Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцам рэкамэндуюць адмовіцца ад паездак за мяжу праз каранавірус


«Вось сёньня той час, калі ня варта выяжджаць з Расейскай Фэдэрацыі», — заявіла галоўная санітарная лекарка Расеі, кіраўніца​ «Роспотребнадзора​» Анна Папова.

Яна рэкамэндавала расейцам адмовіцца ад паездак за мяжу праз эпідэмію каранавірусу, — перадае tass.ru.

Яна таксама заклікала выконваць гігіенічныя правілы — мыць рукі, твар і гаджэты, прамываць нос і насіць мэдычную маску ў месцах збору людзей.

«У нас яшчэ і грып не сышоў, і такія захады абароняць і вас, і вашых блізкіх ад заражэньня», — сказала яна.

Папова дадала, што пры найменшым занядужаньні трэба зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.

Паводле Паповай, падставаў для абавязковага карантыну для расейцаў, якія прыехалі з Італіі, на сёньня няма.

Цяпер у Італіі знаходзяцца каля 30 тысяч расейцаў, якія прыехалі туды як турысты.

Усясьветная арганізацыя здароўя павысіла да «вельмі высокага» (very high) узровень пагрозы глябальнага пашырэньня каранавірусу. Агулам да гэтага часу зафіксавана 83 тысячы выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19 у больш чым 50 краінах.

Улады Кітаю заяўляюць, што тэмпы пашырэньня эпідэміі зьніжаюцца. Аднак ва ўмовах карантыну ў Кітаі апынуліся 50 мільёнаў чалавек. Найбуйнейшыя пасьля Кітаю агмяні каранавірусу знаходзяцца ў Паўднёвай Карэі, Іране і Італіі.

Агульная колькасьць заражаных COVID-19 у сьвеце надалей расьце і дасягнула на раніцу 29 лютага 85153 чалавек, паведаміла South China Morning Post.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

Пакуль вядома пра шэсьць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных новым каранавірусам (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  6. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG