Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пра Віктара Лукашэнку: высьветлілася, што ён кіруе радай спэцназаўцаў


Віктар Лукашэнка (у цэнтры) і сын генэральнага пракурора Расеі Арцём Чайка (справа) на мотафэстывалі ў расейскім Варонежы, 11 траўня 2019 году
Віктар Лукашэнка (у цэнтры) і сын генэральнага пракурора Расеі Арцём Чайка (справа) на мотафэстывалі ў расейскім Варонежы, 11 траўня 2019 году

Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, ягоны памочнік у нацыянальнай бясьпецы, чалец Савету бясьпекі Беларусі і першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, даў інтэрвію газэце Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» з нагоды 30-гадовага юбілею Групы «А» Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

У тэксьце згадваецца яшчэ адна пасада Віктара Лукашэнкі, якая раней не абвяшчалася: ён кіраўнік міжведамаснай Рады спэцыяльных падразьдзяленьняў.

Што за рада?

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэты орган стварылі ў 2008 годзе.

«Перш за ўсё гэта дарадчы, кансультацыйны, аб'яднаўчы орган, — апісаў функцыі рады сам Віктар Лукашэнка. — Мы зьбіраемся з кіраўнікамі спэцпадразьдзяленьняў, вырашаем надзённыя задачы зь ліку тых, якія нельга або немэтазгодна вырашаць у межах асобнага ведамства.

Такія, напрыклад, як закупка ўзбраеньняў. Калі кожны кіраўнік па сваёй лініі будзе навінкі закупляць, то выйдзе ў паўтара-два разы даражэй. Ня трэба забываць і пра ўніфікацыю, бо вельмі важная ўзаемазаменнасьць спэцназаўцаў. Імкнёмся да таго, каб кожны супрацоўнік мог выкарыстаць узбраеньне або абсталяваньне, якое выкарыстоўваюць калегі.

Таму мэта міжведамаснай рады — сабрацца ў „вялікі клюб“, абмеркаваць, у прыватнасьці, пытаньні рыштунку, узбраеньня і падрыхтоўкі паводле прынцыпаў, накіраваных на супольныя дзеяньні».

У пытаньні да Віктара Лукашэнкі згадвалася, што цяперашні начальнік Групы «А», накіраванай на барацьбу з тэрарызмам, замежнымі спэцслужбамі, арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, узначальвае падразьдзяленьне ад 2013 году.

У 2014 годзе прэс-служба КДБ расказала, што тады ёй кіраваў палкоўнік Сяргей Зубкоў.

«Начальніка Групы „А“ я вельмі добра ведаю, — расказаў Віктар Лукашэнка. — Я служыў зь ім у АСАМ [спэцыяльнае падразьдзяленьне памежных войскаў, Асобная служба актыўных мерапрыемстваў. — РС], ведаю, што Сяргей Яўгенавіч пачаў свой спэцназаўскі шлях выведнікам у 5-й брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня».

Віктар Лукашэнка служыў у АСАМ у 1998–2001 гадах. 23 лютага 2001 году ягоны бацька ўзнагародзіў яго мэдалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG