Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анархісты атрымалі 14 гадоў на дваіх за шкоду ў 1 рубель 48 капеек. Чаму так шмат?


Іван Комар, Мікіта Емяльянаў

Пакараньне дэманстрацыйна жорсткае, асуджаных могуць прызнаць палітвязьнямі. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч тлумачыць, чаму Емяльянаў і Комар атрымалі такія вялізныя тэрміны, хоць ніхто не пацярпеў.

Што адбылося

Мікіта Емяльянаў увосень 2019 году кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менгарсуду. А пазьней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзьверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іван Комар нібыта ў гэты момант быў у суседнім сквэры.

Хлопцы кажуць, што зрабілі гэта, пратэстуючы супраць перасьледу палітычных зьняволеных.

Мікіту Емяльянава і Івана Комара прызналі вінаватымі ў пашкоджаньні будынка, вырабе небясьпечнага прыстасаваньня, нанясеньні шкоды будынку і спробе такога ж злачынства. Абодвум прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шкоду, нанесеную будынку СІЗА, ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Шкоду ў 143 рублі, нанесеную будынку Менгарсуду, Емяльянаў кампэнсаваў раней.

Ці маглі яны атрымаць меншы тэрмін?

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Санкцыі артыкулаў дазвалялі такое пакараньне вынесьці, — тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна“ Валянцін Стэфановіч. — Аднак санкцыі па другой частцы артыкула 218 досыць „гумовыя“. Была магчымасьць прымяніць абмежаваньне волі, а не пазбаўленьне. Абмежаваньне можна выносіць як з накіраваньнем, так і без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — так званая „хатняя хімія“.

Але мы бачым, што судзьдзя пагадзіўся з пракурорам, які прасіў 7 гадоў пазбаўленьня волі. Роўна столькі яны і атрымалі».

Чаму яны атрымалі так шмат?

На думку Валянціна Стэфановіча, пакараньне жорсткае. І на яго паўплывалі два фактары:

«Першае: гэта было зьдзейсьнена ў дачыненьні да будынка сьледчага ізалятара МУС, — тлумачыць Стэфановіч. — Улады ацанілі, што гэта было зроблена дзёрзка. А другое — цяпер год прэзыдэнцкіх выбараў. Таму ўлады дэманстратыўна жорстка пакаралі гэтых маладых людзей, каб прадухіліць падобныя дзеяньні».

Мікіта Емяльянаў
Мікіта Емяльянаў

Ці могуць іх прызнаць палітвязьнямі?

«Абмяркоўваць дакладна будзем», — кажа Валянцін Стэфановіч. Ён нагадвае, што выказваньне пратэсту і меркаваньня ў такой форме, у якой гэта зрабілі Емяльянаў і Комар, паводле міжнародных нормаў права падпадае пад абмежаваньні па матывах грамадзкай бясьпекі. Бо гэта дзеяньні, зьвязаныя з выбуховымі рэчывамі, якія нясуць патэнцыйную небясьпеку.

«Але пакараньне відавочна не прапарцыйнае і не адкэватнае таму правапарушэньню, у якім гэтыя асобы прызнаныя вінаватымі, — тлумачыць Стэфановіч. — І, паводле нашых крытэраў, пры наяўнасьці палітычнага матыву гэта можа быць падставай, каб прызнаць іх палітычнымі зьняволенымі».

Калі гэта адбудзецца, то праваабаронцы будуць патрабаваць, каб прынятыя ў дачыненьні да Емяльянава і Комара меры і судовыя рашэньні былі неадкладна перагледжаныя і каб фактары непрапарцыйнасьці пакараньня былі ліквідаваныя.

Іван Комар
Іван Комар

Якое пакараньне было б адпаведным?

«Такі ўчынак патрабуе прававой кваліфікацыі, бо гэта ня мірнае выказваньне думкі і рэалізацыя правоў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права», — лічыць Валянцін Стэфановіч. Але, на ягоную думку, у гэтым выпадку было магчымае пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Для гэтага ёсьць некалькі падставаў.

«Шкода насіла мінімальны памер. Абодва абвінавачаныя не прыцягваліся раней да крымінальнай адказнасьці. Яны добраахвотна пагасілі шкоду», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Тое, што гэтыя фактары не былі ўлічаныя судом, можа быць падставай для таго, каб лічыць прысуд палітычна матываваным перасьледам, а Емяльянава і Комара — палітычнымі зьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG