Увесьці абмежаваньні на паўтара года? Брытанскія экспэрты рэкамэндуюць жорсткія захады барацьбы з пандэміяй

На вуліцы ў Лёндане, сакавік 2020
На вуліцы ў Лёндане, сакавік 2020

Каб стрымаць эпідэмію COVID-19, уладам неабходна ўвесьці жорсткія абмежаваньні на працу, навучаньне і грамадзкія сходы на пэрыяд, пакуль ня будзе вакцыны супраць новага каранавірусу, стварэньне якой можа заняць 18 месяцаў.

Гэткая выснова знаходзіцца ў дакладзе, падрыхтаваным брытанскімі дасьледнікамі і эпідэміёлягамі зь Імпэрскага каледжу ў Лёндане, які быў апублікаваны 16 сакавіка.

Аўтары дасьледаваньня лічаць, што цяперашняя палітыка зьмякчэньня наступстваў эпідэміі — ізаляцыя людзей, якія падазраюцца ў заражэньні вірусам, карантын і аддзяленьне найбольш уразьлівых людзей ад іншых — можа зьнізіць попыт на лячэньне ў шпіталях на дзьве траціны і сьмяротны зыход напалову, калі ажыцьцяўляць гэтую палітыку на працягу трох месяцаў.

Але гэта, дадаюць яны, усё адно прывядзе да сотняў тысяч сьмерцяў і перапаўненьня пацыентаў ва ўстановах сыстэмы аховы здароўя. Якраз таму аўтары дакладу рэкамэндуюць захады па адасабленьні ў маштабе ўсяго насельніцтва, у тым ліку закрыцьцё школаў.

Брытанскія навукоўцы падкрэсьліваюць, што прыняцьце жорсткіх і доўгатрывалых захадаў супраць эпідэміі каранавірусу патрабуе вялікіх чалавечых і эканамічных коштаў, але зьяўляецца «адзінай жыцьцяздольнай стратэгіяй у цяперашні час».

Калі ўрад Вялікай Брытаніі ня зробіць такіх захадаў, экспэрты Імпэрскага каледжу асьцерагаюць, што ў краіне ад заражэньня каранавірусам могуць памерці да 510 тысяч чалавек. Паводле іх ацэнак, адсутнасьць падобных жорсткіх абмежаваньняў у ЗША можа прывесьці да 2,2 мільёна сьмерцяў ад эпідэміі каранавірусу.

The New York Times адзначае, што якраз гэты брытанскі даклад паўплываў на нядаўні заклік амэрыканскіх фэдэральных уладаў да суродзічаў пазьбягаць грамадзкіх сходаў большых за 10 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG