Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў да 11 гадоў калёніі для падлеткаў-«мінёраў» у Гомлі


Падлеткі-«мінёры», якіх судзяць у Гомлі. Архіўнае фота з суду
Падлеткі-«мінёры», якіх судзяць у Гомлі. Архіўнае фота з суду

У судзе Гомельскага раёну пачаліся спрэчкі бакоў у крымінальнай справе «мінавальнікаў», якія рабілі «закладкі» з псыхатропнымі рэчывамі. Судзяць дзевяць чалавек. Пяць зь іх на момант злачынства былі непаўналетнія.

Пракурор запатрабаваў пакараць абвінавачаных тэрмінамі пазбаўленьня волі ад 3 да 11 гадоў.

Апроч «закладак», падлеткаў і іхных дарослых прыяцеляў абвінавачваюць у крадзяжы грошай з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі (артыкул 212 Крымінальнага кодэксу). Яны прасілі ў знаёмых мабільны тэлефон, хутка спампоўвалі пэўную праграму, завалодвалі сродкамі і «перакідалі» грошы на свае тэлефоны. Такіх эпізодаў у Віталя і Аляксандра — 27. Яны скралі 2700 рублёў. Для дваіх дарослых суд папрасіў па тры гады пазбаўленьня волі. Ім інкрымінуюць «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захоўваньне наркатычных ці псыхатропных рэчываў» (частка 1 артыкула 328 КК). Гэта спажыўцы, якія забіралі з «закладак» псыхатропныя рэчывы.

Сваю віну ў «закладках» падлеткі прызналі падчас сьледзтва. Аднак засталося няясным, дзе непаўналетнія ўзялі для фасаваньня буйную партыю псыхатропных рэчываў. З вуснаў дзяржаўнага абвінаваўцы гучаць стандартныя для артыкулу 328 фармуляваньні: «Нявысьветленым спосабам, у нявысьветлены час, у нявысьветленым месцы, у нявысьветленай асобы».

Найбольшы тэрмін пакараньня — 11 гадоў — пракурор запатрабаваў для 22-гадовага Віталя Жукава. 9 гадоў пазбаўленьня волі дзяржаўнае абвінавачаньне просіць для 17-гадовага Аляксандра Пархоменкі.

Пасьля выступу пракурора ў залі плакалі сваякі і сяброўкі абвінавачаных. Да гэтага падлеткі трымаліся бадзёра, адзін з іх паказваў бацькам малюнкі, якія зрабіў у СІЗА.

У судзе выступіла абаронца Віталя Жукава. Адвакатка сказала, што ў судзе не былі здабытыя доказы віны яе падабароннага ў частцы 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Яна дадала, што ў Віталя было «цяжкое дзяцінства» — ягоная маці выхоўвалася ў дзіцячым доме, не дала сыну неабходных «любові, ласкі і выхаваньня». Тата Віталя пайшоў зь сям’і, калі сыну было 10 гадоў. З падлеткавага ўзросту Віталь жыў з грамадзянскай жонкай, старэйшай за яго на дзесяць галоў. «Ён раскайваецца ў злачынстве, у яго добрыя характарыстыкі зь месца працы», — зазначыла адвакатка.

Пасьля паседжаньня маці Віталя сказала: «Мяне адвакатка выставіла нейкай дурніцай!..Можа, грошы я і не давала сыну, але любоў і ласку я яму давала. Чаму адвакатка кажа, што ў яго цяжкі лёс? Я што — піла, дэбашырыла? ЁН сышоў ад мяне і жыў з 14-ці гадоў з той сужыцелькай», — абуралася маці абвінавачанага.

«Доказы на нашых дзяцей шытыя белымі ніткамі. На судзе апэратыўнік зь міліцыі сам казаў, што маглі б пэўных падлеткаў затрымаць раней. Але чаму не рабілі гэтага? Чакалі, цягнулі час, калі можна будзе штучна стварыць групу, і тады гэта будзе выглядаць прыгажэй? Дзеці проста, як кажуць, трапілі ня ў той час і ня ў тое месца», — зазначыла маці 18-гадовага Данілы.

Судовыя спрэчкі былі перапыненыя. Судзьдзя вырашыла працягнуць судовае сьледзтва, зважаючы на аргумэнты, якія агучыла ў судзе адвакатка Віталя Жукава.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG