Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за незаконнае абарачэньне наркотыкаў асудзілі 13 чалавек, малодшаму — 16 гадоў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Суд Фрунзэнскага раёну Менску вынес выракі 13 чалавекам за незаконнае абарачэньне наркотыкаў і псыхатропаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Менгарсуду.

Усіх фігурантаў справы прызналі вінаватымі, самага маладога зь іх — 16-гадовага хлопца — асудзілі на 6 гадоў выхаваўчай калёніі, але ў сувязі з амністыяй скарацілі тэрмін пакараньня на 2 гады — ён мае адседзець у калёніі 4 гады.

Астатнія абвінавачаныя атрымалі тэрміны ад 8 гадоў 1 месяца да 12 гадоў калёніі агульнага або ўзмоцненага рэжыму. Дзевяць з 12 чалавек таксама падпалі пад амністыю, ім зменшаць пакараньне на 1 год.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, абвінавачаныя зь лістапада 2018-га па сакавік 2019 году незаконна набывалі, захоўвалі, перавозілі і збывалі асабліва небясьпечныя наркотыкі і і псыхатропы праз інтэрнэт-краму «Сыты баця» («Сыты баценька», «Баця-шоп»). Грошы за наркотыкі атрымлівалі праз плястыкавыя карткі і электронныя кашалькі, зарэгістраваныя на іншых людзей, наркотыкі перадавалі праз схованкі.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG