Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ?


Удзельнік менскага пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі, 20 сьнежня 2019

Сьцісла:

  • За палітычную інтэграцыю з Беларусьсю ў той ці іншай форме — 23% расейцаў
  • Аб’ект беларускага абурэньня пагрозай аншлюсу — 72% расейцаў, якія зусім не зацыкленыя на далучэньні Беларусі да РФ любой цаной
  • У аўтарытарнай Расеі на меркаваньне народу ня надта зважаюць, але яно задае пэўныя межы магчымай палітыкі

Ці хочуць расейцы далучэньня Беларусі да РФ? Да пэўнай ступені адказ на гэтае пытаньне даюць зьвесткі апошняга апытаньня, якое правёў у Расеі Лявада-цэнтар у супрацы з Маскоўскім цэнтрам Карнэгі. Апытаньне ладзілася па ўсерасейскай выбарцы 12-18 сьнежня летась.

Рэспандэнты адказвалі на пытаньне: «Сёмага сьнежня прайшлі перамовы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Як, на вашую думку, павінныя будавацца адносіны Расеі і Беларусі?».

44% апытаных адказалі, што краіны мусяць больш актыўна супрацоўнічаць у эканамічнай сфэры, 28% згодныя захаваць стасункі на ранейшым узроўні, 13% выказаліся за больш шчыльны саюз з адзіным кіраўніком на чале, а кожны дзясяты выказаў упэўненасьць, што Беларусь павінная ўвайсьці ў склад Расеі.

Дырэктар Лявада-цэнтру Леў Гудкоў
Дырэктар Лявада-цэнтру Леў Гудкоў

Гэтыя зьвесткі не падтрымліваюць распаўсюджанае меркаваньне, што расейцы амаль пагалоўна мараць аб паглынаньні іх краінай Беларусі.

10% сапраўды хацелі б гэтага. Але і толькі. А далей — пачынаюцца нюансы, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Саюз, на чале якога адзіны кіраўнік — гэта вельмі падобна таксама на адзіную дзяржаву. Але, фармальна кажучы, гэта ня тое самае, што далучэньне Беларусі.

Але агулам выразна за больш глыбокую палітычную інтэграцыю — каля чвэрці.

І прыкладна столькі ж — за захаваньне цяперашняга становішча, цяперашняга стану адносінаў.

Самая вялікая група рэспандэнтаў выказалася ўсяго за больш актыўную супрацу Беларусі і Расеі ў эканамічнай сфэры.

Пуцін і Лукашэнка са сваімі міністрамі на перамовах у Санкт-Пецярбургу, 20 сьнежня 2019
Пуцін і Лукашэнка са сваімі міністрамі на перамовах у Санкт-Пецярбургу, 20 сьнежня 2019

Варта заўважыць — нават не за паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі, не за стварэньне супольных інстытутаў эканамічнай інтэграцыі, усяго за пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва.

Меркаваньні гэтых 44% аказваюцца ключавымі для вызначэньня пазыцыі большасьці.

А ад чаго залежыць іх стаўленьне да канкрэтных праектаў інтэграцыі? Падаецца, што не ў апошнюю чаргу — ад рэакцыі Беларусі і беларусаў.

І ў сэнсе працы з расейскай грамадзкай думкай выглядаюць даволі пісьменнымі і гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што ён не дапусьціць паглынаньня Беларусі Расеяй, і галасы грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якая выступае супраць аншлюсу.

Дык а хіба з расейскага боку нехта накідае прапановы аб палітычнай інтэграцыі? Ну нехта і накідае, калі меркаваць па прызнаньнях Лукашэнкі наконт таемнай 31-й «дарожнай мапы» інтэграцыі. І пасланьне, якое гучыць з Менску і ад афіцыйнага боку, і ад яго апанэнтаў, адрасаванае тым 72% расейцаў, якія альбо ня хочуць ніякага паглыбленьня інтэграцыі альбо выступаюць адно за пашырэньне эканамічнай супрацы: Крэмль накідае і нам, і вам тое, чаго ня хочам ні вы ні мы.

Гэтыя 72% расейцаў не зацыкленыя на пашырэньні Расеі — яны можа былі б і ня супраць, але не насуперак волі тых, за кошт каго плянуецца пашыраць, не за тое, каб сілай за кошт іх пашырыцца.

І калі з Менску — і з урадавых палацаў і з плошчаў — гучыць: а мы ня хочам, а мы супраць, дык гэтыя расейцы і думаюць — ну дык і ня трэба, навошта сварыцца з братамі, нашто гвалціць іх?

Безумоўна, Расея — дзяржава аўтарытарная, палітыка там не будуецца ў адпаведнасьці з народнымі меркаваньнямі. Але ўсё ж і ня тое, каб вялася зусім ужо насуперак ім.

Напэўна, у Крамлі ведаюць і падобныя апытаньні, і настроі, якія яны адлюстроўваюць. 31-я мапа зьявілася на сьвет таму што на гэтыя настроі можна да пэўнай ступені і не зважаць, яна трымаецца ў сакрэце, яе публічна не прапаноўваюць беларускаму боку таму што зважаць на расейскія масавыя настроі ўсё ж даводзіцца.

Наўпрост прапаноўваць палітычную інтэграцыю — гэта насуперак ня толькі волі афіцыйнага Менску і большасьці беларусаў, гэта насуперак і волі большасьці расейцаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG