Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарняўская: Галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны


Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніцы, культуроляга, прафэсаркі Беларускага інстытуту культуры і мастацтваў Юліі Чарняўскай.

Сьцісла:

  • Стала відавочнай крохкасьць прыгожых ідэяў, напрыклад «эўрапейскіх каштоўнасьцяў».
  • Баюся, што Лукашэнка, як чалавек канкрэтнага практычнага складу, недаацэньвае небясьпеку нябачнага.
  • У нас надзвычайныя захады лёгка і надоўга робяцца будзённасьцю
  • Пасьля таго, як каранавірус будзе пераможаны, мы павінныя будзем уносіць папраўкі ў каштоўнасьці, якія здаваліся нам безумоўнымі.
  • Страх зьдзімае з самых лібэральных, самых дэмакратычна настроеных людзей флёр іх учорашніх патрабаваньняў да кагосьці іншага — патрабаваньняў свабоды, адкрытага сьвету і да таго падобнага.
  • І ў Другой усясьветнай, і падчас Чарнобылю мы адчувалі сябе толькі «ахвярамі». А ахвяры высноваў ня робяць.

— Бі-Бі-Сі паведаміла пра жахлівую дылему, перад якой паўсталі дактары ў Італіі. Тамтэйшая мэдыцына не спраўляецца з хваляй хворых. І лекары кажуць, што давядзецца рабіць суровы выбар — вырашаць, каго лячыць. Пры тым, што лячэньне па сутнасьці паліятыўнае, вылечыць ад каранавірусу сучасная мэдыцына ня можа нікога. Адзін з варыянтаў — не лячыць старых хворых, сярод іх і так высокая сьмяротнасьць ад пандэміі. Маўляў, лепш дапамагаць тым, хто маладзейшы, хто мае шанцы на выжываньне. Нечалавечае рашэньне. Але другое — лячыць тых, хто трапіў у шпіталь першым. Яно прынамсі нерацыянальнае. У выніку памрэ больш людзей. Таксама нечалавечае. Ці Яго вялікасьць рынак мусіць вызначаць — хто здольны больш заплаціць, таго і лячыць. Што выбраць? Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі?

— Тут існуюць абʼектыўны і субʼектыўны бакі праблемы.

Наколькі я памятаю, гэтае пытаньне паўстала ў так званай «памежнай» сытуацыі: найперш у шпіталь правінцыйнага гарадка пачалі паступаць толькі старыя. Прычым дыягназ іх яшчэ быў няпэўны. Потым, калі ўжо не было месцаў, зьявіліся людзі сярэдняга ўзросту, якіх адправілі лячыцца па дамах, і яны сталі паміраць. Адначасна заразіліся супрацоўнікі шпіталю, рэанімацыі.

І тут уступае момант субʼектыўнасьці. Гэта экзыстэнцыйная разгубленасьць. Непадрыхтаваныя людзі сутыкнуліся зь непаіменаваным і страшным Злом, як у фільме-катастрофе або рамане Стывэна Кінга. Хто перамагае ў Кінга і ратуе сьвет? Заўсёды слабы фізычна і моцны маральна. Часам гэта дзіця, часам стары. Але калізія амаль любой кнігі і фільма прадугледжвае, што выбар ёсьць. Тут жа мы маем справы з так званым выбарам Гобсана «Hobsonʼs choice», калі выбару няма і быць ня можа. Гэта ілжывая дылема, таму што ніякага адказу, акрамя хуткага (і заўсёды несправядлівага ў адносінах да нейкай групе рызыкі) рэагаваньня, на яе даць нельга.

Але, вядома, прыгадваецца «Легенда аб Нараяме». І страшна за людзей сталага веку. Яны ў групе не толькі мэдычнай, але і сацыяльнай рызыкі. Рызыкі быць адрынутыя і выгнаныя ў сьмерць.

Бяда ў тым, што ў гэтай гульні няма правілаў, якія маглі быць створаныя загадзя: стала відавочнай крохкасьць прыгожых ідэяў, напрыклад, «эўрапейскіх каштоўнасьцяў». Што да гуманнасьці, то ніякія прапісаныя ў канстытуцыях, законах і правілах пастуляты нічога не вырашаюць. Вырашаюць канкрэтныя людзі: лекары, валянтэры, суседзі, сацыяльныя работнікі, сядзелкі, сябры. Яны як бы намацваюць сьцежкі гуманнасьці, якія потым можна будзе ўпісваць у нейкія стандарты «эўрапейскай гуманнасьці». І гэта мы з вамі. Нашая салідарнасьць.

Структуры арганізуюцца няхутка, паступова. Зьявіцца нечаканая небясьпека зусім новага кшталту — і правілы будуць перафармавацца на вачах, сьпехам, а потым усталёўвацца дзесяцігодзьдзямі. У гэтым няма нічога новага. Новае толькі ў тым, што трэснуў сьвет утульнай гіпсакартоннай Эўропы, які мы сабе прыдумалі.

— Беларускія ўлады многія ганяць за тое, што яны не прымаюць рашучых, радыкальных, дыктатарскіх мераў супраць пандэміі. Многія папракаюць Лукашэнку — маўляў, дзейнічае, як савецкія ўлады пасьля Чарнобылю, абы не было панікі, ня трэба драматызаваць. Але зь іншага боку, ён зараз адстойвае прынцыпы, якія адстойваў заўсёды цывілізаваны сьвет — адкрытасьць, у тым ліку і адкрытасьць межаў, адсутнасьць жорсткай рэглямэнтацыі жыцьця. У гэтым няма пэўнага парадоксу? Можа ён і мае рацыю?

— Думаю, для Лукашэнкі важныя дзьве рэчы: адсутнасьць панікі і каб эканоміка неяк пратрымалася. Ён разьлічвае на свой электарат, а не на тых, хто працуе на аўтсорс і езьдзіць за мяжу. Аднак для яго важнае выкананьне эканамічных дамоўленасьцяў з краінамі-партнэрамі, экспарт беларускіх тавараў, каб заводы працавалі гадзіна ў гадзіну. Баюся, як чалавек канкрэтнага практычнага складу ён недаацэньвае небясьпеку нябачнага. Таму не варта лічыць, што наш прэзыдэнт стаў думаць «па-заходняму». Іншая справа, што з прычыны сваёй любові да СССР, ён захаваў некаторыя структуры савецкага жыцьця. У нас засталіся санэпідстанцыі, інфэкцыйныя шпіталі і ў цэлым адчуваньне эпідэмічнай насьцярогі. На Захадзе апошняя жахлівая пандэмія была 100 гадоў таму — «гішпанка». А ў СССР яшчэ шмат дзесяцігодзьдзяў былі тыф, воспа, халера. Пытаньне ў тым, наколькі гэтыя сродкі і навыкі барацьбы зараз рэальныя або намінальныя. Гэтага я ня ведаю.

— Ці не кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадзтвы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў усталёўваюць такія абмежаваньні свабоды, якія ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — зачыні, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта не мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні?

— У любой аўтарытарнай краіне гэта падстава зачысьціць усё, што можна. Захад лёгка зьдзейсьніць адкат да «эўрапейскіх каштоўнасьцяў», калі пройдзе надзвычайнае становішча. (Праўда, думаю, асадачак застанецца). У нас надзвычайныя меры лёгка і надоўга робяцца будзённасьцю. Так што тут мы можам толькі гадаць, што пераможа ў сьвядомасьці дзяржаўных мужоў: імгненныя эканамічныя мэты або наступныя палітычныя выгады.

— Цяпер па ўсім сьвеце зачыняюць межы. Зачыняюць іх нават унутры Эўразьвязу, дзе яшчэ нядаўна іх не было. А аказваецца ёсьць, аказваецца, ёсьць свае, якіх трэба ратаваць, і суседзі, чужыя. Нацыянальнае і ў гэтым перамагае, пераважае?

— Так, я бачу стыгматызацыю па расавай прыкмеце. І гэта таксама ня новае. У чалавечай сьвядомасьці Зло заўсёды прыходзіць не ад «сваіх», а ад «чужакоў»: сярэднявечныя габрэйскія пагромы таксама грунтаваліся на ідэі, што чуму зламысна разносяць габрэі. Чужога проста вызначыць па колеры скуры, форме носа, разрэзу вачэй. Цяпер у нас галоўны «чужак» у паўсядзённым мысьленьні — кітаец. Гісторыя з казахскім юнаком, якога адмовіўся везьці таксіст, таму што ён «моцна на кітайца падобны», паказальная: бо тады ў Менску ўвогуле не было каранавірусу. Тое ж самае з гатэлямі, якія ня прымаюць кітайцаў. І ўсё гэта пры тым, што ніводзін зь вядомых выпадкаў каранавірусу не прыйшоў у Беларусь з Кітаю.

У мяне ў падʼезьдзе здымаюць кватэры кітайцы. Заўважыла: калі падыходзіць ліфт — яны ў яго не ўваходзяць, а махаюць рукой, едзьце, маўляў, мы пачакаем. У адрозьненьні ад нашых людзей цяпер яны трымаюцца ад іншых на адлегласьці як мінімум мэтру. Пры тым, што яны ў павязках — таксама ў адрозьненьне ад нас

Баюся, паступова «чужакамі» стануць і старыя: ужо пачалі зьяўляцца ў сетках і камэнтарах зусім эйджысцкія выказваньні і нават заклікі. На гэтым шляху вельмі проста, думаючы, што ты робіш разумна, скаціцца ў нечалавечы і зусім ірацыянальны стан сьвядомасьці. У горшым выпадку мы станем паводзіць сябе, як героі апакаліптычнай апавяданьня Петрушэўскай «Гігіена». У лепшым — разумна.

— Сучасныя сэкулярызаваныя людзі, і ня толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта ня так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каронавірусу няма. Вось Ангела Мэркель — лідэр свабоднага сьвету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60-70%. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі ж бездапаможны, як і просты люд?

— Адзінае, што мы можам зрабіць цяпер, гэта выконваць самыя банальныя рэкамэндацыі інфэкцыяністаў. Мы ж усё роўна ў сытуацыі, у якой ня можам нічога зрабіць. Дык хаця б гэта. Але ў нас нізкі крэдыт даверу мэдыцыне. І потым, шмат каму з нас не хапае элемэнтарнага разуменьня, што ты сам можаш стаць крыніцай захворваньня. У нас няма культуры хваробы. Ну, і маліцца, вядома, тым, хто верыць у моц малітвы. Добра было б — не толькі за сябе. Што можна зрабіць у далейшым? У першую чаргу, не закопваць у кампостную яму фундамэнтальную навуку. Выдаткоўваць грошы не толькі на будаўніцтва шпіталёў (што таксама неабходна), але на прагназаваньне магчымых катастрофаў і на спосабы барацьбы зь імі. Павінны зьявіцца новы артыкул бюджэту: прагностыка катастрофаў.

— Цікавая інфармацыя — «Ісламская дзяржава» абвясьціла, што прыпыняе тэрарыстычныя напады. Можа выклік каранавірусу жахлівай цаною зробіць усё ж сьвет больш чалавечным, спыніць войны, нагадае людзям, што ў іх адзін лёс на нашым шарыку?

— У гэта ў мяне вялікай веры няма. У бядзе людзі часам салідарызуюцца (чаго, зрэшты, я ў нас — у адрозьненьне ад той жа Нямеччыны — пакуль ня бачу). Але пасьля таго, як небясьпека зьнікне, людзі хутка разьбягаюцца ў ранейшых напрамках. Нас не навучылі вайны. Не навучыў Чарнобыль. А тады людзі былі больш згуртаваныя, салідарныя, чым у гэтым сьвеце манадаў.

— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за мэдычную дапамогу, за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?

— Так, галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны: тады мы, апынуўшыся ў хісткім сьвеце, павінныя будзем уносіць папраўкі ў каштоўнасьці, якія здаваліся нам безумоўнымі. Як пачалі вырашаць праблему нацызму ня ў час, калі ён быў, а «пасьля Аўшвіцу». Калі мы пачнём гэта рабіць, а не спусьцім на тармазах, як робім звычайна.

— Якая роля ў цяперашнім крызісе каронавірусу СМІ і сацыяльных сетак? Праўда ратуе людзей ці ўмацоўвае, разьдзьмувае паніку? А эсхаталягічныя фэйкі — ці ня тоне ў іх праўда?

— Праўда абʼядноўвае толькі тых, хто хоча супрацьстаяць небясьпецы разам, г.зн., нешта разам рабіць. Пакуль я гэтага не бачу. Магчыма, гэты наш подзьвіг яшчэ наперадзе. Асабістае адчуваньне. Я ўбачыла, як імгненна страх здзьмувае з самых лібэральных, самых дэмакратычна настроеных людзей флёр іх учорашніх патрабаваньняў да кагосьці іншага — патрабаваньняў свабоды, адкрытага сьвету і да таго падобнага. Гэта таксама вядома даўным-даўно: «Культура — яблычная лупіна над распаленым хаосам». Спадзяюся, паступова сытуацыя адбудуецца і пачнецца працэс самаарганізацыі грамадзтва. У адваротным выпадку мы абмяжуемся тым, што будзем скупляць туалетную паперу ў крамах. Я перакананая, што зараз трэба абʼядноўвацца ў жыцьці, а не лаяцца ў сацыяльных сетках.

— Які антрапалягічны досьвед вялікіх беларускіх катастрофаў ХХ стагодзьдзя — Другой усясьветнай вайны і Чарнобылю — можа быць скарыстаны, будзе скарыстаны, якім ужо карыстаюцца беларусы ў крызісе каранавірусу? Тады выжывалі так — і зараз будуць выжываць гэтак жа? А як?

— Уся праблема ў тым, што мы ні з чаго не зрабілі высноваў. Ні з Другой усясьветнай, ні з Чарнобылю. І там, і там мы адчувалі сябе толькі «ахвярамі». А ахвяры высноваў ня робяць — ні на масавым, ні на дзяржаўным узроўні. Іх сацыяльная роля іншая. Шляхі выхаду намацваюць адзінкі, да якіх асабліва не прыслухоўваюцца нідзе, а ў аўтарытарных ці таталітарных дзяржавах асабліва.

Але менавіта асоба ставіць пытаньні, на якія, у ідэале, павіннае адказваць грамадзтва. У гэтым пляне краіне неабходны другі Васіль Быкаў: на пытаньні, якія ён паставіў, трэба вучыцца адказваць. Ды і першага Быкава, адзінага пакуль, варта б перачытаць. Дрэнна, што адказваць трэба ўжо, а мы — у сярэдзіне сытуацыі, мы не можам пакуль ад яе адхіліцца і не маем папярэдняга вопыту рэфлексіі.

Так адбываецца заўсёды, зь любой катастрофай: шляхі выхаду фармуюцца потым. Бяда ў тым, што ў нас адсутнічае само разуменьне, што трэба фармаваць гэтыя шляхі. Максыма «Трэ жыць, як набяжыць» ужо не спрацоўвае. А мы гэтага так і не заўважылі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG