Кансыліюм спэцыялістаў прыняў рашэньне перавезьці пяцёх траўмаваных у шахце «Беларуськалію» з рэанімацыі ў Салігорску ў менскія лякарні, піша Міністэрства здароўя.
Двух пацыентаў перавязуць у шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, яшчэ трох пацыентаў — у РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі. Адзін пацыент застаецца на лячэньні ў Салігорскай лякарні. Яго стан стабільны, празь некалькі дзён яго хочуць перавесьці на амбуляторнае лячэньне.
Сьледчы камітэт 5 сакавіка завёў крымінальную справу паводле артыкулу «Прычыненьне сьмерці зь неасьцярожнасьці».
Шахтары скардзіліся на праблемы з машынамі
Віцэ-старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых працаўнікоў Сяргей Чаркасаў расказаў Tut.by, што аўтамабільны парк для перавозкі людзей у шахце — даўняя праблема, лідэры прафсаюзу падымалі пытаньне яшчэ 7 гадоў таму. Паводле яго, машына МТ-353, на якой ехалі ахвяра і пацярпелыя, ненадзейная і функцыянальна не пасуе працы ў шахце (напрыклад, ламалася тармазная сыстэма).
«Імаверна, выбіла кардан у машыны, кіроўцу адкінула ад стырна, і машына ўдарылася аб сьценку выпрацоўкі. Машыну так зьнявечыла, што яе выразалі зваркай. Кіроўца памёр, яму год заставаўся да сканчэньня кантракту, зьбіраўся выходзіць на пэнсію», — сказаў ананімны суразмоўца Tut.by.
У шахце «Беларуськалію» 4 сакавіка падземная машына для перавозкі пасажыраў сутыкнулася з цаліком горнай выпрацоўкі. У выніку пацярпелі работнікі прадпрыемства, якія знаходзіліся ў машыне.
У бальніцу даставілі восем работнікаў, кіроўца аўтамабілю ад атрыманых траўмаў памёр.
Вядомыя інцыдэнты на «Беларуськаліі» за апошнія гады
Шахтар — адна з самых небясьпечных прафэсіяў. Штогод на «Беларуськаліі» гінуць людзі.
2014 год — моцны пажар
У Салігорску на глыбіні 440 мэтраў загарэлася абсталяваньне ў шахце на адным з руднікоў «Беларуськалію». У шахце ў гэты час былі 467 гарнякоў. Выратавальнікам удалося іх эвакуаваць.
2015 год — 2 чалавекі загінулі
25 красавіка 2015 году ў шахце першага рудаўпраўленьня «Беларуськалію» адбыўся абвал выпрацоўкі на глыбіні мінус 264 мэтры. Там замянялі аркі. Загінуў 37-гадовы праходнік.
2 лістапада загінуў 27-гадовы рабочы, выконваючы плянавыя працы на адным з участкаў трэцяга рудаўпраўленьня. Адбылося моцнае вылучэньне мэтану.
2016 год — 4 чалавекі загінулі
9 чэрвеня ў другім рудаўпраўленьні ішоў мантаж мэталяканструкцыі. Яна ўпала. Загінуў 27-гадовы рабочы. А 22 чэрвеня кіроўца ў шахце ня даў рады кіраваньню транспартным сродкам і атрымаў траўмы.
12 ліпеня пры сьвідравальных працах загінуў 53-гадовы рабочы.
26 кастрычніка працаўнікі падраднай арганізацыі падымаліся ў люльцы на дах. Люлька абарвалася. 27-гадовы рабочы загінуў на месцы. Яшчэ трое былі траўмаваныя.
14 лістапада загінуў 22-гадовы машыніст горна-вымальных работ. Ён рамантаваў тэхніку для высяканьня пароды. Хлопца прыціснула рэзальным мэханізмам праходчага камбайну.
2017 год — 1 чалавек загінуў
3 студзеня на 13-м паўночна-заходнім слупе гарызонту мінус 620 мэтраў трэцяга рудаўпраўленьня загінуў машыніст трэсту «Шахтаспэцбуд» 52-гадовы Ўладзімер Штылёў.
2018 год — 2 чалавекі загінулі
9 сакавіка на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўленьня пры засяканьні на тэхналягічную збойку 22б заходняга слупа гарызонту мінус 620 мэтраў адбыўся раптоўны выкід солі і газу. Загінулі двое рабочых — Максім Іваноў і Дзьмітры Валькоў.
2019 год — загінуў 1 чалавек
3 чэрвеня рабочы ў шахце атрымаў сьмяротную траўму: яго «прыціснула самаходным вагонам аб борт выпрацоўкі».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў