Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі чалавек падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных анархістаў


Іван Комар (зьлева) і Мікіта Емяльянаў у судзе, архіўнае фота
Іван Комар (зьлева) і Мікіта Емяльянаў у судзе, архіўнае фота

Дзясяткі беларускіх журналістаў, мастакоў, фатографаў, культурных работнікаў і блогераў падпісалі адкрыты ліст, у якім выказваецца нязгода зь нядаўнім прысудам, вынесеным Мікіту Емяльянаву і Івану Комару.

Мікіта Емяльянаў увосень 2019 году кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менгарсуду. А пазьней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзьверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іван Комар нібыта ў гэты момант быў у суседнім сквэры.

Хлопцы кажуць, што зрабілі гэта, пратэстуючы супраць перасьледу палітычных зьняволеных.

12 лютага Мікіту Емяльянава і Івана Комара прызналі вінаватымі ў пашкоджаньні будынка, вырабе небясьпечнага прыстасаваньня, нанясеньні шкоды будынку і спробе такога ж злачынства. Абодвум прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шкоду, нанесеную будынку СІЗА, ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Шкоду ў 143 рублі, нанесеную будынку Менгарсуду, Емяльянаў кампэнсаваў раней.

Падпісанты ліста зьвяртаюць увагу на тое, што суд не праверыў заявы Комара пра прымус да дачы паказаньняў, пра жорсткае абыходжаньне і пагрозы катаваньнямі, а таксама на тое, што было парушанае права Емяльянава ня сьведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката

«Мы лічым, што Мікіта Емяльянаў і Іван Комар прыгавораны да празьмерна жорсткага пакараньня, якое зьяўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму», — гаворыцца ў лісьце. Падпісанты патрабуюць неадкладнага перагляду прысуду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

Адна з ініцыятараў ліста, журналістка Яўгенія Доўгая, патлумачыла Радыё Свабода, што бачыла ў сацыяльных сетках шмат абурэньня прысудам з боку калег-журналістаў, а таксама мастакоў і пісьменьнікаў. «Мне здаецца, што гэта вельмі важна — калі нарэшце мэдыйная супольнасьць салідарызуецца і паказвае, што яна нязгодная зь несправядлівым прысудам».

Яўгенія Доўгая адзначыла, што адвакаты змогуць далучыць гэты ліст пры апэляцыі: «І мне прыемна, што беларусы падпісваюць яго».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG