Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль будзе рабіць усё, каб Лукашэнка застаўся ва ўладзе — расейскі палітоляг


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Наступствы для Расеі і Беларусі «абнуленьня» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна — тэма гутаркі з расейскім палітолягам, намесьнікам рэдактара сайту Carnegie.ru Максімам Самарукавым

Сьцісла:

  • Пуцін прыняў рашэньне пра «абнуленьне» для таго, каб мець магчымасьць выбару, каб у яго былі адкрытыя ўсе опцыі
  • Цяпер сытуацыя для ўлады менш спрыяльная, чым яна была ў 2011-2012 гадах, напярэдадні і падчас «балотных» пратэстаў
  • Такога ўжо гладкага пераабраньня ў 2024 годзе ня будзе, нават на сёлетнім канстытуцыйным рэфэрэндуме магчымае галасаваньне «супраць» у значна большым аб’ёме, чым гэтага чакае расейская ўлада
  • У нас усе паверхі ўлады, выключаючы толькі самы вышэйшы — гэта ўсё маладыя тэхнакраты
  • Расея клапоціцца, каб з Лукашэнкам нічога ня здарылася, але зь іншага боку ня хоча яго перакормліваць
  • У Крамлі ня могуць не ўсьведамляць, што Лукашэнка па-ранейшаму найбольш зручны кіраўнік Беларусі.
Максім Самарукаў
Максім Самарукаў

— У расейскім «абнуленьні» больш за ўсё зьдзіўляе, асабліва калі глядзець беларускімі вачыма, неверагодная колькасьць туману, якім суправаджалася гэтае рашэньне. Летась увесь год ішлі размовы, што Расея абʼядноўваецца з Беларусью, а ў 2024 годзе Пуцін зробіцца прэзыдэнтам гэтай пашыранай «Расеі+». Напачатку году — Дзяржсавет, казахстанскі варыянт. Нарэшце Церашкова сказала сваё важкае слова. Але ўвесь гэты туман — ён навошта быў? У Беларусі ў 2004 годзе Лукашэнка зрабіў проста — я хачу кіраваць далей, я скасоўваю абмежаваньне для гэтага. Чаму Пуцін ня мог так зрабіць?

— Я думаю, што гэты туман быў абсалютна шчырым. Самі людзі, якія займаліся гэтай кампаніяй, ня вельмі разумелі, чаго ад іх хочуць. І наагул — разуменьне, чаго хоча Пуцін, нават на самых вышэйшых паверхах расейскай улады, вельмі і вельмі туманнае.

Нават учора ў Думе былі ж заяўленыя дзьве папраўкі. Адна — таксама ад «Единой России», ад Карэліна — аб датэрміновых выбарах у Думу. А другая — аб «абнуленьні» тэрмінаў прэзыдэнцтва Пуціна. І нават у Церашковай былі два варыянты — «абнуленьне» тэрмінаў ці скасаваньне абмежаваньня па тэрмінах. Дэпутаты, уключна са сьпікерам Валодзіным, самі ня надта разумелі, чаго ад іх хоча Пуцін. Яны прынялі ўсе магчымыя варыянты, а потым выбар за ім, маўляў, прыяжджай, бацька родны, выбірай з гэтых трох, а мы патрымаем у любым выпадку.

Потым давялося адклікаць гэтую папраўку Карэліна пра датэрміновыя выбары, хаця з раніцы 10 сакавіка і кіраўніцтва «Единой России», і сьпікер Валодзін казалі, што датэрміновыя выбары — гэта цалкам апраўдана, трэба б іх правесьці. Усё было «заточана» пад датэрміновыя выбары. А тут прыяжджае Пуцін і кажа — ніякіх датэрміновых выбараў ня трэба, і папраўку хутка прыбіраюць.

Нават у самым блізкім атачэньні Пуціна няма разуменьне, чаго ён хоча. Рашэньні прымаюцца ў такім вузкім коле, рэжым спэцапэрацыі стаў настолькі рэжымам спэцапэрацыі, што выканаўцы разгубленыя. Нехта зь іх верыў у варыянт з Дзяржсаветам, нехта — у Раду бясьпекі. Упэўненасьць у тым, што Пуцін сыходзіць, была ня толькі ў сыстэмных лібэралаў, якія спадзяваліся на лепшае — гэта была паўсюдная ўпэўненасьць. А аказалася, што ўсё ня так.

— А ў чым сэнс гэтай спэцслужбісцкай стылістыкі? Нельга сказаць, што Расею страсаюць забурэньні і мяцяжы, што эканоміка валіцца. Навошта хітраваць, калі можна было і не хітраваць?

— Гэта добрае пытаньне, на якое ў мяне няма адказу. Агульная тэндэнцыя разьвіцьця расейскага рэжыму такая, што інстытуты ўлады — парлямэнт, урад, Рада бясьпекі — робяцца ўсё больш дэкаратыўнымі. Нават прэзыдэнцкая адміністрацыя — гэта цяпер адно выканаўцы. А дзе прымаюцца рашэньні? Ніхто не разумее. Рашэньні па ключавых пытаньнях прымаюцца ў нейкім вузкім коле. А для прэмʼера, намесьніка кіраўніка адміністрацыі, які адказны за пытаньні ўнутранай палітыкі, сьпікера парлямэнту — гэта ня іх справа.

Працэс прыняцьця рашэньняў стаў цалкам непразрысты і адарваны ад рэальнасьці. Чаму так адбываецца? Напэўна, асабістыя асаблівасьці Пуціна. І зараз быў апагей гэтай практыкі.

— Чаму Пуцін выбраў варыянт, насамрэч юрыдычна ня вельмі чысты? І ў Беларусі, і ў шэрагу краінаў Цэнтральнай Азіі проста здымалі абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Як вы заўважылі, Церашкова, уласна, як варыянт гэта і прапаноўвала. Пуцін ад гэтага адмовіўся.

У цяперашняй сытуацыі атрымліваецца, што ў Канстытуцыю ўпішуць ня толькі Бога, але і Пуціна — упісаць пункт пра тое, што асабіста для Пуціна робіцца выключэньне з правіла двух тэрмінаў. Чаму нельга было пайсьці па шляху Лукашэнкі?

— Я мяркую, што гэта асабістае мэсіянства Пуціна. Ён лічыць, што гэта ён такі кіраўнік, які годны таго, каб правіць доўга. А наступныя зусім не абавязкова будуць настолькі ж годнымі і іх цалкам можна абмежаваць. Ён наўпрост і, на мой погляд, шчыра сказаў, што гэтыя папраўкі — на пэрспэктыву, гадоў на 50 наперад. Не выглядае, што ён зьбіраецца застацца ва ўладзе назаўжды. Ён пераконвае сябе, што ён прымае рашэньне пра «абнуленьне» толькі для таго, каб мець магчымасьць выбару, каб у яго былі адкрытыя ўсе опцыі.

Каб ён мог у 2024 годзе ці сысьці, ці застацца, каб на яго нічога не ціснула, каб ён ня быў «кульгавай качкай», якой ён быў апошні час і ўсе толькі і абмяркоўвалі, якім чынам ён сыйдзе.

Ён як кіраўнік — тактык, ён пра стратэгію ніколі асабліва ня думае і вырашае пытаньні па меры іх паступленьня. Ён мяркуе, што цяпер ён скасаваў гэтае абмежаваньне для сябе, каб у 2024 годзе мець свабодныя рукі. А заставацца ці сыходзіць, ён тады і вырашыць.

— Якой рэакцыі расейскага грамадзтва на «абнуленьне» можна чакаць? У 2011 годзе нічога не сыгналізавала, што ў хуткім часе выбухнуць «балотныя пратэсты». Ну вярнуў Мядзьведзеў месца ў Крамлі Пуціну — драбяза ж, можна было падумаць. Што Расея — не дэмакратыя, усе ж разумелі. Але тая ракіроўка многіх людзей вывела на вуліцу.

Пратэстная акцыя апазыцыі, Масква, травень 2012
Пратэстная акцыя апазыцыі, Масква, травень 2012

Гэтак і леташнія выбары ў Маскоўскую Думу. Ну не пусьцілі апазыцыю на выбары — дык аўтарытарная ж краіна. Але гэта выклікала даволі моцную рэакцыю. Ці можа зараз адбыцца нешта падобнае, якой будзе рэакцыя на ўсьведамленьне, што ў нас наперадзе яшчэ 16 гадоў Пуціна?

— Я мяркую, што цяпер сытуацыя для ўлады менш спрыяльная, чым яна была ў 2011-2012 гадах. Сытуацыі сапраўды падобныя. Учорашняе ўсеагульнае расчараваньне можна параўнаць з тым, што было ў верасьні 2011 году, калі на зьездзе «Единой России» паведамілі, што балятавацца будзе не Мядзьведзеў, а зноў Пуцін.

Прычым, тады пратэсты ўзьніклі не адразу. Прайшло некалькі месяцаў перш чым людзі ўсьвядомілі, што адбываецца. Цяпер ня бачна выразнай групы ў грамадзтве, якая хацела б, каб Пуцін заставаўся назаўжды. Яе цяпер фактычна няма, у адрозьненьні ад тых гадоў.

Нядаўна было апытаньне Лявада-цэнтру з пытаньнем — што б вы хацелі, каб Пуцін рабіў пасьля 2024 году? Там было шмат варыянтаў, але калі скласьці адказы, не зьвязаныя з працягам прэзыдэнцтва, яны набіралі больш за 70%. Прычым, у большасьці людзі яму жадалі нечаго добрага, каб ён узначаліў нешта важнае, ці каб стаў нейкім мэнтарам над дзейнай уладай. Іншымі словамі, сам па сабе ён не выклікае нэгатыўнага стаўленьня. Але за тое, каб ён заставаўся прэзыдэнтам, было менш за 30%. А большасьць меркавала, што яму варта сысьці — спакойна, з павагай. Але сысьці.

Таму я лічу, што такога ўжо гладкага пераабраньня ў 2024 годзе ня будзе. Нават на сёлетнім канстытуцыйным рэфэрэндуме магчымае галасаваньне «супраць» у значна большым абʼёме, чым гэтага чакае расейская ўлада.

Яны самі ператварылі гэты рэфэрэндум у плебісцыт наконт пытаньня, ці заставацца Пуціну ў Крамлі назаўсёды. На іх шчасьце, тэрмін для ўсьведамленьня гэтага вельмі малы. Але вынікі могуць быць нечаканымі. Вынікі апошніх рэгіянальных выбараў даволі сумныя для ўлады. І вынікі апошніх апытаньняў наконт падтрымкі Пуціна ня самыя лепшыя, ягоны рэйтынг падае зь лета 2018 году і гэтае падзеньне не спыняецца.

Зразумела, галасаваньне па папраўках — ня тое самае што выбары, дзе ён бы ўдзельнічаў асабіста. Калі б ён балятаваўся зараз яшчэ раз, гэта выклікала б больш моцную нязгоду.

Колькасьць галасоў супраць на рэфэрэндуме, зразумела, ня будзе больш за 50%. Але колькасьць тых, хто скажа «не», можа быць істотна большай, чым таго чакаюць у Крамлі.

Размовы пра тое, што цяпер Пуцін да 2036 году, занадта аптымістычныя. Я ня думаю, што гэта магчыма, у сыстэмы няма запасу трываласьці, каб яе можна было захоўваць да 2036 году без радыкальных пераменаў.

— Што вам падаецца ў межах «абнуленьня» больш імаверным? Нейкі вялікі праект — новы Крым, новая Сырыя, энэргетычная звышдзяржава, словам, нешта прыгожае. Як у свой час Франко паклікаў хлопчыкаў з Opus Dei, і яны перарабілі ўсю Гішпанію на сучасны капыл. Цяпер крамлёўскія людзі цытуюць Сталыпіна — дайце Расеі 20 гадоў спакою і яна расквітнее. Але Сталыпін ведаў, што ён хоча рабіць, зрабіць. А Пуцін ведае? Ці тут будзе дамінаваць лёгіка доўгага кіраваньня: галоўнае — стабільнасьць, каб заўтра было, як сёньня, абы не было горай?

— Я ня думаю, што ён фармулюе для сябе лінію да 2036 году. Ён проста атрымаў свабоду рук і ў любы момант можа прыняць рашэньне, якое яму захочацца. Ён зараз ня ставіць сабе за мэту пратрымацца да 2036 году. Што тычыцца аналёгіі з Opus Dei — дык у нас зараз паўсюль маладыя тэхнакраты, іх паўсюль клічуць, шмат адборачных конкурсаў.

У нас усе паверхі ўлады, выключаючы толькі самы вышэйшы — гэта ўсё маладыя тэхнакраты, якія павінныя ўладкоўваць усё па-новаму, лічбавізаваць, дыджыталізаваць і рабіць больш эфэктыўным.

Аднаўленьне кадравай сыстэмы ніжэй за ўзровень «палітбюро» ідзе вельмі інтэнсіўна апошнія гады. І кадры там някепскія.

Усё больш складаным робіцца спалучаць гэтае аднаўленьне на месцах з закасьнеласьцю вышэйшай улады.

Добрае пытаньне — што яны прыдумаюць, каб падняць рэйтынг. Відавочныя пытаньні кшталту зьнешнепалітычных авантураў другі раз ужо не спрацуюць. Ня думаю, што можна знайсьці нешта, што можна прадаць насельніцтву, як некалі прадалі Крым.

Магчыма, Пуцін лічыць, што электаральныя паразы, якія перажывала сыстэма ў апошнія гады — гэта недапрацоўкі на месцах, а ўжо калі пойдзе на выбары ён сам, то ўжо там будзе 80%. Я не ўпэўнены, што там ёсьць разуменьне, што трэба нешта адмысловае рабіць.

— Увесь мінулы год прайшоў пад знакам паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Ці можна сказаць, што пасьля «абнуленьня» усё гэта супакоіцца і вернецца на колы свае? Паколькі Пуцін хутчэй за ўсё застаецца, то і да Лукашэнкі ня можа быць асаблівых прэтэнзіяў і памкненьня нешта памяняць у Беларусі ня будзе? У Крамлі нічога не мяняецца, дык і ў адносінах РФ з Беларусьсю нічога не памяняецца?

— Мне здаецца, што вы перабольшваеце значнасьць беларускага кірунку, гэтая значнасьць не была занадта высокай і летась. Я ня ўпэўнены, што ў Расеі была такая ўжо моцная матывацыя нешта істотна мяняць у адносінах з Беларусьсю. Расея дзейнічала, рэагуючы на зьнешнія раздражняльнікі.

Той жа падатковы манэўр — ён жа не дзеля Беларусі праводзіўся. Гэта выдатны посьпех прапаганды Лукашэнкі, які здолеў прадставіць сытуацыю на міжнародным узроўні, што Расея праводзіць манэўр, каб націснуць на Беларусь. У Расеі нафтаперапрацоўчыя магутнасьці значна большыя, чым у Беларусі. Шмат кампаніяў церпяць страты ад манэўру ў самой Расеі, і памеры гэтых стратаў несувымерна большыя, чым у Беларусі. Гэта ж не дзеля Беларусі ладзілася. Можа Лукашэнка лічыць, што дзеля гэтага. Але гэта відавочна ня так. Тых жа НПЗ у Беларусі — два, у Расеі — больш за 30.

— Я не перабольшваю ролю Беларусі ў расейскай палітыцы. Проста ў Расеі ў сувязі з «абнуленьнем» узьнікае новая палітычная рэальнасьць. Маё пытаньне — як гэта адабʼецца на стасунках з Беларусьсю, хай сабе гэтыя стасункі для Расеі і малазначныя?

— Я ня думаю, што і да гэтага рашэньня ў двухбаковых адносінах была пэрспэктыва рэзкіх зьменаў. Адносіны разьвіваюцца ў тых жа рамках, якія былі закладзеныя яшчэ ў першыя гады прэзыдэнцтва Пуціна. Расея клапоціцца, каб з Лукашэнкам нічога ня здарылася, але зь іншага боку ня хоча яго перакормліваць.

Тэма эканоміі грошай на Беларусь узьнікла не пасьля Крыму. Яна ўзьнікла пасьля пэнсійнай рэформы, пасьля падвышэньня ПДВ, пасьля пачатку эканоміі ў Расеі. Калі Расея эканоміць на сабе, чаму ж ёй на Беларусі не эканоміць?

Ня думаю, што будуць нейкія вялікія перамены. Але яны не плянаваліся і да «абнуленьня». Цяпер, калі ў Лукашэнкі нібыта ўсё ў парадку — навошта яго перакормліваць субсыдыямі? Паглядзім на сытуацыю бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў ці пасьля іх. Калі ў Лукашэнкі ўзьнікнуць нейкія праблемы, магчыма, Масква стане больш згаворлівай.

У Крамлі ня могуць не ўсьведамляць, што Лукашэнка па-ранейшаму найбольш зручны кіраўнік Беларусі. Я ня веру, што яны хочуць яго зьмяніць і радыкальна перагледзіць status quo у Беларусі. Гэта было б варʼяцтвам і поўным неразуменьнем сытуацыі. Я мяркую, што Крэмль будзе рабіць усё, што ў яго сілах, каб Лукашэнка застаўся ва ўладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG