Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскай жаночай калёніі зьняволеных прымушалі жыўцом спальваць катоў


Зьняволеныя жаночай калёніі ў Мардовіі, сакавік 2018

Сьледчы камітэт Расеі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць намесьніка начальніка жаночай папраўчай калёніі № 14 у Мардовіі Юрыя Купрыянава.

Менавіта ў гэтай калёніі адбывала пакараньне за панк-малебен ў храме Хрыста Збаўцы ўдзельніца групы Pussy Riot Надзея Талаконьнікава. Яна была першай, хто распавёў пра рабскую працу зьняволеных, арганізаваную Купрыянавым.

Выданьне «Медиазона» адзначае, што ў справе аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў і службовым падлогу — 210 пацярпелых і 450 сьведак.

Паводле сьледзтва, Купрыянаў зь лістапада па сьнежань 2018 году прымушаў асуджаных жанчын працаваць звышурочна, у тым ліку — уначы. У большасьці з іх працоўны дзень пачынаўся ў шэсьць гадзін раніцы і заканчваўся за поўнач, некаторыя былі вымушаныя працаваць у тры зьмены.

У сьведчаньнях, якія далі зьняволеныя на намесьніка начальніка мардоўскай калёніі, гаворыцца, што іх прымушалі шыць вопратку работнікам адміністрацыі, іх сваякам і сябрам. Пры гэтым зарплата складала ад 100 да 200 рублёў у месяц, але і яе жанчыны не атрымлівалі па некалькі месяцаў.

За скаргі на ўмовы працы асуджаным пагражалі карцэрам, пазбаўлялі іх ежы, выводзілі ў 30-градусны мароз на вуліцу на некалькі гадзін, прымушалі бессэнсоўна пераносіць зь месца на месца цяжкія бэтонныя пліты. Таксама Купрыянаў, каб зламаць псыхіку жанчын, прымушаў іх адлоўліваць катоў, якія жылі на тэрыторыі калёніі, і спальваць іх жыўцом у качагарцы.

Акрамя таго, у калёніі арганізавалі нелегальную майстэрню, у якой зьняволеныя рабілі матрошкі на продаж у дні чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі.

Крымінальную справу на Юрыя Купрыянава завялі ў 2018 годзе — празь пяць гадоў пасьля таго, як Надзея Талаконьнікава у сваім лісьце з мардоўскай калёніі № 14 заявіла аб парушэньнях правоў асуджаных.

Юрый Купрыянаў сваёй віны не прызнае і застаецца на свабодзе — зь яго толькі ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG