Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС лічаць фэйкам інфармацыю пра ячэйку арганізацыі «Сеть» у Беларусі


Суд у справе «Сети» ў Пензе

У справе «Сети» 7 чалавек у Расеі атрымалі агулам 86 гадоў зьняволеньня на ўсіх. У Вікіпэдыі і СМІ дагэтуль сьцьвярджаецца, што «Сеть» мела аддзяленьне ў Беларусі. Ці так гэта?

Асьвятляючы справу «Сети», Свабода зьвярнулася з запытам у МУС з просьбай патлумачыць:

  • ці сапраўды «Сеть» мела аддзяленьне, асобных чальцоў у Беларусі;
  • ці ўдзельнічалі беларускія праваахоўныя органы ў расьследаваньні ў дачыненьні да чальцоў «Сети»;
  • ці прыцягваліся грамадзяне Беларусі да следзтва, суду ў дачыненні да «Сети» на любым этапе?

Зварот Радыё Свабода быў разгледжаны ў Галоўным упраўленьні барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС РБ.

У адказе на беларускай мове гаворыцца, што Ўпраўленьне ня мае інфармацыі пра знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі чальцоў арганізацыі «Сеть».

«Акрамя таго, мы лічым, што дадзеная інфармацыя зьяўляецца фэйкавай», — гаворыцца ў дакумэнце.

Яго падпісаў начальнік Упраўленьня Мікалай Карпенкаў.

Што такое справа «Сети»

Вайсковы суд у Пензе прысудзіў ад 6 да 18 гадоў пазбаўленьня волі абвінавачаным у справе арганізацыі «Сеть». Іх прызналі вінаватымі ў стварэньні тэрарыстычнай супольнасьці, незаконным захоўваньні зброі, а таксама ў спробе збыту наркотыкаў.

Сем абвінавачаных у веку ад ад 23 да 31 году віну не прызнаюць і настойваюць, што падчас сьледзтва іх катавалі токам і прымушалі агаварыць сябе і іншых. Расейскі праваабарончы цэнтар «Мемориал» унёс абвінавачаных па гэтай справе ў сьпіс палітычных зьняволеных.

Абвінавачаныя Ільля Шакурскі, Андрей Чарноў і Дзьмітрый Пчалінцаў
Абвінавачаныя Ільля Шакурскі, Андрей Чарноў і Дзьмітрый Пчалінцаў

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, тэрарыстычную супольнасьць «Сеть» стварыў Дзьмітрый Пчалінцаў — яго асудзілі на 18 гадоў строгага рэжыму. Супольнасьць нібыта павінна была абʼяднаць расейскіх анархістаў у «баявыя групы, якія ставяць сваёй мэтай «гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу».

Абвінавачаньне сьцьвярджае, што «Сеть» была падзелена на ячэйкі, якія функцыянавалі ня толькі ў Пензе, але і ў Санкт-Пецярбургу, Маскве і Менску. Аднак пра нейкія затрыманьні ў Беларусі ў гэтай справе невядома.

Як у гэтай справе зьявілася Беларусь

У Вікіпэдыі і некаторых СМІ дагэтуль сьцьвярджаецца, што «Сеть» мела аддзяленьне ў Беларусі.

«Пра датычнасьць беларусаў мы ведаем з адной заявы, якая была зробленая на нейкай прэс-канфэрэнцыі эфэсбэшнікамі», — кажа прадстаўнік анархісцкага руху Мікалай Дзядок.

Праваабаронца Наста Лойка кажа, што пасьля першай заявы Беларусь ніхто ў справе «Сети» больш ня згадваў. Пра перасьлед анархістаў з гэтай нагоды яна таксама ня ведае.

«Магчыма, адпачатку хацелі паказаць маштаб, нібыта шмат хто ў гэтую „Сеть“ уключаны. Канечне, усе актывісты так ці інакш паміж сабой знаёмыя, — кажа Наста Лойка. — Была гісторыя, што аднаго з актывістаў выслалі з Расеі прыблізна ў той час, калі гэтая справа пачалася».

Паводле Насты Лойкі, некалькі анархістаў паведамлялі, што іх не пускалі на тэрыторыю Расеі.

«У Беларусі анархісцкі рух справа „Сети“ аніяк не закранула, акрамя таго, што мы ладзілі акцыю салідарнасьці з арыштаванымі расейцамі, якіх катавалі», — пацьвярджае Мікалай Дзядок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG