Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Балюча, але неабходна», — украінскія прадпрымальнікі пра карантын і страты


Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне ўвядзеньне карантынных захадаў для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу выклікала шмат крытыкі.

На думку экспэртаў, эканоміка Ўкраіны, і без таго аслабленая вайной на Данбасе і абмежаваньнямі ў замежным гандлі, становіцца яшчэ больш уразьлівай, а захады, прапанаваныя ўрадам для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, недастатковыя, каб спыніць крызісныя тэндэнцыі.

Пагроза ўраджаю

Ва Ўкраіне больш як 30 тысяч малых і сярэдніх фэрмэрскіх гаспадарак, яны забясьпечваюць 10,2 % агульнанацыянальнага ВУП. Пакуль што карантын істотна не адбіўся на іхнай працы — тэхніка і супрацоўнікі штодзень выходзяць у поле.

«У кожнага свой трактар, кожны робіць сваю працу. І ва ўсіх свая прасторавая ізаляцыя. Мы пакуль не раздаём сродкаў індывідуальнай абароны», — сказаў Свабодзе Аляксандар Чубук.

Ён мае невялікую фэрмэрскую гаспадарку, якая арэндуе 500 гектараў зямлі ў Кіеўскай вобласьці. Гадуе жывёлу і вырошчвае расьлінную прадукцыю - гародніну, пшаніцу, кукурузу, сланечнік. Прадукцыю прадае перапрацоўчым прадпрыемствы Кіеўшчыны або трэйдэрам на экспарт.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Фэрмэр кажа, што ўрад на час карантыну не прадугледзеў ільготаў для сельскай гаспадаркі:

«Аграрныя прадпрыемствы выплачваюць фіксаваны падатак за арэнду зямлі раз на год, і мы яго ўжо наперад сплацілі. Не прадугледжана для нашай галіны ніякіх ільготаў, якія б дапамаглі ў новых умовах».

Аляксандар Чубук прызнаецца, што пакуль не падлічваў магчымых стратаў ад карантыну — у першыя дні абмежаваньняў ягоная прадукцыя мае ажыятажны попыт.

«Адзінае, што грыўня падае, а цэны на прадукцыю не зьмяняюцца. І ў пераліку на даляры мы губляем».

Фэрмэр заклапочаны тым, што праз карантын і, як наступства, спыненьне лягістыкі, прадпрыемствы не выконваюць дамоваў аб пастаўцы мінэральных угнаеньняў. Але найбольшы клопат — своечасова набыць сродкі абароны для расьліннай прадукцыі:

«Кампаніі, якія пастаўляюць сродкі абароны, выкарыстоўваюць сыравіну з Кітаю, а адтуль пастаўкі спыніліся. Калі мы ня зможам набыць патрэбныя для абароны расьлін сродкі, то будзе больш складана змагацца з пустазельлем, а адпаведна, можам недаатрымаць ураджай. І гэта можа быць найбольшай праблемай».

Гатэлі на карантыне

У адрозьненьне ад аграрнага бізнэсу, які зможа ацаніць страты толькі ўвосень, гатэльны цярпіць ад абмежаваньняў ужо сёньня. Большасьць прыватных міні-гатэляў, якія прымалі ад 10 да 40 наведнікаў за суткі, закрыліся на карантын. У кожным зь іх працуе толькі адміністратар. Усе іншыя супрацоўнікі на працу ня езьдзяць, бо няма гасьцей. Для ўласьнікаў такога бізнэсу цяпер галоўная праблема — як захаваць пэрсаналу заробкі, калі няма даходаў.

Аксана Багародава, уласьніца кіеўскага міні-гатэлю
Аксана Багародава, уласьніца кіеўскага міні-гатэлю

«Мы ня супраць карантыну, — кажа Аксана Багародава. — Лічым, што такія абмежаваньні правільныя і неабходныя, хоць балючыя для бізнэсу. Але гэтыя абмежаваньні мусяць дзейнічаць па ўсёй краіне, каб быў вынік».

Яна саўладальніца міні-гатэлю, які некалькі гадоў таму пабудавалі ў Кіеве разам з бацькамі. Штодзень, пры ўмове поўнай занятасьці, гатэль прыносіў ім да 10,5 тысячы грыўняў. Большая частка ішла на ўтрыманьне будынку. Каб зьменшыць выдаткі, яны самі вырошчваюць гародніну, а ўсе іншыя неабходныя для сьняданкаў турыстам прадукты набываюць у фэрмэраў.

Цяпер у іх застаецца некалькі турыстаў, а калі тыя зьедуць, гатэль закрыецца на карантын.

«Работнікі, а іх у нас трое, ня будуць выходзіць на працу, але заробкі мы абавязаны і будзем плаціць», — падкрэсьліла Аксана.

Што зрабіў урад

Ад 1 сакавіка ва Ўкраіне дзейнічае шэраг ільгот для бізнэсу — яго вызваляюць ад штрафаў і пені за парушэньне падатковага заканадаўства, ад сплаты падаткаў на камэрцыйную нерухомасьць і зямлю, а таксама адзінага сацыяльнага ўнёску. Усе гэтыя захады ўводзяцца часова да 30 красавіка.

Да 30 траўня будзе дзейнічаць мараторый на праверкі.

Цяпер Міністэрства эканомікі Ўкраіны распрацоўвае новыя макраэканамічныя парамэтры. На іх падставе будуць прапанаваныя зьмены ў дзяржаўны бюджэт.

Урад таксама працуе зь Міжнародным валютным фондам, каб атрымаць фінансавую падтрымку і працягваць структурныя рэформы. Кіраўнік ураду Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што разьлічвае на новую, пашыраную праграму супрацы зь Міжнародным валютным фондам.

Найбольшыя страты ад карантыну лягуць на малы і сярэдні бізнэс, — экспэрт

Барыс Кушнірук
Барыс Кушнірук

Эканаміст Барыс Кушнірук перакананы, што гэтыя захады ня толькі недастатковыя, але і неэфэктыўныя:

«Ад жорсткіх карантынных правілаў найперш цярпіць малы і сярэдні бізнэс. Ім трэба выплачваць арэнду і заробкі людзям. Мой знаёмы прадпрымальнік кажа, што ён вытрымае такія выдаткі цягам трох тыдняў, але потым яму ўсё роўна давядзецца абвяшчаць аб банкруцтве».

Паводле экспэрта, у малога і сярэдняга бізнэсу выдаткі толькі на заробкі складаюць 50 адсоткаў і больш.

«Калі людзям не плаціць, то яны могуць разьбегчыся, а калі плаціць, то за кошт чаго? — пытае ён. — А тое, што прапануюць, не вырашае ўсіх праблем, зь якімі яны сутыкаюцца».

Барыс Кушнірук зьвярнуў увагу на тое, што шэраг эўрапейскіх краін, у якіх больш маштабнае пашырэньне каранавірусу і колькасьць сьмяротных выпадкаў, чым ва Ўкраіне, не пайшлі на такія беспрэцэдэнтныя абмежаваньні.

Барыс Кушнірук перакананы, што ў інтарэсах эканомікі, якая ўжо ўвайшла ў рэцэсію, варта было ўводзіць абмежаваньні толькі для груп рызыкі, і найперш для старых людзей і хранічна хворых. І даступна ўсімі камунікацыйнымі сродкамі тлумачыць ім неабходнасьць такіх абмежаваньняў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG