Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці закрытая мяжа? Знайшлі дарогу, па якой дагэтуль можна трапіць у Расею


Слуп нулявога кілямэтра Смаленскай дарогі на мяжы Беларусі з Расеяй, які, відаць, аднавілі

18 сакавіка Расея перакрыла мяжу зь Беларусьсю, увёўшы памежны кантроль. Уезд грамадзянам Беларусі ў Расею прыпынены праз эпідэмію каранавірусу.

На галоўнай трасе М1 жорсткі кантроль. А як на іншых дарогах?

Ад трасы М1 зварочваем у бок райцэнтру Дуброўна (Віцебская вобласьць). Праз 30 кілямэтраў на ўсход заяжджаем у вёску Ляды.

За вёскай асфальт ідзе ўгару, адразу на ўзвышшы відаць блакітны шчыт «Краснинский район», а ўнізе мапа Смаленскай вобласьці РФ.

«Так, гэта ўжо Расея», — пацьвярджае Зінаіда, якая гандлюе тут страхоўкамі на аўтамабілі. Пытаньню, дзе тут дзяжураць расейскія памежнікі, Зінаіда дзівіцца і кажа, што з раніцы нікога з памежнікаў тут ня бачыла.

«Можа яны дзе далей, але да Краснага (пасёлак у Смаленскай вобласьці, за 18 км ад Лядаў — РС.) іх дакладна няма», — кажа Зінаіда і прапануе зьніжку за страхоўку.

Сёньня яна прадала толькі адну, а працоўны дзень ужо напалову прайшоў. Кажа, што беларусы з раніцы ў Расею едуць нячаста, найбольш едзе расейцаў — ужо з расейскімі страхоўкамі. Пэрспэктыва таго, што мяжу тут увогуле закрыюць, Зінаідзе не падабаецца: «Трэба ж зарабляць».

Побач спыняецца жанчына на «таёце»: «Дзіўна, а тут мяжа адкрытая. Чаму гэтак?»

У жанчыны два пашпарты, беларускі і расейскі, але едзе яна пад беларускімі нумарамі. Значыць, страхоўка патрэбная.

Леанід прыехаў з боку Расеі на чырвоным «пасаце» зь беларускімі нумарамі. Аказваецца, ужо пераехаў мяжу, але вырашыў вярнуцца. Ён па-гаспадарску пералічвае імаверныя страты ўласнага бюджэту ў выпадку няўдалай спробы трапіць у Расею.

«Калі там спыняць і вернуць, дык страхоўка ў 10 эўраў згубіцца, таму паехаў без страхоўкі, але і да Краснага ехаць баюся. А раптам ДАІ, і тады штраф, што няма страхоўкі — 200 эўраў. А вы ня ведаеце, там далей усё ж стаяць памежнікі?»

Паводле Леаніда, дарога, якая вядзе адсюль у Краснае, перасякаецца з дарогай на Добрае, а там часта стаяць памежнікі. Так бы мовіць, эканомяць рэсурсы, адразу пільнуюць два шляхі. Але ці яны цяпер там, Леанід ня ведае. А вось страхаўніца Зінаіда на гэты конт не сумняецца: «Ды няма там нікога, я раніцой там ехала».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

Пакуль вядома пра шэсьць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных новым каранавірусам (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  6. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG