Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санітарная служба рэкамэндавала рэстаранам рассунуць столікі на 1,5 мэтра


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Больш вільготных прыборак, дэзынфэкцыя, антысэптыкі і ніякіх кальянаў — гэта яшчэ ня ўсе рэкамэндацыі месцам грамадзкага харчаваньня ад санітарна-эпідэміялягічнай службы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Суб’ектам гаспадараньня (кавярням, рэстаранам, начным клюбам) разаслалі рэкамэндацыйны ліст, у якім прапісалі захады супраць каранавіруснай інфэкцыі. Сярод іх павелічэньне адлегласьці паміж пасадачнымі месцамі і захаваньне рэсьпіраторнага этыкету.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла загадчыца аддзяленьня гігіены харчаваньня Санітарна-эпідэміялягічнай службы Менску Вольга Цімашэнка.

«У месцах агульнага карыстаньня (холы, прыкасавыя зоны, туалеты) неабходна разьмяшчаць дазатары з антысэптыкам для апрацоўкі рук, павялічыць колькасьць вільготных прыборак з прымяненьнем сродкаў дэзынфэкцыі. Ва ўсіх месцах павінна быць інфармацыя для наведнікаў, як праводзіць прафіляктыку каранавіруснай інфэкцыі».

Санэпідслужба рэкамэндавала на аб’ектах грамадзкага харчаваньня забясьпечыць адлегласьць паміж столікамі ня менш за 1,5 мэтра. А таксама прыпыніць паслугі курэньня кальяна. Таксама неабходна абмежаваць правядзеньне культурна-масавых мерапрыемстваў, усялікіх карпаратываў.

«Калі гэта канцэрты, калі яны запрашаюць зорак, то тады, як правіла, яны пераносяцца. На сайце можна пабачыць інфармацыю і пра перанос канцэртаў, і пра адмену начных дыскатэк».

Паводле Вольгі Цімашэнкі, каранавірус — гэта рэсьпіраторная інфэкцыя, таму перш за ўсё трэба захоўваць правілы асабістай гігіены.

«Трэба максымальна часта мыць рукі з мылам, а пры адсутнасьці такой магчымасьці карыстацца альбо антысэптыкам, альбо сурвэткамі з дэзынфэктарам на сьпірце. А таксама захоўваць рэсьпіраторны рэжым, пазьбягаць масавага збору людзей. Гэта самае галоўнае і тычыцца ня толькі каранавіруснай інфэкцыі, але і любой рэсьпіраторнай інфэкцыі».

У галоўным упраўленьні гандлю і паслуг Менгарвыканкаму карэспандэнту Свабоды паведамілі, што кавярні, рэстараны працуюць у ранейшым рэжыме, але могуць скарачаць час працы, калі так вырашаць.

«Рэжым працы вызначаны, але калі яны хочуць скараціць час працы, то мы тут ня супраць».

Таксама ва ўпраўленьні сказалі, што колькасьць наведнікаў стала «намнога меншай, як і ва ўсім сьвеце».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG