Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біў венікам, мухабойкай, папругай. У Зэльве пачаўся суд над бацькам за забойства дачкі


Абвінавачаны Кірыл Бандалетаў у судзе 9 сакавика
Абвінавачаны Кірыл Бандалетаў у судзе 9 сакавика

Бацьку вінавацяць у забойстве чатырохгадовай дачкі ў Зэльвенскім раёне, ён цалкам не прызнаў віны. Справу пачаў разглядаць Горадзенскі абласны суд на базе Зэльвенскага суду 9 сакавіка.

Падсудны — 25-гадовы Кірыл Бандалетаў, жыхар Зэльвенскага раёну, нарадзіўся ў Салігорскім раёне, скончыў школу, разьведзены. На момант затрыманьня працаваў у калгасе ў Зэльвенскім раёне. У 2013 годзе яго асудзілі за супраціў супрацоўніку міліцыі.

Кінуў дзіця на тахту і ў сьцяну

Пад вартай у гэтай справе ён знаходзіцца зь 19 кастрычніка мінулага году.

Мужчыну прад’явілі абвінавачаньне ў катаваньні і забойстве заведама малалетняй, учыненае з асаблівай жорсткасьцю. Закон прадугледжвае ў такім выпадку пакараньне аж да сьмяротнага пакараньня.

Усё здарылася ўвечары 18 кастрычніка. Па вэрсіі Сьледчага камітэту, 25-гадовы мужчына жорстка пабіў сваю чатырохгадовую дачку за тое, што яна яго не паслухалася. Ён трос дзіця, біў рукамі і нагамі. Некалькі разоў кінуў на тахту, а таксама ў сьцяну, пасьля чаго дачка страціла прытомнасьць. Мужчына выклікаў хуткую дапамогу.

Дзяўчынка самастойна ня дыхала. Лекары спрабавалі яе рэанімаваць, але дзіця так і не прыйшло ў прытомнасьць і памерла ў шпіталі праз два дні.

Бандалетаў раней жыў у адной зь вёсак суседняга Слонімскага раёну. Ён меў дзьвюх дачок: старэйшай М. было 4 гады (яна памерла), малодшай Я. — тры гады. Раней сям’я значылася ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, дзяцей забіралі зь сямʼі. Увосень 2018 году Кірыл вярнуў сабе дачок.

Апошнім часам Кірыл жыў у адной зь вёсак Зэльвенскага раёну разам з сужыцелькай Веранікай. У ейным доме і адбыўся гвалт над малой. Вераніка гадуе сваё дзіця.

Дом, дзе бацька зьбіў дачку да непрытомнасьці
Дом, дзе бацька зьбіў дачку да непрытомнасьці

«Ня хочацца ўсё выносіць на агульны агляд»

Справу разглядае судзьдзя Ўладзімер Янкоўскі, пракурор — Сьвятлана Нанкевіч, адвакатка абвінавачанага — Ірына Коваль.

На паседжаньне прыйшлі законныя прадстаўніцы загінулага дзіцяці — супрацоўніцы прытулку, дзе знаходзілася малодшая дачка абвінавачанага, а таксама маці з прыёмнай сям’і, куды дзяўчынку пазьней забралі.

Абвінавачаны заявіў хадайніцтва аб правядзеньні судовага пасяджэньня ў закрытым рэжыме.

«Ня хочацца ўсё выносіць на агульны агляд, таму што шмат чаго тычыцца асабістага і дзяцей», — сказаў Бандалетаў.

Адвакатка абвінавачанага Ірына Коваль
Адвакатка абвінавачанага Ірына Коваль

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва.

Адвакатка абвінавачанага Ірына Коваль заявіла хадайніцтва, каб дапытаць у якасьці сьведак былых і цяперашніх суседзяў абвінавачанага.

Малодшая дачка абвінавачанага цяпер знаходзіцца ў прыёмнай сям’і.

Віны не прызнаў

Згодна з абвінавачаньнем, Бандалетаў з 12 па 18 кастрычніка мінулага году ў стане алькагольнага апʼяненьня біў сваіх малодшых дачок венікам, мухабойкай, папругай, тапкам па галаве, біў іх таксама па твары, шыі, грудзях, жываце, руках, нагах, азадку. Старэйшую дачку бацька таксама клаў на падлогу, ставіў нагу на твар, біў яе. У дзяўчатак па ўсім целе засталіся сінякі.

Кірыл Бандалетаў у судзе
Кірыл Бандалетаў у судзе

Як зачытала пракурор, 18 кастрычніка Бандалетаў «з мэтай забойства на фоне раптоўнай да старэйшай дачкі агрэсіі» пабіў яе, бо ня слухалася. Нанёс ня менш за 36 удараў рукамі, нагамі, тронкам веніка па галаве і ўсім целе. Трымаючы за рукі і ногі, кінуў яе на тахту. Пракурор некалькі хвілін зачытвала траўмы, якія засталіся ў дзіцяці пасьля зьбіцьця. У гэты час прысутныя ў залі плакалі.

Бандалетаў віны цалкам не прызнаў.

Першым суд дапытаў абвінавачанага. Як расказаў сам Бандалетаў, ён скончыў 11 клясаў, раней працаваў паляводам, даяром. У войска не пайшоў, бо «няўдала схадзілі з хлопцамі пагуляць», пасьля чаго яго асудзілі. Ажаніўся, жылі разам з жонкай, пакуль яна не пачала піць. Пазьней зьехаў да маці ў суседнюю вёску, працаваў жывёлаводам. Езьдзіў у Менск на падпрацоўку.

На першай лаве зьлева направа прыёмная маці Ірына Варган і дырэктарка прытулку Вольга Дзмітрыева, у другім шэрагу зьлева прадстаўніца ўпраўленьня адукацыі райвыканкама Ядзьвіга Бута
На першай лаве зьлева направа прыёмная маці Ірына Варган і дырэктарка прытулку Вольга Дзмітрыева, у другім шэрагу зьлева прадстаўніца ўпраўленьня адукацыі райвыканкама Ядзьвіга Бута

Ажаніўся другі раз, нарадзіліся дзьве дачкі. Сямʼю паставілі на ўлік за сацыяльна небясьпечнае становішча, паводле Бандалетава, па віне жонкі: то яна не плаціла за камунальныя паслугі, то пакідала дзяцей у хаце адных. У 2018 годзе дзяцей забралі зь сямʼі, маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. У канцы таго ж году Бандалетаў вярнуў сабе дачок.

Ён знайшоў іншую працу, адтуль пайшоў у дэкрэт з малодшай дзяўчынкай. Па словах Бандалетава, ён сам даглядаў дзяцей і вадзіў іх у садок, дапамагала ягоная маці. Ён атрымліваў дапамогу на дзяцей каля 500 рублёў.

Пракурор Сьвятлана Нанкевіч (справа)
Пракурор Сьвятлана Нанкевіч (справа)

Пракурор: «Самага галоўнага не памятаеце»

З сужыцелькай Веранікай Падзялінскай, якая прысутнічала падчас зьбіцьця дачкі, Бандалетаў пазнаёміліся ў інтэрнэце. Улетку 2019 году пераехаў да яе разам зь дзецьмі жыць, шукаў працу ў Зэльвенскім раёне. Жылі за заробак Падзялінскай і дапамогу на дзяцей Бандалетава, дапамагаў бацька сужыцелькі. Агулам даход складаў каля 700 рублёў; грошай, па словах абвінавачанага, не хапала.

Са словаў абвінавачанага, Вераніка не піла, а сам ён піў «вельмі рэдка і вельмі мала». 18 кастрычніка, калі адбыўся гвалт, зь ягоных словаў, да абеду ён выпіў літар піва.

У той дзень сужыцелька ранкам езьдзіла са сваёй дачкой у паліклініку. Бандалетаў калоў дровы на вуліцы, ягоныя дзеці гулялі побач. Пазьней прыехала Вераніка разам з дачкой і сваёй маці і пляменьнікам Веранікі. Схадзілі ў суседнюю вёску да маці Веранікі, Кірыл дапамог ёй зрабіць работу па дому. Тады Бандалетаў разам з маці сужыцелькі і выпілі па літры піва кожны. Вераніка не піла. Вярнуліся дахаты.

Бандалетаў пайшоў сячы дровы. У нейкі момант Вераніка паклікала яго, бо старэйшая дачка абкакала калготкі. Ён пасварыўся з сужыцелькай, маўляў, бацька надта лагодны і дазваляе ёй шмат, балуе. Маці Веранікі прыйшла ў гэты час да іх у госьці. Дапамагла памыць дзяўчынку. Яна таксама дадала, што Кірыл — надта мяккі бацька.

Далей, па вэрсіі Бандалетава, увечары Вераніка ўбачыла, што старэйшая дачка без дазволу адчыніла лядоўню.

«Яны пойдуць у госьці і там у лядоўню залезуць, непрыгожа», — перадае словы Веранікі абвінавачаны.

