Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

16:18 23.3.2020

Міжнародны фэстываль тэатраў лялек у Менску перанесьлі на 2021 год

Міжнародны фэстываль тэатраў лялек, які мусіў прйсьці ў Менску у траўні 2020 году, перанесьлі на 2021 год у сувязі з увядзеньнем у Эўропе мераў па недапушчэньні распаўсюджваньня каранавірусу, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

На фэстываль у Менск павінны былі прыехаць калектывы з Італіі, Ізраіля, Нямеччыны, Грэцыі, Літвы, Украіны, Расеі, а таксама ўсіх дзяржаўных тэатраў лялек Беларусі. Ён праводзіцца з 1990 году, пачынаючы з 2008 году — раз у два гады.

16:16 23.3.2020

Беларус пра Іркуцк: У крамах — хапун, масак няма, тэст здаць немагчыма

На ўмовах ананімнасьці беларус, які стала жыве ў Іркуцку, распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю ў гэтым расейскім горадзе.

«У Іркуцку і вобласьці на вуліцу выходзіць можна, але зачыненыя тэатры і кінатэатры. Школьнікі адпраўленыя на доўгатэрміновыя канікулы. У ВНУ лекцыі праходзяць па відэасувязі. Афіцыйна пра наяўнасьць хворых на каранавірус не абвешчана, але мы


думаем, што ён у нас ёсьць, толькі ўлады замоўчваюць.

Тэст на вірус здаць немагчыма, нават за грошы, бо дадзена каманда браць толькі ў цяжкахворых. А калі ты кашляеш ды пры гэтым ходзіш на нагах, дык і хадзі сабе.

Ад дактароў вядома, што ў рэгіёне праблема з апаратамі вэнтыляцыі лёгкіх. Тыя, якія ёсьць, старыя, і існуе небясьпека, што ў выпадку рэзкага павелічэньня хворых яны ня вытрымаюць і іх увогуле можа не хапіць.

Людзі ходзяць бяз масак, бо іх няма ў прынцыпе. У крамах хапун, людзі скупляюць усё. Паліцы пустыя».

15:36 23.3.2020

Перанесьлі агульнанацыянальныя алімпіяды школьнікаў

Заключны этап алімпіядаў для школьнікаў у розных навучальных дысцыплінах перанесьлі «на пазьнейшы час», піша тэлеграм-канал Міністэрства адукацыі Беларусі. Калі менавіта пройдуць алімпіяды, не ўдакладняецца.

Чаму алімпіяды перанесьлі?

Алімпіяды — даволі масавае мерапрыемства, у якім па кожнаму прадмету удзельнічаюць дзясяткі вучняў 9-11 клясаў. Таму алімпіяды вырашылі пакуль не праводзіць, удакладнілі Tut.by у прэс-службе Мінадукацыі.

Раней Міністэрства раіла адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў і заяўляла аб ым, што абмяжуюць правядзеньня навуковых і культурна-масавых мерапрыемстваў.

15:31 23.3.2020

Больш за мільярд чалавек па ўсім сьвеце атрымалі ўказаньні заставацца дома

Больш за мільярд чалавек у 50 зь лішнім краінах і тэрыторыях атрымалі просьбу заставацца дома, у той час як улады розных краін спрабуюць справіцца з глябальнай пандэміяй каранавіруса. Такія вынікі падліку, праведзенага AFP.

Каб спыніць распаўсюд вірусу, некаторыя краіны ўвялі абавязковую для выкананьня забарону на выхад з хаты, у той час як іншыя абмежаваліся рэкамэндацыямі.

Сярод іх Францыя, Італія, Аргентына, амэрыканскі штат Каліфорнія, Ірак і Руанда. Апошняй краінай, якая ўстанавіла абавязковыя патрабаваньні знаходзіцца дома, стала Грэцыя. Новыя правілы ўступілі ў сілу ў панядзелак раніцай.

Чытаць падрабязна >>

15:16 23.3.2020

У райцэнтры на Гомельшчыне выявілі каранавірус. Хворая не была за мяжой

У 16-тысячным раённым цэнтры Жыткавічы Гомельскай вобласьці выявілі жанчыну, у якой пацьвердзілася захворваньне COVID-19. Пра гэта на брыфінгу ў Менску паведаміла намесьнік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Чыноўніца сказала, што каранавірус у пацыенткі з Гомельскай вобласьці выявілі 22 сакавіка. Яна ня мае патрэбы ў інтэнсыўнай мэдычнай дапамозе, «была дастаўлена на абласны узровень», «у раёне праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы».

Як стала вядома Свабодзе, жанчыне 58 гадоў, яна жыве ў Жыткавічах, працуе на адным з прадпрыемстваў начальнікам аддзелу кадраў.

На прадпрыемстве Свабодзе паведамілі, што на вытворчасьці ўжо тры дні праводзіцца санітарная апрацоўка, з панядзелка лекары вымяраюць тэмпэратуру супрацоўнікам.

Жанчына ўжо тыдзень была на бальнічным, у яе дыягнаставалі запаленьне лёгкіх, затым 22 сакавіка выявілі каранавірусную інфэкцыю і тады ўжо перавялі ў Гомельскі абласны сухотны шпіталь.

Па словах працадаўцы, жанчына не выязджала за мяжу апошнім часам.

14:49 23.3.2020

Часопіс «Имена» стварыў тэлеграм-канал для дапамогі падчас каранавірусу

Часопіс «Имена» стварыў тэлеграм-канал @Covid19.imena, празь які беларусы могуць спытаць ці аказаць дапамогу падчас пандэміі каранавірусу.

Паводле заснавальніцы часопісу Кацярыны Сінюк тэлеграм-канал стварылі, каб спалучыць тых, каму трэба дапамога (некамэрцыйныя фонды, лекары, сацыяльныя службы) і тых, хто хоча дапамагаць.

«Яны пакідаюць свае кантакты, вы — можаце зьвязацца і прапанаваць сваю дапамогу», — пазначана ў апісаньні праекту.

14:38 23.3.2020

Протаіерэй Расейскай праваслаўнай царквы прыйшоў на пропаведзь у процігазе

Протаіерэй Расейскай праваслаўнай царквы Андрэй Ткачоў прыйшоў на пропаведзь у процігазе, парадзіруючы тых, хто ходзіць у масках праз эпідэмію каранавірусу. Нягледзячы на сьмех сярод прыхаджанаў, сьвятар перахрысьціўся і пачаў чытаць малітву.

Пазьней ён зьняў процігаз і назваў «паскудзтвам» тэлебачаньне і СМІ, якія распаўсюджваюць інфармацыю аб каранавірусе. «Каб вы так ржалі над гэтымі д’ябальскімі гадасьцямі ўсё жыцьцё», — сказаў Ткачоў.

14:26 23.3.2020

«Альбо распушчу пэрсанал, альбо закрыюся». Як выжывае прыдарожная кавярня пад Браславам пасьля закрыцьця межаў

Юлія Абразей тры гады трымае прыдарожную кавярню ў памежнай зоне пад Браславам. Летам прыбытак забясьпечваюць турысты, зімой — грамадзяне суседніх краін, якія прыяжджаюць у Браслаў на закупы. Ад закрыцьця межаў жанчына страціла большую частку кліентаў у міжсэзоньне. Яе бізнэс пад пагрозай.

Што адбываецца ў «Кавярні» на скрыжаваньні дарог Р27 і Р3 за 11 кілямэтраў ад беларуска-латвійскай мяжы і што яе ўладальніца плянуе рабіць далей, чытайце тут.

14:23 23.3.2020

У вайсковых частках абмежавалі спатканьні з роднымі і звальненьні салдат. Але гэта «не карантын»

Як стала вядома Свабодзе зь некалькіх крыніц, абмежаваньні пачалі дзейнічаць на мінулых выходных і датычаць наведваньня частак роднымі вайскоўцаў, а таксама звальненьняў для салдат. Пры гэтым часткі не закрываюцца цалкам. Афіцэры могуць выходзіць за іх межы, заняткі і вучэньні ня спынілі.

У Міністэрстве абароны кажуць, што хочуць захаваць у частках «бясьпечнае асяродзьдзе». Цалкам чытайце тут >>

14:15 23.3.2020

Ужо 81. У Беларусі 59 хворых на каранавірус, яшчэ 22 выпісаныя або «рыхтуюцца да выпіскі»

Міністэрства здароўя Беларусі днём 23 сакавіка паведаміла сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 22 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 59 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні».

Днём раней Мінздароўя не паведамляла пра колькасьць хворых, два дні таму паведамляла пра 76 выпадкаў — цяпер выявілі 5 новых выпадкаў. Такім чынам паводле Мінздароўя, на сёньня агулам інфікаваны каранавірусам 81 чалавек.

13:39 23.3.2020

Каранавірус выяўлены ў двух дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны

Яшчэ ў аднаго дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны дыягнаставалі каранавірусную інфэкцыю. Аб станоўчым тэсьце дэпутата Аляксандра Лукашова паведаміла «Украінская праўда».

Раней каранавірус выявілі ў дэпутата Сяргея Шахава. Ён шпіталізаваны з пнэўманіяй. Яшчэ некалькіх дэпутатаў з сымптомамі інфэкцыі правяраюць на каранавірус.

13:30 23.3.2020

A1 і Mark Formelle пералічылі дзясяткі тысяч рублёў інфэкцыйнай лякарні, заклікалі іншых да таго ж


Тэлекамунікацыйная кампанія A1 (былы Velcom) пералічыла Менскай гарадзкой клінічнай лякарні 50 тысячаў рублёў, а вытворца адзеньня Mark Formelle — 20 тысячаў, расказвае Tut.by. Грошы пойдуць на закупку апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, сыстэмы дыягностыкі, прэпараты і абарончае адзеньне для пэрсанала.

Mark Formelle таксама запусьціла хэштэг #разам_ад_заразы — заклікала да агульнанацыянальнага флэшмобу, у якім трэба публікаваць аповеды пра захады, якія людзі і кампаніі прымаюць супраць COVID-19.

Паводле беларускіх законаў, кампаніі могуць пералічваць спонсарскую дапамогу, калі папярэдне зьвяжуцца з мэдычнай установай і даведаюцца, якія сумы трэба на якія мэты, а затым заключаць адпаведную дамову.

13:23 23.3.2020

«Белпошта» прапанавала пажылым і хранічна хворым атрымліваць пэнсію і аплочваць коммуналку дома

«З мэтай стварэньня дадатковай абароны ад распаўсюджваньня вірусных інфэкцый для пажылых людзей і асобаў з хранічнымі захворваньнямі, вы можаце зьвярнуцца ў аддзяленьне паштовай сувязі для арганізацыі выплаты пэнсіі (дапамогі) паштальёнам дома», — паведамляе «Белпошта».

Заяўку на выплату пэнсіі (дапамогі) дома можна падаць праз кантакт-цэнтар «Белпошты» па тэлефоне 154. Разам з атрыманьнем пэнсіі праз паштальёна можна будзе аплаціць камунальныя паслугі, адправіць ліст ці пасылку, аформіць падпіску на друкаваныя СМІ.

13:07 23.3.2020

Урад Беларусі адрэагаваў на звароты прадпрымальнікаў аб дапамозе ва ўмовах пандэміі

Беларускі ўрад разглядае комплекс захадаў для падтрымкі бізнэсу на фоне пандэміі каранавірусу. Паводле ​першага намесьніка прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Крутога, ва ўрадзе разгледзелі зварот бізнэс-саюзаў, цяпер абмяркоўваюцца далейшыя крокі з усімі асацыяцыямі і найбольш пацярпелымі кампаніямі. Аднак канкрэтныя захады пакуль не агучваюцца.​

«Сьпіс вельмі вялікі. Плюс мы вывучаем тыя рашэнні, якія прынялі эўрапейскія краіны, Расея, ЗША. Паглядзім, можа, нешта цікавае з гэтых дакумэнтаў для сябе возьмем», — сказаў Круты, падкрэсьліўшы, што пытаньне трэба вырашаць апэратыўна.

Акрамя таго, міністар падаткаў і збораў Сяргей Налівайка расказаў БелТА, што ягонае ведамства атрымала ад прэм’ера даручэньне разглядзець магчымасьць так званых «падатковых вакацыяў» — адтэрміноўкі выплаты падаткаў. Рашэньне мяркуюць прыняць да канца месяца. У Нацбанку ў сваю чаргу разглядаюць «крэдытныя вакацыі» — паслабленьні банкам у кіраваньні рызыкамі. Адносна крэдытаў фізычных асобаў Нацбанк ужо рэкамэндаваў «індывідуальны падыход».

13:01 23.3.2020

На барацьбу з каранавірусам урад Беларусі выдаткаваў 2 351 413 рублі

На момант рублікацыі на Беларускай валютнай біржы за даляр даюць 2,6389 рубля — выдаткаваная сума эквівалентная 891 058 далярам ЗША.​

З гэтай сумы 1 574 120 рублёў пойдуць у Міністэрства здароўя (зь іх у РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі — 450 120 рублёў), у бюджэт Менску — 634 110 рублёў, у бюджэт Віцебскай вобласьці — 143 183 рублі.

Гэта ня ўсе сродкі, якія ў Беларусі ідуць на барацьбу з COVID-19, і частка гэтых грошай ідзе на кампэнсацыю ўжо зробленых выдаткаў зь бюджэтаў Мінздароўя і рэгіёнаў.

Агулам у рэспубліканскім бюджэце на ахову здароўя прадугледжана 1,2741 млрд рублёў (мінімальны нарматыў бюджэтнай забясьпечанасьці на ахову здароўя — 660,5 рубля на чалавека), і гэта толькі 20% выдаткаў — астатнія 80% ідуць зь мясцовых бюджэтаў.

12:52 23.3.2020

У сувязі з пандэміяй пасяджэньне ў Менску кантактнай групы ў справах Данбасу скасавалі

Трохбаковая кантактная група ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе правядзе на гэтым тыдні свае перамовы ў фармаце відэаканфэрэнцыі, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз. Ён удакладніў, што гэтае рашэньне прынялі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, пра што беларускі бок апавясьціла АБСЭ.

12:10 23.3.2020

Абмежаваньні грамадзкага транспарту ў Кіеве. Трансьляцыя

З 23 сакавіка ў Кіеве ўзмацнілі карантынныя меры па барацьбе з каранавірусам COVID-19. Грамадзкі транспарт працуе толькі для перавозкі на працу работнікаў крытычнай інфраструктуры: урачоў, ратавальнікаў, праваахоўнікаў, супрацоўнікаў прадуктовых крамаў, аптэк, стратэгічных прадпрыемстваў. Мэрыя дае ім спэцыяльныя пропускі для падарожжаў. Як працуе новаўвядзеньне, правяраюць карэспандэнты ўкраінскай службы Радыё Свабода.

11:48 23.3.2020

Гарві Вайнштэйн заразіўся ў турме каранавірусам

COVID-19 выявілі ў галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна, які нядаўна быў асуджаны на 23 гады турмы за сэксуальныя злачынствы. 68-гадовы Вайнштэйн нядаўна быў пераведзены ў адну з турмаў у штаце Нью-Ёрк. Ягоныя адвакаты ўжо выказалі асьцярогу з нагоды яго стану здароўя.​

11:07 23.3.2020

У Чэхіі памёр першы пацыент з COVID-19

У нядзелю, 22 сакавіка, у праскім шпіталі памёр 95-гадовы мужчына. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў намесьнік міністра аховы здароўя Раман Прымула.

Паводле яго слоў, улічваючы ўзрост пацыент меў шэраг іншых праблем, уключаючы хваробы сэрца, кардыёстымулятар, якія ўскладнялі агульны стан здароўя.

Пацыент жыў у Доме для пэнсіянераў. 18 сакавіка ў яго была пацьверджаны каранавірус. Цяпер правяраецца месца яго пражываньня і магчымыя крыніцы заражэньня вірусам.

Як паведамляе міністэрства аховы здароўя па стане на канец дня 22 сакавіка ў Чэхіі зарэгістравана 1120 чалавек інфікаваных каранавірусам, праведзена ўсяго 15 584 тэсты, вылечылі шэсьць чалавек. 95-гадовы пацыент унесены з статыстыку як першая ў Чэхіі ахвяра COVID-19.

Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш 22 сакавіка ў эфіры галоўнага інфармацыйнага канала грамадзкага ČT24 выказаў здагадку, што верагодна да 1 красавіка будуць працягнутыя абмежаваньні свабоднага перамяшчэньня грамадзян.

10:52 23.3.2020

Каранавірус: у менскім мэтро плянуюць усталяваць цеплавізары

«Пакуль мы гэтае пытаньне прапрацоўваем, — сказаў карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік дырэктара эксплюатацыі мэтрапалітэну Вадзім Палішчук. — Калі для гэтага будзе тэхнічная магчымасьць, будзем усталёўваць. Але пакуль гэта ў працы.

Тут жа яшчэ іншыя пытаньні. Мы паставім цеплавізары, у некага будзе павышаная тэмпература, ён мо перахваляваўся. Што далей рабіць з гэтым чалавекам? Мы ня маем права яго не пусьціць у мэтро. Хто яго будзе затрымліваць і накіроўваць у мэдустанову?

У нас на гэта як бы няма права. Таму тут ня толькі тэхнічнае пытаньне, але і юрыдычнае».

Цяпер у мэтро праводзіцца дэзынфэкцыя рухомага саставу і пасажырских зонаў на станцыях і касаў.

«Выдалі касірам гумовыя пальчаткі, каб іх засьцерагчы, і сродкі дэзынфэкцыі. Таксама будзем ставіць такія сродкі на саміх станцыях. Узмацнілі кантроль за санапрацоўкай станцый і рухомага саставу», — сказаў Палішчук.

Таксама ў менскім мэтро на гадзіну павялічылі (да 10 гадзін) 2-хвілінны ранішні інтэрвал паміж цягнікамі у час пік, каб «разводзіць патокі пасажыраў: студэнтаў і рабочых».

Што да магчымага закрыцьця мэтро на карантын праз каранавірус, то ў кіраўніцтве мэтрапалітэну сказалі, што гэта «ня ў іхнай кампэтэнцыі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG