Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці анархіста Емяльянава пра прысуд: «Адказваю гэтак, як Нарбут генэралу Мураўёву — гадую патрыётамі яшчэ трох сыноў»


Анастасія Емельянава

Анастасія Емяльянава, маці асуджанага на 7 гадоў калёніі актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава, у камэнтары Свабодзе паведаміла, што падчас сьледзтва па справе сына сям’я атрымлівала пагрозы. Прысуд сыну ў 7 гадоў Анастасія Емяльянава назвала несправядлівым, а свайго сына ахарактарызавала як сапраўднага патрыёта Беларусі.

«Што сказаць пра прысуд? Ён, безумоўна, надзвычай жорсткі і несправядлівы. Усё ж я такога не чакала, бо атрымалася амаль тое ж, як у Расеі па вядомай справе «Сети», дзе раздалі максымальныя тэрміны маладым анархістам за прыдуманую арганізацыю. Там гучны працэс, і тут грамадзка гучны працэс, і відавочна капіююць прысуды, каб не выглядала мякка.

Але ў нас варта было закрыць артыкул аб нанясеньні шкоды будынку з прычыны малазначнасьці шкоды, бо выглядае сьмешна — страта ізалятара на 1 рубель з капейкамі. Але не закрылі, бо справа палітычная, яе завялі супраць людзей, якія пазыцыянуюць сябе як анархісты, як праціўнікі рэжыму», — мяркуе Анастасія Емяльянава.

Анастасія Емельянава сказала, што яе сын — рознабаковая асоба, цікавіцца мастацкімі і гістарычнымі кнігамі.

«Вельмі любіць чытаць кнігі з сэрыі „Невядомая гісторыя“ Анатоля Тараса, любіць тэатар — у ягоным рэйтынгу на першых месцах спэктакль „Пане Каханку“ ў тэатры імя Горкага і „Чорная панна Нясьвіжа“ ў Купалаўскім тэатры. Добры, спачувае людзям. За тое, што спачуваў палітвязьням, як Зьмітру Паліенку ды іншым, яго гэтак моцна і пакаралі. Гэта зразумела», — лічыць маці Емяльянава.

Мікіта Емяльянаў
Мікіта Емяльянаў

У матэрыялах справы супроць Мікіты Емяльянава прагучала, што ён лічыць сябе патрыётам Беларусі, але не нацыяналістам. Ці згодная маці з такім азначэньнем?

«Што патрыёт — гэта дакладна. Мы такім яго выхавалі ў сям’і. Ведаеце, ёсьць такое паданьне пра Тэадора Нарбута, што калі ягоны сын Людвік, удзельнік паўстаньня Каліноўскага, загінуў, дык царскі генэрал Мураўёў спытаў у яго: „Ну што, можа ты зараз супакоісься?“ Але той адказаў, што яшчэ мае сыноў. Дык вось я на гэты прысуд Мікіту таксама магу сказаць, што маю яшчэ сыноў. У мяне іх чацьвёра, і яны ўсе выхоўваюцца патрыётамі і будуць выхоўвацца патрыётамі».

Паводле Анастасіі Емяльянавай, пасьля арышту яе сына Мікіты яны ў сям’і пачалі атрымліваць пагрозы. Жанчына сказала, што дагэтуль не адчувае сябе ў бясьпецы.

«Падчас сьледзтва мы атрымлівалі пагрозы, нам пагражалі, што сыну дадуць вялікі тэрмін, калі ён ня будзе сябе паводзіць як трэба. Не магу назваць гэтых людзей, бо ня маю гарантыі бясьпекі, але так было», — кажа маці.

У апошнім слове Мікіта Емяльянаў сказаў, што ў барацьбе за свабоду, незалежнасьць і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі. Ці падтрымлівае жанчына анархісцкія погляды і дзеяньні сына?

«Ва ўсякім разе, Мікіта з тых, хто здолеў адарваць сваю пятую кропку ад канапы і нешта зрабіць. Мы ведаем, што людзі, якія змагаюцца за свабоду ў нашай краіне, і гвалт церпяць, і турмы, і адміністрацыйныя арышты. Вось і Мікіта зь іх ліку — ён сапраўдны патрыёт і ня хоча мірыцца з сыстэмай. Зь несправядлівымі судамі, зь міліцыяй, дзе выбіваюць паказаньні — а як мы чулі на судзе, у Івана Комара выбівалі паказаньні. Канечне, гэта ганьба ўсёй сыстэме, што ўжываюць такія мэтады».

Анастасія Емяльянава пацьвердзіла, што раней працавала сьледчай, але ўдакладніла, што «шмат гадоў таму працавала ў міліцыі, а ня ў Сьледчым камітэце». Інфармацыю пра тое, што бацька Мікіты таксама служыў у міліцыі, Анастасія Емяльянава камэнтаваць адмовілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG