Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі турэмны спэцназ паказаў школьнікам, як правільна біць вязьняў-бунтаўнікоў. ВІДЭА


Трэніроўка супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі па змаганьні з масавым непадпарадкаваньнем асуджаных, архіўнае фота
Трэніроўка супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі па змаганьні з масавым непадпарадкаваньнем асуджаных, архіўнае фота

У горадзе Златавуст Чалябінскай вобласьці Расеі супрацоўнікі спэцназу Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў правялі паказальны выступ для навучэнцаў мясцовай школы № 21.

Школьнікаў, у тым ліку навучэнцаў малодшых клясаў, сабралі ў спартовай залі, дзе супрацоўнікі ФСВП паказалі ім, як разганяюць бунт у калёніі. Спэцназаўцы сталі ў шэрагі з шчытамі і дубінкамі. Іх камандзір загадваў «палкай зьверху, бі!» і «палкай зьнізу, бі!», што тыя і рабілі.

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што ў імпрэзе ўдзельнічала група хуткага рэагаваньня папраўчай калёніі № 25.

Ва ўпраўленьні ФСВП па Чэлябінскай вобласьці выступ назвалі «яркім і відовішчным», адзначыўшы, што ён прайшоў у рамках праграмы па «патрыятычным выхаваньні грамадзянскай моладзі».

У сваю чаргу ва ўпраўленьні адукацыі Златавусту заявілі, што супрацоўнікі ФСВП ўжо не першы раз сустракаюцца са школьнікамі, бо ў горадзе знаходзяцца калёнія і сьледчы ізалятар.

Раней паведамлялася, што ў паселішчы Наватроіцк у Татарстане — рэспубліцы ў Расейскай Фэдэрацыі — Расгвардыя правяла вучэньні па разгоне мітынгаў з удзелам дзевяцікляснікаў мясцовай сярэдняй школы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG