі, што ўвесь час або час ад часу сочаць за навінамі аб каранівірусе.

Пры гэтым самымі папулярнымі крыніцамі інфармацыі для апытаных у цэлым аказаліся сайты навінаў у інтэрнэце (84 %) і сацыяльныя сеткі, форумы і блогі (54 %). На другім месцы аказалася нацыянальнае тэлебачаньне (36 %), з размоваў зь сябрамі, сваякамі, калегамі атрымліваюць інфармацыю пра пандэмію 34 % рэспандэнтаў, глядзяць навіны на гэтую тэму па тэлебачаньні іншых краінаў 26 %, 14 % вывучаюць інфармацыю на сайце Сусьветнай арганізацыі здароўя (14 %) і толькі 5 % чытаюць пра гэта ў друкаваных выданьнях.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У якасьці крыніцы інфармацыі пра пандэмію інтэрнэт перамог тэлебачаньне. Хаця гэта тычыцца апытаных у цэлым. Рэспандэнты старэйшых узростаў — 45-54 гадоў — часьцей за астатнія крыніцы інфармацыі пра каранавірус называлі беларускае тэлебачаньне (51 %). А ў моладзі — 18-24 гадоў — асноўнай крыніцай інфармацыі пра пандэмію аказаліся сацыяльныя сеткі, форумы і блогі (78 %).

Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, 28 сакавіка 2020
Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, 28 сакавіка 2020

Меры бясьпекі

Дадзеныя апытаньня МАСМД у Беларусі паказалі, што рэспандэнты сталі надаваць больш увагі сваёй асабістай гігіене (77 %), імкнуцца пазьбягаць месцаў масавага збору людзей (59 %) і абмяжоўваюць наведваньне гандлёвых цэнтраў (40 %).

Амаль кожны трэці апытаны гараджанін паведаміў, што стаў радзей карыстацца грамадзкім транспартам, а таксама стаў надаваць увагу апрацоўцы антысэптыкам тэлефона і іншых паверхняў.

У Расеі, паводле сакавіцкага апытаньня Лявада-цэнтру, адмовіліся ад наведваньня масавых мерапрыемстваў 23 % апытаных, а 8 % — ад паездак у грамадзкім транспарце.

Закупы ў крамах

Менш за ўсё зьмены ў паводзінах жыхароў беларускіх мэгаполісаў закранулі замовы прадуктаў. Толькі 14 % рэспандэнтаў паведамілі, што з прычыны каранавірусу пачалі выкарыстоўваць дастаўку ежы. 45 % апытаных адзначылі, што ня сталі купляць дадатковыя тавары і прадукты пад уплывам пандэміі.

У расейскім апытаньні пра дадатковыя закупы паведамілі толькі 11 %.

Менск, 27 сакавіка 2020
Менск, 27 сакавіка 2020

Карантын для нямногіх

У апытаньні МАСМД у Беларусі 57 % рэспандэнтаў адзначылі, што ніякіх зьменаў у іх працы не адбылося, бо іх працу немагчыма выконваць на адлегласьці. Яшчэ 9 % паведамілі, што іх працадаўцы супраць таго, каб яны працавалі з дому. Яшчэ 9 % заявілі, што пакуль у іх працы нічога не зьмянілася, але яны разглядаюць магчымасьць працы на адлегласьці. Нарэшце, 8 % адказалі, што ўжо перайшлі на працу на адлегласьці.

МАСМД адзначае, што сярод тых, хто ўжо перайшоў на працу на адлегласьці, больш за ўсё рэспандэнтаў з IT-сфэры, а сярод тых, у каго няма магчымасьці выконваць працу на адлегласьці, больш прадстаўленыя рабочыя спэцыяльнасьці.

Падчас сакавіцкага апытаньня Лявада-цэнтру ў Расеі, 8 % рэспандэнтаў паведамілі, што засталіся дома і ня ходзяць на працу і вучобу на загад кіраўніцтва, і 7 % — што робяць гэта на ўласнае жаданьне.

Нагадаем, што лічбы апытаньня Лявада-цэнтру тычацца ўсяго насельніцтва Расеі, лічбы апытаньня МАСМД у Беларусі — толькі жыхароў Менску і абласных гарадоў. Аднак атрымалася, што сярод гэтых жыхароў беларускіх мэгаполісаў доля тых, хто апынуўся на карантыне, аказалася ніжэйшай чым па Расеі ў цэлым. Відавочна, што сярод жыхароў невялікіх гарадоў і сялянаў гэтая доля ніжэйшыя, чым сярод жыхароў сталіцы і абласных цэнтраў.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў Беларусі на працу і вучобу на адлегласьці перайшла істотна меншая доля насельніцтва, чым нават у Расеі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG