Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Валянціна Мацьвіенка атрымала ордэн Скарыны?


Уладзімір Пуцін, Валянціна Мацьвіенка і Аляксандар Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў у 2016 годзе
Уладзімір Пуцін, Валянціна Мацьвіенка і Аляксандар Лукашэнка на Форуме рэгіёнаў у 2016 годзе

Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Валянціну Мацьвіенку ордэнам Францішка Скарыны 3 красавіка 2019 году да яе 70-годзьдзя. Як сказана ва ўказе, «за значны асабісты ўклад ва ўмацаваньне дружалюбных адносін і разьвіцьцё супрацоўніцтва» паміж Беларусьсю і Расеяй.

Валянціна Мацьвіенка прыбыла ў Беларусь 5 сакавіка, каб удзельнічаць у паседжаньні аргкамітэту VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. У праграме візыту — сустрэчы з кіраўнікамі абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу і Аляксандрам Лукашэнкам, які і ўручыў ёй ордэн Скарыны.

Свабода разьбіралася, які і куды зрабіла «ўклад» Мацьвіенка.

Хто такая Валянціна Мацьвіенка

Валянціна Мацьвіенка — доўгажыхарка ў расейскай палітыцы, летась яе трэці раз абралі старшынёй Савету фэдэрацыі Расеі. Гэтую пасаду яна займае з 2011 году.

Валянціна Мацьвіенка
Валянціна Мацьвіенка

Мацьвіенка нарадзілася ва Ўкраіне, аднак праз стаўленьне да анэксіі Крыму і сытуацыі на Данбасе яе называюць «сымбалем анэксіі і вайны». Пад яе кіраўніцтвам у 2014 годзе Савет фэдэрацыі даў прэзыдэнту Расеі права ўвесьці «абмежаваны кантынгент» расейскіх войскаў у Крым дзеля «бясьпекі грамадзян Расеі», якія там жывуць.

Часта кажа пра «саюзную дзяржаву» і «інтэграцыйныя працэсы»

Фактычна ад пачатку свайго сьпікерства Валянціна Мацьвіенка спрычынялася да форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Пра інтэграцыйныя працэсы Мацьвіенка выказвалася з пазыцыі расейскіх інтарэсаў.

У 2013 годзе яна заявіла, што ўмацаваньне пазыцыяў расейскай мовы стане магутным абʼяднаўчым фактарам на эўразійскай прасторы.

У 2015 годзе Мацьвіенка сказала, што Расеі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі важная перамога кандыдата, які «працягне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы».

Прапаноўвала ўвесьці «візу саюзнай дзяржавы»

У 2016 годзе апазыцыйныя палітыкі Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч абвінавацілі Валянціну Мацьвіенку ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Падставаю стала яе заява на Форуме рэгіёнаў у Менску, што ініцыятыва ЭЗ «Усходняе партнэрства» ня мае «ніякіх практычных плюсаў».

Валянціна Мацьвіенка, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на форуме рэгіёнаў у 2018 годзе
Валянціна Мацьвіенка, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на форуме рэгіёнаў у 2018 годзе

Гэтак жа апазыцыйныя палітыкі адрэагавалі на ініцыятыву Мацьвіенкі ўвесьці агульную візу «саюзнай дзяржавы». Палітыкі назвалі гэта чарговай спробай умяшаньня ва ўнутраную і замежную палітыку Беларусі і навязваньня «інтэграцыйных» працэсаў толькі ў інтарэсах Расеі. Яны запатрабавалі ад Мацьвіенкі «спыніць усялякія выказваньні і прапановы ў пытаньнях расейска-беларускай інтэграцыі».

Дамагаецца скасаваньня роўмінгу і адзінай валюты

У 2017 годзе Валянціна Мацьвіенка прапанавала скасаваць роўмінг паміж Расеяй і Беларусьсю, аднак дагэтуль роўмінг застаецца.

У 2019 годзе годзе Мацьвіенка заявіла, што Расея і Беларусь у рамках «саюзнай дзяржавы» павінны будуць прыйсьці да адзінай валюты.

Валяніцна Мацьвіенка мае шэраг узнагародаў, сярод якіх узнагарода сэрбскага фонду братоў Карычаў «За ўмацаваньне міру, дэмакратыі, супрацоўніцтва і дружбы паміж народамі».

Валянціна Мацьвіенка ў Крыме, чэрвень 2019 году
Валянціна Мацьвіенка ў Крыме, чэрвень 2019 году

Да свайго 60-годзьдзя ў 2009 годзе Мацьвіенка атрымала беларускі Ордэн Дружбы народаў — «за значны ўнёсак у саюзнае будаўніцтва, умацаваньне сяброўскіх адносінаў, адзінства народаў Беларусі і Расеі».

Цікавыя факты пра Валянціну Мацьвіенку

  • Валодае ўкраінскай, нямецкай, ангельскай і грэцкай мовамі
  • Працавала паслом Расеі на Мальце і Грэцыі
  • У 2003-2011 гадох была губэрнатаркай Санкт-Пецярбургу
  • Ужо 17 сакавіка 2014 году, за дзень да абвяшчэньня аб далучэньні Крыму да РФ, да Матвіенкі ў ЗША ўвялі санкцыі: забарона на ўезд, а таксама арышт актываў і ўласнасці на тэрыторыі ЗША. Аналягічныя санкцыі прынялі таксама краіны Эўразьвязу, Канада, Швайцарыя і Аўстралія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG