Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Рэч Паспалітая магла стаць дзяржавай «трох народаў»


У шматвяковай гісторыі Беларусі быў пэрыяд, калі значная яе частка магла апынуцца ў складзе так званага Вялікага княства Рускага — або, кажучы сучаснай мовай, у складзе Ўкраіны. Гэта было ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя.

Пункт адліку — 1648 год, калі ва Ўкраіне пачалося казацкае паўстаньне супраць панаваньня палякаў. Украінскія казакі перанесьлі свае дзеяньні на поўдзень і ўсход Беларусі, насельніцтва якіх яны лічылі сваімі праваслаўнымі братамі. Казакоў актыўна падтрымалі беларускія сяляне і ніжнія слаі мяшчанства.

Казацка-сялянская вайна працягвалася тры гады і скончылася ў 1651 годам перамогай войскаў ВКЛ на чале зь Янушам Радзівілам.

Але казакі не супакойваліся, баявыя дзеяньні супраць палякаў працягваліся і ў 1654 годзе гетман Багдан Хмяльніцкі, паводле ўмоваў Пераяслаўскай рады, далучыў Украіну да Маскоўскага царства. Цар Аляксей Міхайлавіч зьмяніў свой тытул на ўладара «Усяе Вялікія і Малыя Расеі самадзержца».

У тым жа годзе Масква напала на Вялікае Княства Літоўскае і праз год, летам 1655 году, захапіла Менск і Вільню. Цар вырашыў далучыць Беларусь непасрэдна да Маскоўскага царства і чарговы раз зьмяніў свой тытул на «Ўсяе Вялікія і Малыя і Белыя Расеі самадзержца».

Гэта выклікала абурэньне Багдана Хмяльніцкага, які хацеў бачыць Беларусь у складзе Ўкраіны. Багдан Хмяльніцкі адвярнуўся ад Масквы і зблізіўся з Крымскім ханам.

Аблога казакамі Бабруйску. 1649 год
Аблога казакамі Бабруйску. 1649 год

Далей у казацкай дзяржаве мяняліся гетманы, адбываліся розныя канфлікты і ваенныя дзеяньні, аж пакуль пераемнік Хмяльніцкага, гетман Іван Выгоўскі не падпісаў з палякамі так званую Гадзяцкую ўнію 1658 году. Паводле яе ўмоваў стваралася Вялікае Княства Рускае ў складзе ваяводзтваў Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага, а Рэч Паспалітая ператваралася ў дзяржаву «трох народаў» і трох частак — Кароны, ВКЛ і Русі. Беларусь заставалася ў складзе ВКЛ.

Але і гэтая дамова не была рэалізаваная праз адмоўную пазыцыю польскага Сойму і пратэсты часткі казацкіх палкоўнікаў.

Той пэрыяд гісторыі цікавы прэтэнзіямі Ўкраіны на Беларусь.
Казакі захоплівалі і пэўны час кантралявалі Гомель, Мазыр, Лоеў, Рэчыцу, Тураў, Брагін, Чэрыкаў і нават Бабруйск. Пагражалі Берасьцю, Слуцку, Магілёву і Воршы.

Рэчыцкі замак. 1649 год
Рэчыцкі замак. 1649 год

Калі б сялянска-казацкая вайна 1648-1651 гадоў скончылася перамогай казакоў, значная частка Беларусі магла б апынуцца ў складзе іншай дзяржавы — Гетманскай Украіны са сталіцай у Кіеве.

Гэтая дзяржава каля 100 гадоў, фармальна застаючыся ў складзе Расеі, фактычна была незалежнай і актыўна ўкраінізавалася. Вядома, напрыклад, што мытня паміж Расеяй і Ўкраінай існавала да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя, а падаткі Ўкраіна пачала плаціць у расейскую казну толькі ў часы Кацярыны ІІ (1762-1796) — гэта значыць, у другой палове XVIII стагодзьдзя.

Вось жа польны, а пазьней вялікі гетман Януш Радзівіл, які ў той складаны час пераняў кіраваньне войскамі ВКЛ ад састарэлага вялікага гетмана Яна Кішкі, стаў тым чалавекам, дзякуючы якому Літва-Беларусь засталася непадзельнай.

Гетман Януш Радзівіл
Гетман Януш Радзівіл

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG