У бацькоўскіх чатах працягвае распаўсюджвацца інфармацыя пра пацьверджаны каранавірус у аднаго з школьнікаў.
Раніцай вакол менскай СШ №212 у мікрараёне Сухарава амаль цішыня. Звычайна ў гэты час дзеці сьпяшаюцца ў школу на заняткі, але сёньня сюды падцягваюцца ў асноўным дарослыя ды рэдкія старшаклясьнікі. Амаль у кожнага ў руках белы аркуш — гэта заява аб вызваленьні дзіцяці ад заняткаў да 27 сакавіка.
«Я толькі вярнуўся з Армэніі, там ва ўсіх школах абвясьцілі карантын»
Пра тое, чаму давялося пісаць падобную заяву, Свабодзе расказаў дальнабойнік Максім, які жыве побач.
«Вечарам у чаце напісалі са школы, што ўсім трэба падаць заяву, што гэта мы самі ня хочам весьці дзяцей у школу. Вось аднёс такую заяву пра сына, каб засьцерагчыся», — кажа Максім.
Малады бацька сьцьвярджае, што ініцыятыва зыходзіла менавіта ад адміністрацыі школы, але прычыны не паведамілі. Але Максім кажа, што яе ўсе ведаюць.
«Учора ў вучня адной клясы нібыта знайшлі каранавірус, вось і вырашылі спыніць заняткі. Але пра карантын не гавораць. Я вось толькі вярнуўся з Армэніі, там ва ўсіх школах абвясьцілі афіцыйны карантын. А ў нас зноў толькі паўмеры. Атрымліваецца, у нашай школе заняткаў ня будзе, але ў іншых будуць, пакуль і там не захварэюць?» — абураецца Максім.
Дзьмітры таксама аднёс заяву пра тое, што сын-другаклясьнік да вакацый на заняткі хадзіць ня будзе.
«Нічога не гавораць. Але гэта сур’ёзна, калі сказалі пісаць заявы. Бацькі напалоханыя. Усясьветная арганізацыя здароўя за тое, каб абвяшчалі карантын, вось і нам трэба», — мяркуе Дзьмітры.
Сяргей прыйшоў прынёс заяву ў школу з сынам.
«Са школы самі пазванілі», — кажа ён. Але ўся інфармацыя ў бацькоў на ўзроўні чутак. Нібыта дзіця, у якога выявілі каранавірус, мела кантакт са сваяком, які пабываў у Італіі.
«Калі я ўчора забірала дзіця з групы падоўжанага дня, дык казалі, што ўсіх дзяцей з той клясы, так званы другі ўзровень кантакту, забралі на аналізы, — кажа маці аднаго са школьнікаў Маргарыта. — А іхнай настаўніцы загадалі маўчаць, пагражалі нават звальненьнем, калі адмовіцца. У яе таксама бяруць аналізы, яе ізалявалі. Прабачце, больш нічога казаць ня буду, бо баюся за настаўніцу».
«Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома»
Паводле супрацоўнікаў школы, у будынку другі дзень вядзецца санітарная апрацоўка.
«Усё драяць, уключна з туалетамі, — паведаміла адна з настаўніц. — Пачалі яшчэ ўчора і сёньня працягваюць. Але ў некаторых клясах, дзе вучні засталіся, заняткі ідуць».
З дырэктаркай СШ № 212 Вольгай Касалапавай удалося сустрэцца ў вэстыбюлі школы. Вольга Касалапава стаяла ля дзьвярэй і назірала, як настаўніца прымала заявы ад бацькоў, якія заходзілі ў школу. Заявы ад бацькоў несьлі таксама старшаклясьнікі. Заходзілі ў вэстыбюль, а потым выходзілі са школы. Але некаторыя заставаліся і праходзілі ўсярэдзіну. Дырэктарка зь імі віталася.
«Заняткі ў нас спыненыя часткова, у некаторых клясах урокі сёньня адбудуцца, — сказала кіраўніца школы. — Вось Арына прыйшла. У яе заняткі будуць. А ў іншых не. Мы ідзём насустрач тым бацькам, якія пажадалі пакінуць дзяцей дома і напісалі адпаведныя заявы. Гэта іх ініцыятыва. А настаўнікі ўсе працуюць».
Што да прычыны такой сытуацыі, Вольга Касалапава сказала, што гэта зьвязана з эпідэміяй каранавірусу. Але ці сапраўды вучань школы захварэў на COVID-19, Вольга Касалапава пацьвердзіць адмовілася. Адказала: «Пытаньне не да нас».
Ніводзін з супрацоўнікаў школы і наведнікаў ня быў у ахоўнай масцы.
Міністэрства здароўя сытуацыі ў школе № 212 не камэнтавала.