Бацька насварыўся на дачку за тое, што яна адчыніла самастойна лядоўню. Што ён казаў ёй, мужчына спачатку ня мог прыгадаць.

«Вы ўсё так добра памятаеце, а самага галоўнага ня памятаеце. Вам усе казалі, што вы надта добры бацька, а як сварыліся, ня памятаеце?» — заўважыла пракурор.

Бандалетаў успомніў, што прыгразіў дачцэ, што паставіць яе ў кут. Дзяўчынка пакрыўдзілася і пайшла ў іншы пакой.

«Хацеў яе напужаць»

Тады Вераніка пачала з усімі дзецьмі рабіць зарадку, «яны скакалі і бегалі». Паводле Кірыла, дзеці яе рабілі ахвотна.

«Яна часам ноччу прачыналася, можа, ёй чаго не хапала, чым кармілі. Магла пайсьці на гаршчок, а потым зьесьці нечага, цукерак», — сказаў Бандалетаў.

Ён патлумачыў, што зарадку зь дзецьмі час ад часу рабілі, каб дзеці больш стамляліся і лепей засыналі, не прачыналіся ноччу.

У гэты момант Бандалетаў быў у кухні. Сужыцелька яго паклікала, бо старэйшая дачка пачала «псыхаваць», адмаўлялася рабіць зарадку.

«Я падышоў да дачкі (называе імя), узяў яе за ручку, мы кола прайшлі спакойна па пакоі», — успамінае падзеі таго вечара абвінавачаны.

Патлумачыў, навошта ёй зарадка. Дачка, па ягоных словах, прайшла разам зь ім, а потым прысела і пачала плакаць, што іншых дзяўчатак у сям’і любяць, а яе не.

«Калі я хацеў яе падняць, яна тарганулася ўбок, што мы ёй не патрэбны, што яна хоча да маці. Я, можа, крыху псыхануў. Даў далоньню ёй па азадку, па сьпіне крыху. Папужаць хацеў, ня ведаю. Можа, крыху пальцы (свае) загнуў, але гэта на сьледзтве трактавалі, што кулаком. Узяў яе пад ручкі і пад ножкі, пад шыю, атрымліваецца, пад плячо, узяў яе на рукі і падкінуў на гэтую тахту. Потым паўторна яе падняў на ўзроўні сваіх грудзей і апусьціў», — спакойна апісвае Бандалетаў.

«Кінулі ці лагодна апусьцілі?» — запыталася пракурор.

«Нельга сказаць, што мякка апусьціў. Ну як кінуў? Апусьціў... Хацеў напужаць. Яна ў гэты час пачала плакаць».

Мужчына сьцьвярджае, што выйшаў з пакоя на 5 хвілін. У пакой зайшла Вераніка і вынесла дзяўчынку на руках без прытомнасьці, нібыта тая ўпала. Выклікалі «хуткую», якая прыехала праз паўгадзіны. Бацька ў гэты момант спрабаваў сам яе прывесьці ў прытомнасьць, пырскаў вадой, рабіў штучнае дыханьне, выносіў на вуліцу. Бацька ўвесь час трымаў дзіця на руках.

«Аднойчы такое было, калі яна была маленькая, у яе таксама адбывалася такое „заміраньне арганізму“, ня памятаю, як правільна называецца. Я баяўся, што гэта зноў паўтарылася», — выказаў вэрсію падсудны.

Ён чуў, як Вераніка перажывала, што іх пасадзяць, жанчына вінаваціла ў тым, што здарылася, Бандалетава.

На ягоную думку, траўмы дзяўчынцы магла нанесьці толькі Вераніка, бо ён сам больш займаўся гаспадаркай. Тое, што раней біў дачку, прызнаў, але «тое было паўтара месяца таму». Ён расказаў, што сужыцелька аднойчы біла тапкам ягоную старэйшую дачку паміж ножак, калі тая абсікалася.

«Адкуль цялесныя пашкоджаньні ў вашых дзяцей?» — запыталася пракурорка.

«Шчыра, я ня ведаю», — адказаў Бандалетаў.

Ён патлумачыў, што займаўся дровамі і гаспадаркай, а мыла дзяцей і больш займалася зь імі Вераніка, бо яны вырашылі такім чынам падзяліць абавязкі на мужчынскія і жаночыя.

«Якая вашая вэрсія таго, што адбылося?» — запытался чарговы раз пракурор.

«Толькі ад Веранікі [пацярпела дзіця]. Як — я ня ведаю. Я ж ня быў, я ж ня бачыў», — адказаў абвінавачаны.

Вераніка Падзялінская праходзіць у справе сьведкай.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG