Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на лідэра крымскіх татараў Рэфата Чубарава завялі крымінальную справу


Рэфат Чубараў.
Рэфат Чубараў.

Расейскія ўлады анэксаванага Крыму завялі крымінальную справу за «​арганізацыю масавых беспарадкаў»​ на аднаго зь лідэраў крымскіх татараў, кіраўніка Мэджлісу крымскататарскага народу і дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Рэфата Чубарава.

Справа заведзеная па падзеях канца лютага 2014 году, калі Расея анэксавала паўвостраў, які належыць Украіне.

«Сьледчымі органамі Сьледчага камітэту РФ у Рэспубліцы Крым і Севастопалі распачата крымінальная справа ў дачыненьні да 62-гадовага старшыні грамадзкага аб’яднаньня „Мэджліс крымскататарскага народу“ Рэфата Чубарава, якому інкрымінуецца арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам (ч. 1 арт. 212 КК РФ)», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту Расеі.

Па гэтым артыкуле Чубараву пагражае да 15 гадоў турмы.

Паводле дадзеных сьледзтва, 25 траўня 2014 году Чубараў нібыта даручыў свайму намесьніку Ахтэму Чыйгозу арганізаваць масавыя беспарадкі каля будынку парлямэнту Крыму ў Сімферопалі «для зрыву пасяджэньня, дзе плянаваўся разгляд пытаньня аб справаздачы рэспубліканскага ўраду», а таксама даручыў Чыйгозу асабіста кіраваць удзельнікамі пратэстаў.

Крымскататарскія актывісты падчас пратэстаў у Сімферопалі 26 лютага 2014 году
Крымскататарскія актывісты падчас пратэстаў у Сімферопалі 26 лютага 2014 году

Паводле абвінавачваньня у арганізацыі беспарадкаў на мітынгу ў Сімферопалі 26 лютага 2014 году Чыйгоз ў 2017 годзе быў прызнаны вінаватым расейскім судом і асуджаны на 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму — нягледзячы на тое, што, паводле сьведкаў, ён, наадварот, стараўся перадухіліць сутыкненьні. Пазьней улады Расеі выдалі яго Турэччыне разам зь яшчэ адным лідэрам крымскіх татараў, Ільмі Умеравым. З Турэччыны Чыйгоз вярнуўся ва Ўкраіну, дзе цяпер жыве Чубараў.

  • Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у сакавіку 2014 года па выніках так званага рэфэрэндуму, праведзенага ў прысутнасьці ўзброеных людзей у вайсковай форме бяз знакаў адрозьненьня. Яны высадзіліся на паўвостраў ў канцы лютага і блякавалі крымскія адміністрацыйныя будынкі і ўкраінскія вайсковыя аб’екты.
  • Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі.
  • Непасрэдна перад рэфэрэндумам 26 лютага 2014 году пад сьценамі парлямэнту Крыму сабраліся некалькі тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG