Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэсія Палаты прадстаўнікоў адкрыецца, нягледзячы на каранавірус. Доступ запрошаных асобаў абмежаваны


Архіўнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў 6 сьнежня 2019 году
Архіўнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў 6 сьнежня 2019 году

Першае паседжаньне адбудзецца 2 красавіка. Эпідэмія ўжо паўплывала на працу камісій.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

На наступным тыдні павінен пачаць працу нававыбраны склад Палаты прадстаўнікоў. У яго ўвайшлі 110 дэпутатаў, толькі 30 зь іх былі і ў ранейшым складзе. Сярэдні ўзрост сяброў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня каля 50 гадоў. Пакуль, нягледзячы на пандэмію, ніякіх зьменаў у працэдуры не заплянавалі.

«2 красавіка плянуецца адкрыцьцё, — паведамілі Свабодзе ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў. — Як будзе далей, цяжка сказаць».

Былы амбасадар Беларусі ў Турэччыне Андрэй Савіных быў выбраны ў Палату прадстаўнікоў мінулай восеньню ўпершыню. Адразу ўзначаліў Пастаянную камісію міжнародных пытаньняў. У размове са Свабодай Савіных прызнаецца, што пакуль ня думаў над тым, ці будзе рабіць нейкія захады асабістай бясьпекі падчас сэсіі.

«Калі шчыра, я пра гэта нават ня думаў, — сказаў Андрэй Савіных. — У нас ёсьць службы, якія гэтым займаюцца, якія арганізоўваюць сэсію. Я прадстаўляю камісію міжнародных спраў. Мы сёньня праводзілі паседжаньне. Яно адбылося. Што будзе далей, гэта не да мяне пытаньне».

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч таксама стаў дэпутатам упершыню. Ён гаворыць, што наступствы эпідэміі каранавірусу ўжо наклалі свой адбітак на працу Палаты прадстаўнікоў. У будынак абмежавалі доступ запрошаных асобаў.

«Панікаваць нельга, але і расслабляцца таксама, — кажа Гайдукевіч. — У мяне паўсюль антысэптык, і ў партыі, і ў парлямэнце. З катарам уваход забаронены, апрацоўка антысэптыкам твару і рук абавязковая. Па-другое, у парлямэнце цяпер абмежавалі мерапрыемствы з удзелам запрошаных асобаў. Вось адбылося паседжаньне міжнароднай камісіі. Мы нават адным з пытаньняў разглядалі спосабы падтрымкі бізнэсу ва ўмовах пандэміі, але не было запрошаных асобаў. Абмежаваліся сваім колам. Сабралі толькі дыстанцыйна дакумэнты і разгледзелі пытаньні».

Гайдукевіч перакананы, што сэсію трэба адкрываць, нягледзячы на небясьпеку. На думку дэпутата, эканамічныя наступствы эпідэміі могуць быць больш жорсткімі, чым эпідэміялягічныя. Пакуль мэдыкі дазваляюць працаваць дэпутатам на сэсіі, трэба гэта рабіць. Пры гэтым сам старшыня ЛДПБ кажа, што сам трымаецца строгіх мераў перасьцярогі. Нават з выбарнікамі стараецца не сустракацца асабіста.

«Я людзей прымаю ў масцы цяпер, — кажа Гайдукевіч. — Шмат старых прыходзіць. Я прапаноўваю дыстанцыйна размаўляць. Але калі чалавек прыходзіць, то надзяваю маску. Апрацоўваюся антысэптыкам і трымаю адлегласьць. Раю ўсім па вуліцы не бадзяцца. Ці буду вітацца за руку ў парлямэнце? У нас ёсьць антысэптык. Я бы ўсіх прымусіў у парлямэнце мыць рукі антысэптыкам, а пасьля вітацца ўжо».

Адным зь першых пытаньняў, якое павінна разгледзець Палата прадстаўнікоў падчас вясновай сэсіі, будзе ратыфікацыя дамовы Беларусі з Эўразьвязам аб новых цэнах на шэнгенскія візы. Калі дэпутаты яе ўхваляць, то кошт візаў для беларусаў зьнізіцца да 35 эўра ўжо з пачатку чэрвеня. Праўда, пакуль невядома, ці адкрые Эўразьвяз да таго часу свае межы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG