Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі перанесьлі ў інтэрнэт. Як адзначыць БНР-102 праз стрым


Антон Матолька, Павал Белавус і Эдуард Пальчыс — арганізатары мітынгаў-канцэртаў #БНР100 і #БНР101расказалі, як будуць адзначаць 102-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах пандэміі новага каранавірусу.

Раней шэраг партыяў і рухаў асобна ад каманды #БНР100 плянавалі публічна адзначыць БНР-102 мітынгам-канцэртам у Менску 22 сакавіка, але імпрэзу перанесьлі на няпэўны час «дзеля бясьпекі людзей».

Трансьляцыя

Пляны каманды #БНР100 на Дзень Волі ў 2020 годзе публікуюць на сайце Hodna.by. Каманда плянавала розныя імпрэзы «ў рэальным сьвеце», але спыніла іх падрыхтоўку і перайшла цалкам у інтэрнэт-фармат.

«25 сакавіка запрашаем вас далучыцца да онлайн-свята „Годны Дзень Волі“ з дапамогай вашых тэлефонаў, кампутараў і тэлевізараў, — пішуць на сайце інтэрнэт-сьвяткаваньня. — Трансьляцыя пачнецца а 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх нашых сацыяльных сетках.

І самае галоўнае — расказвайце, як вы адзначаеце Дзень Волі 2020, у сацыяльных сетках і пазначайце ў вашых публікацыях хэштэг #БНР102».

На трансьляцыю абяцаюць запрасіць вядомых дзеячоў культуры, грамадзкіх актывістаў і музыкаў. Таксама прапануюць «Плян дэцэнтралізацыі».

«Плян дэцэнтралізацыі»

25 сакавіка арганізатары #БНР100 заклікаюць:

  • разьмясьціць нацыянальныя сымбалі Беларусі на сваім бальконе, у аўтамабілі, акне кватэры ці двары дома;
  • павіншаваць з Днём Волі сяброў, родных і знаёмых у сацыяльных сетках, на працы ці ў навучальнай установе;
  • увечары 25 сакавіка а 21.00 запусьціць сьвяточны фаервэрк;
  • арганізаваць самастойнае адзначэньне Дня Волі ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі, глядзець трансьляцыю з «адчуваньнем сувязі з усімі беларусамі, якія падтрымаюць гэты плян».

Збор грошай

На арганізацыю сьвяткаваньня #БНР102 патрэбныя грошы: на арэнду пляцоўкі і відэаабсталяваньня, музычныя інструмэнты, афармленьне студыі, рэкляму ў сацсетках і іншае.

Ужо запушчаны збор праз сайт Molamola.by — там хочуць сабраць 5000 рублёў. Таксама неўзабаве можа запусьціцца збор грошай праз Facebook.

А яшчэ Вольскі

Беларускі сьпявак Лявон Вольскі плянаваў у Менску паўнавартасны электрычны канцэрт зь бясплатным уваходам 25 сакавіка, але перавёў яго ў інтэрнэт-фармат. Цяпер онлайн-канцэрт заплянаваны на 20.00 25 сакавіка, яго можна будзе паглядзець на Youtube-канале Lavon Volski.

Акрамя таго, зь нядаўняга часу ўсе альбомы ранейшага праекту Вольскага, гурту N.R.M. у складзе 1995–2007 гадоў, можна легальна паслухаць або купіць у інтэрнэце, ад Apple Music да Yandex Music.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG