Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн Францішка Скарыны — апошні ў сьпісе беларускіх ордэнаў


Галіна Абакунчык, Менск Ад рэфэрэндуму 1995 году, на якім зьмянілі дзяржаўную сымболіку, у Беларусі зьявілася каля 200 новых гербаў гарадоў і мястэчак. Да рэестру дзяржаўных узнагародаў дадаліся ордэны савецкага часу, але быў скасаваны ордэн Кастуся Каліноўскага. А ордэн Францішка Скарыны зрабілі апошнім у сьпісе ордэнаў. Пра гэта паведамілі прэзыдэнцкія чыноўнікі-геральдысты.

Сучасная сыстэма ўзнагародаў і геральдыкі ў Беларусі пачала актыўна разьвівацца пасьля травеньскага рэфэрэндуму, кажуць прадстаўнікі ўладаў.

Так, свой герб цяпер маюць такія гарады й мястэчкі, як Дрыбін, Акцябарскі, Падсьвільле і многія іншыя, якія раней гербаў ня мелі.

Як яны распрацоўваліся, якімі нарматывамі кіраваліся, сябра Геральдычнай рады пры прэзыдэнту Сяргей Расадзін не патлумачыў. Але зьяўленьне новых гербоў, а таксама замену галоўных нацыянальных сымбаляў на сучасныя дзяржаўныя Расадзін пракамэнтаваў гэтак:

“Філязофскі падыход які тут? Геральдыку нельга ўспрымаць як помнік, як надмагільле, як шаноўную нябожчыцу. Яна павінна служыць нашаму народу”.

Істотна зьмянілася таксама і сыстэма ўзнагародаў. Значная іх частка была пазычаная з савецкага часу. Так, зьявіўся мэдаль “За адвагу”, “За службу Радзіме”, “За бездакорную службу” і многія іншыя. Праўда, пры гэтым усе надпісы на ордэнах выкананы па-беларуску

Адначасна ўлады скасавалі ордэн Кастуся Каліноўскага.

А пра ордэн Францішка Скарыны, які задумваўся як галоўны, прадстаўнік Вайсковай акадэміі Аляксандар Самовіч сказаў:

“На жаль, ордэн Францішка Скарыны, які вельмі шанаваны ў народзе, у статусе аб ордэнах займае апошняе месца ў сьпісе ўзнагародаў. Магчыма, што зьявіцца яшчэ нейкая ўзнагарода, і ордэн Францішка Скарыны зойме перадапошняе месца”.

Паводле спадара Самовіча, цяпер галоўнай дзяржаўнай узнагародай зьяўляецца “Зорка Героя Беларусі”. Затым — “Ордэн Айчыны”, “Вайсковай славы”, “За службу Радзіме” і гэтак далей.

Усе гэтыя зьмены камэнтуе колішні сябра геральдычнай камісіі ў Вярхоўным Савеце Алег Трусаў:

“Што тычыцца мясцовай геральдыкі, то бальшыня прынятых гербаў адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці. Што тычыцца дзяржаўных узнагародаў, то тут хваліцца няма чым. Зьявіліся падробкі пад савецкія ордэны. Але самае цікавае, што сёньняшні герб ні на адным ордэне не адлюстраваны.

Мы, канечне, вельмі адсталі ад суседзяў. Калі Расея вярнула сваю царскую ордэнскую сыстэму, таксама Ўкраіна, то мы вярнуліся ў час сталінска-брэжнеўскага застою”.

Гл. таксама:

• Акцыі ў скарынаўскіх мясьцінах – супраць зьнявагі ордэна імя Скарыны

• “Слушай Батьку” — атрымаеш Ордэн Францыска Скарыны
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG