Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 4% расейцаў бачаць Пуціна пасьля 2024 году прэзыдэнтам Саюзнай дзяржавы


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Гэта вынікае з апытаньня, якое правёў па ўсерасейскай выбарцы Лявада-цэнтар. Апытаньне праводзілася 23-29 студзеня, пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі ў штогадовым пасланьні абвясьціў пра свой плян канстытуцыйнай рэформы. Задавалася пытаньне — «У якой ролі Вы хацелі б бачыць Уладзіміра Пуціна пасьля завяршэньня яго прэзыдэнцкага тэрміну ў 2024 годзе?».

Падчас апытаньня кожны трэці рэспандэнт аддаў перавагу таму, каб пасьля 2024 году Пуцін стаў пэнсіянэрам, прыватнай асобай, ці проста не займаўся публічнымі сфэрамі дзейнасьці.

Леў Гудкоў
Леў Гудкоў

Камэнтуючы вынікі апытаньня, дырэктар Лявада-цэнтру Леў Гудкоў прызнаўся, што для яго «стаў нечаканасьцю даволі вялікі адсотак людзей, якія жадаюць адправіць Пуціна ў адстаўку». На яго думку, нарастае стомленасьць і сытуацыя нагадвае перадпратэстныя настроі, якія панавалі ў Расеі ў 2010-2011 гадах.

Разам з тым, бачыць Пуціна прэзыдэнтам Расеі пасьля 2024 году хочуць 27% расейцаў. Яшчэ прыкладна столькі ж (28%) хацелі б, каб ён заняў тады іншую палітычную кіроўную пасаду — старшыні ўраду (11%), лідэра партыі «Единая Россия» (9%), афіцыйнага лідэра нацыі і сакратара Рады бясьпекі (так называецца пасада экс-прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева) (4%) і нарэшце прэзыдэнта Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі (4%).

Яшчэ 4% бачаць Пуціна на чале міжнароднай арганізацыі (ААН, Міжнароднага алімпійскага камітэту) і 1% — кіраўніком буйной дзяржаўнай карпарацыі.

За тое, каб Пуцін застаўся прэзыдэнтам Расеі і пасьля 2024 году, у большай ступені выказваюцца жанчыны, асобы з адукацыяй ніжэй за сярэднюю, жыхары малых гарадоў і вёсак.

Леў Гудкоў зьвярнуў увагу на цікавую сувязь адказаў з узростам: у большай ступені хацелі б, каб Пуцін заставаўся ў Крамлі і пасьля 2024 году, самыя маладыя і самыя старыя расейцы — моладзь ва ўзросьце 18-24 гадоў і пэнсіянэры.

Кіраўнік Лявада-цэнтру зьвязвае гэта з тым, што ў школах «адраджаецца амаль савецкая рыторыка» аб вялікай дзяржаве, змове супраць Расеі і аб моцным лідэры, многія школьнікі прасякнуты такімі клішэ. Але потым яны сталеюць, «пачынаюць працаваць, заводзяць сем’і, набываюць уласны, а не накінуты звонку жыцьцёвы досьвед, і погляды моцна мяняюцца».

Самы нізкі ўзровень гатоўнасьці, каб Пуцін пайшоў на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін — сярод расейцаў ва ўзросьце 39-55 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG