Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:19 28.3.2020

Ва Ўхані, адкуль пачалася ўспышка каранавірусу, аднавіла працу мэтро

З 28 сакавіка аднаўляецца работа шасьці зь дзевяці ліній мэтро. Пасажырам будуць вымяраць тэмпэратуру цеплавізарам, таксама яны павінны адсканаваць свой «код здароўя» — пускаць у мэтро будуць толькі тых, у каго ён зялёны. Акрамя гэтага, пасажыры павінны будуць сядзець праз аднаго і насіць маскі.

З 23 студзеня горад быў фактычна ізаляваны ад зьнешняга сьвету пасьля ўспышкі новагага каранавірусу.

11:21 28.3.2020

ЗША выдзеляць Беларусі 1,3 мільёна даляраў для барацьбы з каранавірусам

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вырашыў надаць Беларусі дапамогу ў памеры 1,3 мільёна даляраў. Грошы будуць выдзеленыя на патрэбы аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу: падрыхтоўку лябараторый, паляпшэньне дыягностыкі COVID-19 і эпідяміяляягічнага назіраньня, падтрымку тэхнічных экспэртаў, для інфармаваньня пра рызыкі падчас пандэміі і іншыя мерапрыемствы.

23:03 27.3.2020

Тысячы ўкраінцаў намагаюцца вярнуцца з Польшчы перад закрыцьцём мяжы

На ўкраінска-польскай мяжы 27 сакавіка тысячы ўкраінцаў спрабуюць увайсьці з польскага боку ва Ўкраіну, паведамляе ўкраінская служба Свабоды.

Украіна апоўначы 27 сакавіка цалкам закрые дзяржаўную мяжу на ўезд і выезд з прычыны каранавіруснай пандэміі. Пра гэта ў тэлезвароце заявіў 26 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

22:07 27.3.2020

У Італіі рэкордная колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу за адзін дзень

У Італіі 27 сакавіка зафіксавана рэкордная колькасьць сьмерцяў ад каранавіруснай інфэкцыі за адзін дзень — 919.

Агульная колькасьць сьмяротных зыходаў ад захворваньня COVID-19 у краіне, якая найбольш пацярпела ад пандэміі, складае цяпер 9134, тых, хто захварэў з пачатку эпідэміі — звыш 86 тысяч. Вылечыліся за ўвесь час каля 11 тысяч чалавек. Выпадкаў новых заражэньняў за апошнія суткі — больш за 6 тысяч.

21:25 27.3.2020

Памежнікі ня будуць «ізаляваць» расейцаў, якія прыедуць у Беларусь на аўто

Беларускія памежнікі ня будуць ні правяраць аўтамабілі, якія ідуць з Расеі, ні фіксаваць, калі яны заяжджаюць у Беларусь, каб пачаць адлік для двухтыднёвай самаізаляцыі, піша «Эўрарадыё».

«Супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якія ажыцьцяўляюць памежны кантроль, на расейскім кірунку няма», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.

19:07 27.3.2020

Мінздароўя апублікавала сьпіс краін, пасьля наведваньня якіх абавязковая 14-дзённая самаізаляцыя

Міністэрства аховы здароўя апублікавала поўны пералік краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфэкцыі COVID-19 і па прыезьдзе зь якіх грамадзяне Беларусі абавязаныя цягам 14 дзён знаходзіцца на абавязковай самаізаляцыі, паводле пастановы Савету Міністраў № 171.

18:57 27.3.2020

Праз 1-2 дні пацыентаў з Парыжу давядзецца вазіць у іншыя рэгіёны Францыі

Прэзыдэнт францускай фэдэрацыі шпіталяў Фрэдэрык Вальту заклікаў дапамагчы Парыжу і яго прымесцям, дзе сьледам сьледам за рэгіёнам Гранд-Эст шпіталі перагружаныя пацыентамі з каранвірусам.

«Мы будзем на мяжы нашых магчымасьцяў праз 24 ці 48 гадзін. Нам трэба будзе праявіць сапраўдную салідарнасьці паміж рэгіёнамі, шпіталямі і павялічыць колькасьць перавозак пацыентаў», — сказаў ён у інтэрвію тэлеканалу BFM.

Як паведамляе Reuters, у Парыжы і яго прымесьцях цяпер больш за чвэрць з 29 тысяч пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Францыі. Амаль 1,300 чалавек такіх пацыентаў знаходзяцца ў рэанімацыі.

16:36 27.3.2020

Наглядна: чаму так важна захоўваць сацыяльную дыстанцыю

Без захаваньня сацыяльнай дыстанцыі адзін хворы на COVID-19 перадае вірус у сярэднім 2,5 людзям, а кожны з гэтых 2,5 чалавек перадае яшчэ 2,5. І празь месяц інфікаваныя будуць ужо 406 чалавек. Паглядзіце, як выглядае гэтая прагрэсія.

16:07 27.3.2020

Лайфхак: як мыць рукі, каб не падхапіць каранавірус

Лайфхак: як мыць рукі, каб не падхапіць каранавірус
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00

15:08 27.3.2020

Ярмошына ня лічыць, што каранавірус можа стаць падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараў

«Толькі калі будзе абвешчанае надзвычайнае становішча, гэта дае падставу для пераносу выбараў, так сказана ў Канстытуцыі. Але калі будзе сытуацыя ў краіне такая ж, як цяпер, то ніякіх падставаў для пераносу няма», — сказала Ярмошына.

15:06 27.3.2020

«Белавія» працягне лятаць у Маскву, кампаніі зрабілі выключэньне

Беларусь і Расея дамовіліся працягнуць палёты «Белавія» ў Маскву, нягледзячы на рашэньне расейскага боку аб спыненьні авіязносінаў зь іншымі дзяржавамі з прычыны пандэміі каранавірусу COVID-19, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі 27 сакавіка.

14:38 27.3.2020

Брытанcкі прэм’ер заразіўся COVID-19

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у Twitter расказаў, што атрымаў пазытыўны тэст на COVID-19. Цяпер ён мае нязначныя сымптомы.

Як расказаў Борыс Джонсан, цяпер ён на самаізаляцыі, але працягвае працу ў рэжыме відэаканфэрэнцыяў. Ён падкрэсьліў, што сымптомы нязначныя — тэмпэратура і кашаль. Яны зьявіліся за апошнія 24 гадзіны.

Джонсан заклікаў іншых змагацца з каранавірусам — заставацца дома і сьледаваць рэкамэндацыям мэдыкаў.

Днём раней стала вядома, што COVID-19 выявілі ў прынца Ўэльскага Чарльза — сына брытанскай каралевы.

14:02 27.3.2020

Як паскараецца распаўсюд каранавірусу

Сусьветная арганізацыя здароўя адзначыла ў Twitter, што ў распаўсюдзе COVID-19:

першыя 100 000 выпадкаў выявілі праз 67 дзён пасьля пачатку эпідэміі;

другія 100 000 — праз 11 дзён пасьля таго;

трэція 100 000 — праз 4 дні;

чацьвёртыя 100 000 — праз 2 дні.

Цяпер у сьвеце зафіксаваныя ўжо каля 548 800 выпадкаў COVID-19. Памерлі каля 24,9 тысячы пацыентаў, выпісаныя здаровымі каля 128,6 тысячы, у цяжкім або крытычным стане застаецца 21 тысяча пацыентаў.

13:53 27.3.2020

Што акрамя колькасьці выпадкаў расказалі на прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя:

  • У жанчыны з Жыткавічаў канчатковы вынік тэстаў на COVID-19 адмоўны, хоць першы тэст даў станоўчы вынік.
  • Мінздароўя сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як бачна са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.
  • Пацыентаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх цяпер няма. Пацыентка, якая была пад інтэнсіўным назіраньнем, мае станоўчую дынаміку.
  • Захворвальнасьць каранавірусам у Мінздароўя называюць «спарадычнай» — «у некаторых рэгіёнах адзінкавай».
  • Мэдыкаў, якія кантактуюць з інфікаванымі SARS-CoV-2, назіраюць штодзень, апытваюць, тройчы на дзень мераюць тэмпэратуру, тэстуюць на першы і трынаццаты дзень працы.
  • На дабрачынны рахунак Мінздароўя на 9 раніцы паступіла 551 949 рублеў і 37 капеек, 16 122 эўра і 47 эўрацэнты. Грошы перадусім накіруюць на абарончае адзеньне мэдыкаў, стварэньне запасаў тэставых сыстэмаў і лекаў.
  • Сытуацыя з мэдычнымі маскамі, антысэптыкамі і іншымі сродкамі «пад кантролем». Ужо наладжаная вытворчасьць рэсьпіратараў на прадпрыемстве, якое прастойвала з 2015 году, нарошчваюць вытворчасьць антысэптыкаў.
  • Каля РНПЦ «Маці і дзіця» будуюць не часовы шпіталь для інфікаваных, а анастэзіёляга-рэанімацыйнага корпусу і корпусу для неданошаных дзяцей.
  • У лекавых установах вольнае 2221 месца для шпіталізацыі кантактных асобаў з інфікаванымі каранавірусам, «перапаўненьня» няма, а служба «хуткай дапамогі» працуе ў звычайным рэжыме.
  • Прыцягваньне сілавых структураў для прымусу да загадаў Мінздароўя пакуль не разглядаюць — іх прыцягваюць толькі ў кантролі самаізаляцыі тых, хто прыбыў з краінаў зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай абстаноўкай». З-пад карантыну яшчэ ніхто не ўцякаў.
  • Тэсты на COVID-19 на мяжы не здаюць усе, хто перасякае мяжу, бо «перадусім, незалежна ад вынікаў дасьледаваньня», любы мусіць быць 14 дзён у рэжыме самаізаляцыі. Чальцы іх сем’яў — не абавязаныя, але ім «някепска назіраць за ўласным здароўем».
  • На пытаньне аб тым, як хутка пацыенты мусяць атрымаць вынікі тэстаў на COVID-19, на прэс-канфэрэнцыі не адказалі. Раней сьцьвярджалася, што вынікі мусяць быць гатовыя цягам 4–24 гадзінаў, ды шэраг пацыентаў заяўляў, што не атрымлівае вынікі па тры дні і дольш.
  • У месцах пазбаўленьня волі «няма каранавіруснай інфэкцыі».
  • «Самы небясьпечны прадмет — гэта нашыя рукі», іх ва ўмовах пандэміі трэба часта і правільна мыць.
13:36 27.3.2020

«Бяз шуму і пылу». Лукашэнка лічыць, што Беларусь эфэктыўна супрацьстаіць каранавірусу

Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі робяцца ўсе неабходныя захады для прафіляктыкі і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу, што кожная служба ў краіне — ад мэдыкаў да праваахоўных органаў — займаецца сваёй справай. І ён катэгарычна супраць «псыхозу і панікі вакол гэтай тэмы».

«Мы ўсім гэтым займаемся. Але толькі бяз шуму і пылу», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. Што яшчэ сказаў Лукашэнка, чытайце тут

13:26 27.3.2020

Лукашэнка заявіў, што Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаць, як задумвалі, нягледзячы на каранавірус

Работнікі прадпрыемства ААТ «Белгіпс», якое наведвае Аляксандар Лукашэнка, пацікавіліся ў яго, ці не зьбіраюцца ўлады адмяніць падрыхтоўку да 75-годзьдзя Перамогі 9 траўня. Лукашэнка запэўніў, што «тэма сьвяткаваньня юбілею Вялікай Перамогі ня згубіцца ў нэгатыўным інфармацыйным патоку».

«Не, ня згубіцца. Падрыхтоўка ў краіне працягваецца, і ніякія заплянаваныя мерапрыемствы не адмяняюцца», — зазначыў ён.

У Менску ўжо рыхтуюцца да вайсковага параду. Так, 26 сакавіка быў абмежаваны рух транспарту на МКАД у сувязі з праездам вайсковай мэханізаванай калёны да аэрадрому Ліпкі, дзе адбываюцца асноўныя трэніроўкі.

13:22 27.3.2020

Ужо 94. У Беларусі выявілі 8 новых выпадкаў COVID-19

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 27 сакавіка паведаміла сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 32 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Днём раней Мінздароўя не публікавала актуальную статыстыку. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 86 выпадкаў — за два дні выявілі 8 новых выпадкаў.

11:29 27.3.2020

Ва Ўкраіне за дзень выявілі 62 выпадкі каранавірусу. Агулам там ужо 218 выпадкаў

Міністар здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко абвясьціў 27 сакавіка пра выяўленьне новага каранавірусу ў яшчэ 62 чалавек, перадае УНІАН. Цяпер ва Ўкраіне зафіксавалі 218 выпадкаў — ачунялі 4 чалавекі, памерлі 5.

Цяпер ва Ўкраіне каля 5 выяўленых выпадкаў каранавірусу на мільён чалавек. Гэта самы нізкі паказьнік у Эўропе: у Расеі каля 7 выпадкаў на мільён, у Беларусі каля 9, у Польшчы каля 33.

11:23 27.3.2020

У Расеі ўжо больш за тысячу інфікаваных

Паводле расейскага Апэратыўнага штабу барацьбы з эпідэміяй, на 27 сакавіка ў Расейскай Фэдэрацыі зафіксавалі 1036 выпадкаў COVID-19. За мінулы дзень выявілі 196 новых выпадкаў, днём раней — 182. З пачатку эпідэміі праз каранавірус у Расеі памерлі тры чалавекі.

Паводле колькасьці інфікаваных Расея набліжаецца да Беларусі: у Расеі каля 7 выпадкаў на мільён жыхароў, у Беларусі каля 9.

Галоўны лекар лякарні ў маскоўскай Камунарцы, куды адпраўляюць пацыентаў з падазрэньнем на каранавирус, лічыць, што пік захворваньня ў Маскве можа наступіць у сярэдзіне або канцы наступнага тыдня, перадае «Дождь».

10:45 27.3.2020

Да 90% выручкі. Якія галіны эканомікі найбольш пацярпелі ад каранавірусу

Беларускі Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага апытаў сваіх чальцоў пра іхны стан у сакавіку і прагнозы на першае паўгодзьдзе. Паводле апытаньня, найбольшыя страты ад сытуацыі з пандэміяй COVID-19 мелі бізнэсы ў галінах пасажырскіх перавозак і турызму — праз закрыцьцё межаў у іншых краінах іхная выручка скарацілася на 50–90% да сакавіка мінулага году.

Пацярпелі і тыя, хто арыентаваўся на прыбыткі ад паслугаў замежнікам (як то ў галіне стаматалягічных паслугаў), і тыя, хто працаваў на ўнутранае спажываньне (цырульні і аб’екты харчаваньня страцілі 10–25% выручкі).

Што яшчэ высьветлілі і што думаюць з гэтым рабіць >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG