Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларуськаліі» першая сьмерць у 2017 годзе

абноўлена

Уладзімер Штылёў зь дзецьмі, фота з сацыяльных сетак
Уладзімер Штылёў зь дзецьмі, фота з сацыяльных сетак

Пад заваламі ў шахце «Беларуськалію» загінуў 51-гадовы работнік. Сьледчая група спусьцілася ў шахту і высьвятляе абставіны. Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле за парушэньне правілаў бясьпекі горных або работаў.

Інфармацыя пра здарэньне пайшла з суполкі «Салігорскія аўтааматары» УКантакце. У камэнтарах да аднаго з пастоў суполкі называюць імя загінулага — Уладзімер Штылёў; у яго засталося двое дзяцей. Адзін з карыстальнікаў сьцьвярджае, што мужчына загінуў у выніку абвалу даху. Іншы заяўляе, што на месцы здарэньня «пастаянна сыплецца дах, хадзіць страшна».

Пазьней на сайце «Беларуськалія» зьявілася афіцыйнае паведамленьне пра сьмерць Штылёва. Паводле вэрсіі, агучанай прадпрыемствам, пасьля выкананьня работаў па разьбіўцы негабарытных кавалкаў пароды на ставе забойнага канвэеру падчас руху па горнай выпрацоўцы адбылося адслаеньне пароды з адпрацаванай прасторы лавы — мужчына атрымаў сьмяротныя траўмы ў выніку падзеньня кавалку пароды.

На «Беларуськаліі» рэгулярна адбываюцца здарэньні, у выніку якіх людзі гінуць альбо атрымліваюць цяжкія траўмы. У 2016 годзе, 9 чэрвеня, 27-гадовы рабочы загінуў пасьля таго, як на яго ўпала мэталічная канструкцыя; 12 ліпеня 53-гадовы машыніст горнавымальнай машыны быў траўмаваны насьмерць у час буравых работ, 26 кастрычніка абарваўся трос у люльцы з шасьцю работнікамі, адзін зь якіх загінуў; 14 лістапада 22-гадовы машыніст горнавымальнай машыны атрымаў сьмяротныя траўмы падчас рамонту тэхнікі.

Як і іншыя прамысловыя гіганты Беларусі, «Беларуськалій» звальняе работнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG